Што святкуюць і супраць чаго пратэстуюць беларусы 7 лістапада
7 лістапада ў Беларусі адзначаецца дзяржаўнае свята — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Апроч Беларусі, на афіцыйным узроўні гэты дзень адзначаюць толькі ў Кіргізстане.
У Менску традыцыйна 7 лістапада сьвяткуюць камуністы з савецкімі сьцягамі, партрэтамі Сталіна і Леніна. Нешматлікія мітынгі праходзяць каля помнікаў Уладзіміру Леніну і Феліксу Дзяржынскаму. Відавочна, што беларусы не адзначаюць гэты дзень з такім размахам, як, напрыклад, 9 траўня ці 3 ліпеня.
У найноўшай гісторыі беларусы афіцыйна не адзначалі 7 лістапада на працягу трох год — з 1992 па 1995. На пачатку існавання незалежнай Беларусі законам ад 19 снежня 1991 году быў усталяваны новы святочны каляндар, у якім налічвалася 10 святаў. З былых савецкіх у ім засталіся Дзень жанчын 8 сакавіка, Дзень працоўных 1 траўня і Дзень Перамогі 9 траўня. Свята 7 лістапада, такім чынам, было тады скасаванае. Але Аляксандар Лукашэнка вярнуў яго ў 1995 годзе, рыхтуючыся да рэфэрэндуму аб змене сымболікі.
Як паведамляе БелаПАН, 3 лістапада Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі выступіла з прапановай адмяніць сьвяткаванне 7 лістапада на дзяржаўным узроўні ці хаця б перайменаваць яго паводле расійскага аналагу ў Дзень прымірэння і згоды.
«Гэта свята не нацыянальнага маштабу, а канкрэтнай палітычнай групоўкі — камуністычнай партыі. Яны могуць абсалютна свабодна святкаваць і 7 лістапада, і дзень нараджэння Уладзіміра Ілліча Леніна. Але скажам проста — гэта карпаратыўнае, а не дзяржаўнае сьвята. Любая рэвалюцыя, у тым ліку і Кастрычніцкая, нясе смерць, вайну і гвалт. Добрых рэвалюцыяў не бывае», — гаворыцца ў заяве.
Разам з тым у ЛДП лічаць, што Камуністычнай партыі «час ужо перастаць расказваць казкі пра ідэю Вялікага Кастрычніка».
«Мы не павінны забываць дзень 7 лістапада. Для кагосці гэта свята, для кагосці дзень смутку», — падкрэсьліваюць у ЛДП.
Студэнцкі прафсаюзны камітэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі распаўсюджвае сярод студэнтаў абвестку з запрашэннем 7 лістапада «аддаць даніну памяці дзядулю Леніну за наша цяперашняе ўладкаванне».
«7 лістапада — Дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі! Раніцай, у 9.30 чакаем усіх прыхільнікаў Свабоды, Роўнасьці і Братэрства, каб аддаць даніну памяці нашаму дзядулю — Уладзіміру Іллічу за наша цяперашняе ўладкаванне грамадства. Збор на пл. Леніна (каля помніка Леніну, каля Дома ўраду)».
Як паведаміў старшыня прафкаму Акадэміі музыкі Вадзім Матлаш, хоць удзел у мерапрыемстве залічваецца як адпрацоўка, звычайна прыходзіць не вельмі шмат студэнтаў:
«Так склалася, што штогод мы супрацоўнічаем з выхаваўчым аддзелам, са студэнцкай радай і іншымі органамі студэнцкага самакіравання Акадэміі музыкі, каб арганізаваць адзначэнне 7 лістапада. Сумесна мы ходзім на плошчу да помніка Леніну, ускладаем кветкі. Гэта ідэалягічнае мерапрыемства, таму мы лічым сваім абавязкам у ім удзельнічаць. Звычайна збіраецца чалавек 5–7 — гэта выходны дзень і шмат хто едзе дахаты, а таксама ня ўсім падабаюцца такія імпрэзы».
Як перадае БелТА, з нагоды Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада Менскі трактарны завод ладзіць маштабнае святкаванне.
