Таварыства аховы помнікаў просіць дапамогі

У заяве ад 17 лютага старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч заклікаў СМІ і грамадскасць падтрымаць грамадскае аб’яднанне.

У заяве ад 17 лютага старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч заклікаў СМІ і грамадскасць падтрымаць грамадскае аб’яднанне.


У заяве зазначаецца, што таварыства — адзіная спецыялізаваная арганізацыя ў Беларусі, якая паслядоўна і прынцыпова адстойвае права на існаванне нацыянальных помнікаў гісторыі і культуры, выяўляе факты парушэння заканадаўства ў гэтай галіне з боку дзяржаўных органаў, выкрывае непасрэдна вінаватых у знішчэнні гісторыка-культурных каштоўнасцяў.


«Незалежная грамадская ініцыятыва і аўтарытарная форма кіравання на ўсіх узроўнях беларускай дзяржавы — рэчы несумяшчальныя. І, як вынік, спробы на працягу гадоў аслабіць кволую грамадзянскую супольнасць, звесці ў нішто патэнцыял уплывовых грамадскіх аб’яднанняў праз прававы, эканамічны, інфармацыйны і іншы ўціск», — гаворыцца ў заяве.


Яе аўтар нагадвае, што ў 2004 годзе дзяржава незаконна нацыяналізавала будынак у Траецкім прадмесці сталіцы, адроджаны за сродкі аб’яднання, потым зрабіла былога інвестара арандатарам, а напрыканцы 2008 года канчаткова выселіла таварыства з гэтага будынка.


Паводле слоў Астаповіча, архіў таварыства, які змяшчае навуковую, прававую і фінансавую інфармацыю, часова перамешчаны ў памяшканне на гары былога будынка аб’яднання па вуліцы Старажоўская, 5. І зараз балансатрымальнік будынка КУП «Мінская спадчына» пад пагрозай вывазу архіва на сметнік патрабуе тэрмінова вызваліць гэтае неўладкаванае памяшканне, падкрэсліваецца ў заяве. Старшыня таварыства лічыць, што тэрміновасць патрабаванняў «Мінскай спадчыны» выклікана, у першую чаргу, дзейнасцю аб’яднання па выкрыцці і абнародаванні фактаў парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў Мінску і краіне.