Трэшачок тыдня. «Педафілы» на ТБ, Зімбабвэ становіцца бліжэй

Чым далей дэградуе рэжым Лукашэнкі, тым болей агратрэшу генерыруе «прэзідэнцкі народ», атачэнне дыктатара і ён сам. Працягваем збіраць найлепшыя рэпрызы ў беларускім тэатры абсурду.

1__1__26.jpg

На БТ расказалі фэйк пра тое, што дзяцей у Брытаніі вучаць сябраваць з педафіламі

Беларускае тэлебачанне працягвае мацаваць свой карыкатурны вобраз. Грамадства ведала яго прапагандысцкую сутнасць яшчэ да выбараў 2020-га, калі сацыялогія паказала надзвычайна нізкі ўзровень даверу да «тэлевізара». Але як мінулыя падзеі паскорылі выраджэнне рэжыму, гэтак жа дэградзіравалі і лукашэнкаўскія ідэалагічныя бастыёны. Нездарма беларусы кажуць, гледзячы на Азаронка: раней тэлеагітатары былі больш людскія — хлусілі, але неяк без залётаў у шызафрэнію.
Надоечы такі залёт зноў адбыўся на БТ. Там чарговы раз распавялі пра норавы бездухоўнага Захада — гэтым разам на прыкладзе Вялікабрытаніі, дзе дзяцей нібыта вучаць не баяцца педафілаў, а сябраваць з імі.
Дзяржаўнае тэлебачанне, якое існуе на грошы падаткаплацельшчыкаў, увяло гэтым падаткаплацельшчыкам у вушы, што ў Брытаніі выпусцілі адмысловую брашуру, якая заклікае прыязна ставіцца да незнаёмых мужчын. Нібыта там сказана, што «ён не зробіць табе нічога дрэннага», што «не трэба крычаць і плакаць, гэта можа абразіць пачуцці незнаёмца», што нельга называць яго педафілам, а трэба «спазнаць яго лепш»… Ну і гэтак далей.
Залішне казаць, што ўсё гэта — падман і лухта. Як заўважыла «Н*ша Ніва», беларускія прапагандысты запазычылі фэйк у адыёзнага расійскага сайта «Царьград». А той аніякіх спасылак на першакрыніцу не даў, бо той першакрыніцы не існуе. «Інфармацыя» прыдуманая ад пачатку да канца, што з’яўляецца звычайнай практыкай расійскіх памыйных медыя
Ну а якое жыццё насамрэч у Вялікабрытаніі, лепей разумець не са слоў, а з дзеянняў тых жа расійскіх афіцыйных асоб. Пуцінскія чыноўнікі, бізнесмены і прапагандысты шмат гадоў актыўна набываюць у Англіі жытло, вучаць там сваіх дзяцей і хаваюць свае актывы.

Генпракуратура налічыла 400 «нацысцкіх злачынцаў» і хоча «прававой дапамогі»

genocid.jpg


Вядома, вы ўжо бачылі навіну пра чарговы параксізм Генеральнай пракуратуры ў працэсе выкрыцця злачынцаў, якія ўчынілі «генацыд беларускага народа» падчас Другой сусветнай вайны.
Маўляў, знайшлі «не менш як 400 жывых нацысцкіх злачынцаў» і «накіравалі 60 просьбаў аб аказанні прававой дапамогі» ў «18 краін». Сярод адрасатаў — Канада, ЗША, Вялікабрытанія, Аргенціна, Бразілія, Аўстралія, Літва, Латвія… Дзве апошнія краіны ўжо адмовілі (лічы — паслалі) ведамству Андрэя Шведа ў задавальненні патаемных ідэалагічных жаданняў, няма сумнення, што адмовяць (пашлюць) і астатнія.
Тут цікава нават не тое, што чатыры сотні састарэлых (самым маладым павінна быць пад сто гадоў) гітлераўскіх нацыстаў не можа налічыць нават Цэнтр Сымона Візенталя. Лічыць — гэта рэжым умее, тут і да Лідзіі Ярмошынай не хадзі. Але калі вы ведаеце пра 400 злачынцаў, то апублікуйце іх прозвішчы. Што перашкаджае? Агучце, каб сорамна стала ЗША да Бразіліі, якія пакрываюць забойцаў.
Нешта падказвае: анічога яны не агучаць. Бо будзе, як з Дудай, на чыйго дзеда прапаганда спусціла шмат сабак, але мана выявілася ў два клікі. Так будзе і тут. Смяхотнасць «базы нацыстаў» ад крэатыўнага генпракурора стане відавочнай вельмі хутка і абавязкова ператворыцца ў мем. Таму лепш казаць агульнымі лічбамі, можа, нейкі дурань і паверыць.