У праграме — прэзэнтацыя новай мадэлі трактара «Беларус-4522» з удзелам байкераў. Таксама адбудзецца спаборніцтва асілкаў з Беларусі, Расеі, Украіны і Злучаных Штатаў Амэрыкі, якія паспрабуюць усталяваць сусьветны рэкорд па трэк-пулу з дапамогай гэтай цяжкай машыны.
На гэты ж дзень заплянавана адкрыццё помніка Леніну. Раней ён стаяў на тэрыторыі заводу, з 7 лістапада размесціцца ў скверы «70 гадоў МТЗ».
Менскія гарадскія ўлады выказалі сваё стаўленне да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, забараніўшы старшыні руху «За свабоду» Юрасю Губарэвічу, старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку і аднаму з сузаснавальнікаў БХД Віталю Рымашэўскаму зладзіць жалобную акцыю ў цэнтры гораду.
Палітыкі маюць намер усё ж адзначыць дзень памяці і смутку і заклікаюць прыходзіць 7 лістапада ў 12.00 да будынку КДБ, «каб ушанаваць памяць ахвяраў НКВД, КДБ і злачыннага савецкага камуністычнага рэжыму».
З нагоды Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі ў панядзелак 7 лістапада Віртуальны музэй савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі запрашае наведаць два мерапрыемствы: экскурсію ў Курапаты і прэзэнтацыю фільма Віктара Корзуна «Суд над камунізмам. Пачатак».
Гісторык і даследнік сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузняцоў заўважае, што ў гэтым годзе актывізаваліся і дзяржаўныя ідэолагі, якія «ствараюць пазытыўны вобраз Леніна», і дэмакратычныя сілы, якія выступаюць супраць адзначэння Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі і за распаўсюд інфармацыі пра ахвяраў камуністычнага рэжыму ў Беларусі:
«Беларусь і Кіргізстан — дзьве краіны з постсавецкіх, якія да гэтага часу афіцыйна адзначаюць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Да таго ж Беларусь — адзіная краіна, дзе не толькі захаваўся, але і паспяхова дзейнічае КДБ.
Доўгія гады 7 лістапада ў Беларусі адзначалі толькі камуністычныя партыі — КПБ і «Справядлівы свет». Яны ўскладалі кветкі да помніка Леніну, і ніякіх іншых імпрэзаў не было. Апазіцыя таксама ніякай актыўнасці не выяўляла. Напэўна, таму, што была занятая выбарамі, дый увогуле не лічыць нацыянальную гісторыю сваёй тэмай.
У гэтым годзе назіраем пэўныя зрухі. З аднаго боку, улада актывізавала ідэалагічны складнік — ствараецца і навязваецца моладзі пазытыўны вобраз Леніна як ідэальнага кіраўніка. Зразумела, што ва ўмовах, калі альтэрнатыўнай інфармацыі ў падручніках па гісторыі няма, гэты працэс даволі небяспечны. З іншага боку, упершыню актывізаваліся партыі і рухі, ідэалогія якіх супярэчыць таму сэнсу, які нясе Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэта вельмі добра, хоць няма сістэмнага падыходу і палітыкі нават не раяцца з гісторыкамі адносна фармату акцыяў. Станоўчы момант у тым, што людзі пачынаюць разумець: без нацыянальнай самасвядомасці для народу няма ніякіх перспектыў. Налета будзем адзначаць 100 год Кастрычніцкага перавароту, праз два гады — 80-годдзе Вялікага тэрору. Гэта нагоды для таго, каб яшчэ больш папулярызаваць гэтую тэму ў беларускім грамадстве».
Ігар Кузьняцоў дадаў, што, на добры лад, у Беларусі трэба больш папулярызаваць адзначэнне Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 29 кастрычніка, чым змагацца супраць адзначэння 7 лістапада:
«Тут ізноў Беларусь выключэнне. На ўсёй постсавецкай тэрыторыі толькі ў нашай краіне няма афіцыйнага дня ўшанавання памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў».
Паводле svaboda.org