Таварыства беларускай школы зліквідавалі на ягонае 100-годдзе

Вярхоўны суд на пазоў Міністэрства юстыцыі зліквідаваў Таварыства беларускай школы (ТБШ). У незалежнай Беларусі арганізацыя мела легальны статус апошнія чвэрць стагоддзя і сёлета магла адзначыць 100-гадовы юбілей сваёй дзейнасці, піша Свабода.

c6f69b86_6e19_4e05_80c3_e535ab0432af_cx0_cy40_cw0_w1023_r1_s.webp


Сярод прэтэнзій Міністэрства юстыцыі — нібыта несапраўдны юрыдычны адрас, бо вярталася карэспандэнцыя, а таксама тое, што не апублікавалі справаздачу дзейнасці за неабходны прамежак часу.
Гэта ўжо другая афіцыйная забарона ў гісторыі аб’яднання. Роўна 85 гадоў таму адпаведнае распараджэнне выдала польская адміністрацыя, а якраз у «Дзень народнага адзінства» тое самае зрабіла ўласная дзяржава.
Намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч на «расправу» адрэагавала па-філасофску.
«Давайце лічыць гэта прызнаннем. Значыць, нашы настаўнікі рабілі ўсё правільна. Аб'ектыўна кажучы, і так шмат паспелі за гэтыя 25 гадоў. Таму будзем лічыць, што гэта чарговы перапынак на таталітарызм, з трэцяга разу дакладна ўсё атрымаецца», — перакананая яна.
Датай заснавання Таварыства беларускай школы лічыцца 22 лютага 1921 году, калі Цэнтральная школьная рада ў Вільні прыняла адпаведную пастанову дзеля актывізацыі працы на месцах. Галоўны напрамак палягаў у «развіцці беларускай асветы».
Згодна са статутам, ТБШ мела права адкрываць і ўтрымліваць народныя школы, праводзіць курсы для непісьменных дарослых, утрымліваць настаўніцкія семінарыі, аказваць вучэбна-метадычную і грашовую дапамогу.
Новая ініцыятыва заявіла пра сябе надзвычай актыўна: адкрывала народныя дамы з бібліятэкамі, наладжвала працу гурткоў творчай самадзейнасці, удзельнічала ў падрыхтоўцы вучэбных дапаможнікаў, арганізавала кнігавыдавецкую дзейнасць — балазе ў Вільні запрацавала сваё выдавецтва.
Першую суполку ў цяперашніх межах Беларусі заснаваў 7 снежня 1921 года ў Радашкавічах мовазнаўца, будучы акадэмік Браніслаў Тарашкевіч. Некалькімі гадамі раней ён выдаў «Беларускую граматыку для школ», якая адыграла выключную ролю ў станаўленні літаратурнай мовы і вытрымала некалькі перавыданняў. Яшчэ адной знакавай фігурай у супольнай справе стаў Аляксандар Уласаў, выдавец-рэдактар «Нашай Нівы», гаспадар суседняга маёнтку Мігаўка. Пасля ўваходжання ў верасні 1939-га Заходняй Беларусі да БССР лёс абодвух склаўся трагічна.
Следам за далучэннем Віленскага краю да Польшчы пачаўся наступ на беларускую асвету. Працяглы час моўным рупліўцам удавалася адбіваць атакі прымусовай паланізацыі, пашыраючы свой уплыў па ўсёй Заходняй Беларусі.
У немалой ступені гэтаму спрыяла тое, што пасля выбараў у Сейм у лістападзе 1922 году паўстала ўплывовая фракцыя «Беларускі пасольскі клуб», чальцамі якой сталі актыўныя сябры ТБШ Браніслаў Тарашкевіч, Аляксандар Уласаў, Пятро Мятла, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Адам Станкевіч, Антон Аўсянік, Фабіян Ярэміч, Павал Валошын ды іншыя. Такім чынам, беларускае навучанне займела парламенцкую падтрымку.

