Яшчэ больш справядлівасці і роўнасці. Лукашэнка павіншаваў беларусаў
Тэкст віншавання апублікавала прэс-служба кіраўніка краіны. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, у ХХ стагоддзі гэтая падзея займае асаблівае месца.
«Яна зрабіла значны ўплыў на хаду сусветнай гісторыі і вызначыла лёс многіх народа. Даступныя сацыяльныя выгоды, ідэалы раўнапраўя, міру, міжнацыянальнай згоды, якія склаліся ў савецкую эпоху, актуальныя і дагэтуль. СССР ажыццявіў магутны рывок у развіцці прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, касмічных тэхналогіяў, заклаўшы падмурак для цэлых галінаў вытворчасці, новых напрамкаў даследаванняў. Поспехі Савецкага Саюзу ў сферы культуры і спорту сталі здабыткам чалавецтва і прынеслі краіне сусветную славу», — гаворыцца ў віншаванні.
У віншаванні кіраўнік Беларусі выказаў меркаванне, што беларусы «ганарацца працоўнымі подзвігамі, воінскім гераізмам, навуковымі адкрыццямі савецкага часу», ды імкнуцца захаваць усё лепшае, што дасталася ім ад папярэднікаў, якія вызначылі сваімі прыярытэтамі такія каштоўнасці, як справядлівасць, праца, роўнасць.
«З намі бясцэнны досвед папярэдніх пакаленняў, а значыць, нам многае па плячы», — адзначыў Лукашэнка.
У 2012 годзе Аляксандр Лукашэка пераконваў, што «Ленін жывы». Дакладней, ягоныя ідэі.
«Нельга ганіць таго, што было ў 1917 годзе, і пускаць пад нож тыя добрыя ідэі, з якімі ішлі Уладзімір Ілліч Ленін і ягоная каманда на гэтую рэвалюцыю», — пераконваў кіраўнік краіны.
Тады Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў СССР былі рэпрэсіі ды забойствы людзей, але гэта, на ягонае меркаванне, не перакрэслівае тых ідэяў і лозунгаў, з якімі здзяйснялася Кастрычніцкая рэвалюцыя.
Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца 7 лістапада і з’яўляецца дзяржаўным святам у Беларусі.
belsat.eu, паводле president.gov.by