Што будзе з дзецьмі Святланы Ціханоўскай

За спінамі герояў звычайна ёсць нябачнае войска — людзі, якія вырашаюць прыземленыя побытавыя праблемы, пакуль героі ўласна геройствуюць. Таму ў нашай палітыцы так шмат герояў і так мала гераінь — за жанчынамі вельмі рэдка калі ёсць якасны тыл, піша Наста Захарэвіч на «Свабодзе».

324b4f4f_3f43_460f_ac47_3c1ce12b5e65_cx0_cy16_cw0_w1023_r1_s.jpg

І гэта не прыродны расклад, а цалкам сацыяльна сфармаваны феномен: жанчыны традыцыйна (і, як правіла, паралельна з працай) займаюцца хатнімі клопатамі, сярод якіх — абслугоўванне дзяцей і, пры неабходнасці, іншых родных. У мужчын дзякуючы гэтаму з’яўляецца шмат дадатковых магчымасцяў для самарэалізацыі і рызыкоўных рашэнняў. Дзякуючы жонкам яны могуць рызыкаваць, бо тыя іх прыкрыюць — будуць шукаць адвакатаў, насіць перадачы, супакойваць старых бацькоў і гадаваць дзяцей. Не заўжды схема працуе менавіта такім чынам, але апісаны мной сцэнар даволі распаўсюджаны.

І калі жанчына не робіць рэзкіх рухаў у палітыцы, яе можна, канечне, абвінаваціць у нясмеласці і адсутнасці дастатковай рашучасці. Але перад гэтымі абвінавачваннямі варта прыглядзецца больш уважліва да яе жыцця і паспрабаваць адказаць на пытанне, чым і кім яна рызыкуе.

Яскравы прыклад у цяперашняй выбарчай кампаніі — гэта сям’я Ціханоўскіх. Да затрымання Сяргей быў вельмі актыўным і, можна сказаць, бясстрашным. Святлана паводзіць сябе інакш. Верагодна, адыгрывае ролю яе характар у цэлым, але нельга ігнараваць і вельмі шчырае і прагматычнае пытанне: «А што будзе з дзецьмі?»

Што будзе з дзецьмі, калі распачнецца моцны ціск на саму Святлану? Дзе яны будуць жыць, што яны будуць есці, хто будзе дзьмуць на іх разбітыя каленкі і хто будзе цалаваць іх перад сном?

З інтэрв’ю са спадарыняй Святланай вынікае, што Сяргей раней шмат працаваў за мяжой, яны маглі падоўгу не бачыцца, так што паўсядзённае жыццё дзяцей не надта змяняецца ад таго, на волі іх бацька ці не. Яго не было часамі раней, няма і цяпер. А вось калі пачнуць па-сапраўднаму ціснуць на Святлану, зменіцца ўсё.

Я не хачу ацэньваць, ці добры бацька, муж і сын Сяргей Ціханоўскі. Я проста адзначаю, што ён можа сабе дазволіць рызыкаваць, бо побытавыя праблемы Святлана вырашыць за яго. А вось сама Святлана, баюся, не можа пахваліцца такім жа ўзроўнем свабоды. Як кажуць, лішніх дзяцей ёй не выдалі, так што гэтых трэба берагчы.

І можна доўга разважаць, што Сяргей — адчайны і бясстрашны змагар, варты безумоўнай павагі, а Святлана — «проста» напужаная маці і жонка, збольшага абыякавая да палітыкі. Але яна робіць роўна тое, што можа сабе дазволіць, не ігнаруючы пры гэтым вельмі прыземленыя і нерамантычныя паўсядзённыя патрэбы дзяцей і звязаныя з гэтым яе абавязкі.

Размеркаванне сямейных абавязкаў — гэта сістэмнае гендарная праблема, якую вельмі лёгка ігнараваць, спісваючы ўсё на асаблівасці характару асобна ўзятых людзей. Тое ж самае тычыцца і невялікай колькасці жанчын на вяршынях палітычнага актывізму. Ёсць вялізная спакуса спісаць усё на тое, што мы не надта амбітныя па прыродзе і ў нас не хапае матывацыі і цярплівасці, каб трываць рэпрэсіі. Але справа ў тым, што жанчыны часцей думаюць не толькі пра ўласныя амбіцыі, але і пра наступствы ўласнай дзейнасці для людзей, якія ад іх (нас) залежаць.

У гераінь вельмі часта няма войска за спінай.