Спыніць беларусізацыю — вырашыць праблему

У красавіку 1923 году адбыўся з'езд педагогаў беларускіх гімназій, які прыняў рэзалюцыю: мэта нацыянальнай школы — выхаванне праўдзівага інтэлігента. На акупаваных землях пашыралася думка, што толькі школа на роднай мове забяспечыць неўміручасць народу. Як вынік, да вясны 1925-га Цэнтральная школьная рада зарэгістравала 6524 дэкларацыі аб навучанні па-беларуску 10 тысяч дзяцей.
Польскі ўрад паспрабаваў перахапіць ініцыятыву, прыняўшы «Закон аб мове і арганізацыі школьнай справы». Фармальна дакумент павінен быў палепшыць становішча нацыянальных меншасцяў, аднак Браніслаў Тарашкевіч ахарактарызаваў яго катэгарычна: «Фікцыя дзеля заспакаення еўрапейскай грамадскасці і пад ціскам Лігі Нацый».
У верасні 1926 года адбыліся выбары Галоўнай управы ТБШ. У яе склад увайшлі ўжо згаданыя Браніслаў Тарашкевіч, Пятро Мятла, часты госць Мігаўкі, вядомы фалькларыст і грамадскі дзеяч Рыгор Шырма, а за старшыню абралі Радаслава Астроўскага.
Таварыства аказвала дапамогу Віленскай, Клецкай, Навагрудскай, Радашкавіцкай ды іншым гімназіям і пачатковым школам, а таксама накіроўвала моладзь (часта нелегальна) на вучобу за мяжу, у тым ліку ў БССР. Да 1930 году ў структуры ТБШ працавалі ўжо 483 гурткі, якія аб’ядноўвалі больш за 15 тысяч чалавек.
Наіўна было разлічваць, што польская адміністрацыя заплюшчыць вочы на рост нацыянальнай свядомасці і ўсё мацнейшую палітызацыю арганізацыі. Выхад з-пад кантролю чакана прывёў да маштабных рэпрэсій з арыштамі і працяглымі тэрмінамі зняволення.
Нейтралізацыя чальцоў Галоўнай управы стала пунктам невяртання. Спынілі існаванне шэраг пачатковых школак, а следам і беларускія гімназіі ў Радашкавічах (1929), Клецку (1931), Наваградку (1934). Канчатковым ударам па пазіцыях арганізацыі стала яе афіцыйная забарона 2 снежня 1936 году. Апошнім кіраўніком ТБШ пад Польшчаю аказаўся Рыгор Шырма.

Расейскі дыктат — бонус да «вызвольнай місіі»

У выніку «вызвольнай місіі» Чырвонай арміі і далучэння Заходняй Беларусі да БССР здарылася іншая навала. Пакуль Масква была заклапочаная вынішчэннем слядоў «панскай Польшчы», пачатковая і сярэдняя школа заставаліся беларускамоўнымі. Але затым гісторыя паўтарылася, толькі гэтым разам ужо з расійскім дыктатам.
Найбольш актыўных чальцоў нацыянальнага руху, як Браніслава Тарашкевіча і Аляксандра Ўласава, ліквідавалі фізічна. Па вайне падхапіць эстафету Таварыства беларускай школы ўжо не было каму, хоць сітуацыя горшала на вачах.
Родную мову паступова выкаранялі з усіх сфераў ужытку, асвета пайшла пад нож ці не першай. Спачатку ў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а да канца 1970-х ад яе пазбавіліся ў гарадах, пакінуўшы моўныя выспы толькі ў вясковых школах.
Адрадзілася Таварыства беларускай школы праз доўгія 60 гадоў, ужо за часамі дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Праўда, лякальныя спробы былі і раней, разам з уздымам нацыянальнага руху ў 1980-я. Адной з першых грамадскіх акцыяў «Беларускай Майстроўні» стала вяртанне да тактыкі ТБШ: у Мінску з ініцыятывы Віктара Івашкевіча маладыя актывісты пайшлі ад дзвярэй да дзвярэй, каб сабраць подпісы за беларускамоўнае навучанне.
На хвалі нацыянальнага абуджэння на пачатку 1990-х за рэанімацыю ТБШ узяўся этнограф, кандыдат філалагічных навук Алесь Лозка. Статус адзінай дзяржаўнай мовы абяцаў шырокі фронт дзейнасці. Але ганебны рэферэндум 1995-га з узаконеным «двуязычием» перакрэсліў спадзевы на шырокую беларусізацыю.
Тым не меней 22 сакавіка 1996-га Ўстаноўчая асамблея арганізацыі прыняла Статут, а 30 жніўня таго ж году Міністэрства юстыцыі выдала старшыні ТБШ Алесю Лозку дзяржаўнае пасведчанне аб рэгістрацыі № 0760. Праўда, давялося скарэктаваць планы і ўжо не столькі спрыяць працы беларускіх школаў, садкоў, летнікаў, як дэкларавала першапачатковая місія, колькі бараніць іх.
Намесніца старшыні Таварыства беларускай школы, рэдактарка сайту Nastaunik.info Тамара Мацкевіч
У наступныя гады адбываліся планавыя перарэгістрацыі, пакуль напярэдадні 100-гадовага юбілею арганізацыя разам з іншымі грамадскімі ініцыятывамі не патрапіла пад татальную зачыстку з боку дзейнага рэжыму.
Не абмінула хваля ператрусаў і лідара арганізацыі Алеся Лозку, і ягоную намесніцу Тамару Мацкевіч. Дыскрымінацыя ўсяго беларускага выйшла на фінішную прамую...