У адным з двароў Наваполацка пафарбавалі лаўкі ў колеры расійскага сцяга

photo_2022_08_21_13_41_56_1t0iw.jpg

Адзін з двароў у Наваполацку ўжо падрыхтавалі да ўваходу ў склад Расіі. Чыёйсьці клапатлівай рукой там размалявалі лаўкі ў колеры расійскага дзяржаўнага сцяга. Кажуць, што тая рука расце з тулава старшыні жыллёвага кааператыва і перад тым, як узяцца за пэндзаль, яна залезла ў агульную кішэню жыхароў дома на вуліцы Маладзёжнай. На грошы, якія людзі штомесяц выдаткоўваюць на добраўпарадкаванне, дзядзька і стварыў мастацтва ў падтрымку, не іначай, расійскай акупацыі ва Украіне.
Тое, што лукашэнкаўцы прама і ўскосна трансліруюць апалагетыку развязанай Пуціным вайны, сакрэтам не з’яўляецца. Уключыце Азаронка (лепш не трэба) ці якую іншую прапаганду — і на вас выльецца мутны струмень звычайных наратываў з рэпертуару расійскага агітпрапа. Пра ўкранацыстаў, вызваленне «гістарычных зямель» і іншае антынавуковае цемрашальства.
Іншая справа — што гэтая агітацыя за «Расію-матухну» ў адным канкрэтным месцы спусцілася на самы нізавы ўзровень. Узровень двароў, дзе людзі праводзяць значную частку сваёй паўсядзённасці. І тут варта ўзгадаць інфармацыю, якая з’явілася колькі месяцаў таму. Пра тое, што старшынь жыллёвых таварыстваў пачалі цягаць у КДБ на «гутаркі» — пра дабрадзейнасць іх саміх і адпаведных жыхароў. Бо дваровыя чаяванні 2020-га — гэта ж страшны экстрэмізм з печывам Дзярждэпа.
Вось чым скончыліся, відаць, тыя «гутаркі» — расійскім трыкалорам на лаўках. Палатно, масла, імперская каша ў галаве.

Зімбабвэ будзе прызнаваць беларускія дыпломы

00291696_707eca19878c419d5dbfc3f2658231cf_arc614x376_w735_us1.jpg


Вось вы кажаце, што ўлады не клапоцяцца аб моладзі. А яны яшчэ як клапоцяцца. І ўжо амаль вырашылі вельмі надзённае пытанне — аб прызнанні беларускіх дыпломаў у Зімбабвэ. Адпаведная дамоўленасць, як пішуць у афіцыйных рэлізах, ужо дасягнута на дыпламатычным узроўні.
Што ведае пра Зімбабвэ банальная беларуская эрудыцыя. Тое, што прэзідэнтам там быў Роберт Мугабэ, які кіраваў 40 гадоў, супрацьстаяў «калектыўнаму Захаду» і сканаў у 95. І тое, што інфляцыя там на пэўным этапе вымяралася мільёнамі адсоткаў і мясцовая валюта ператваралася ў рэзаную паперу прама на вачах. Тут, канешне, ёсць чаму павучыцца, і адукацыйныя сувязі даўно напрошваліся.
Аднак не будзем кпіць з афрыканскай краіны. Нядобра гэта, дый палітычнае «мугабэ» там скончылася — новы кіраўнік дзяржавы перамог на выбарах з дэмакратычным паказчыкам у 50,8 адсоткаў. Слабак, што тут скажаш, не тое што адзін «моцны лідар» у цэнтры Еўропы.
Тут іншае адметна. Прырода ў міжнародна ізаляванай Беларусі настолькі ачысцілася, што стала цяжка знайсці сяброў і партнёраў бліжэй, чым Зімбабвэ. А так, прызнанне дыплома філфака БДУ ў Харарэ — менавіта тое, чаго так не хапала айчыннай сістэме адукацыі.