У Беларусь вярнуліся шчуркі-пчалаедкі – вясна прыйшла канчаткова!
Трэцяга траўня ў Беларусь вярнулася самая прыгожая і рэдкая птушка кампанii «Жывая вясна» – экзатычная шчурка-пчалаедка! Яе заўважыў у Мінскай вобласці Андрэй Гаршкоў, паведамляе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).
Пятага траўня калонію шчурак-пчалаедак заўважыў, таксама ў Мінскай вобласці, сябра АПБ Павел Новiкаў.
“Птушак я ўбачыў у вядомым месцы, на кар’еры ў Мінскім раёне. Заўважыць іх вельмі лёгка, а яшчэ лягчэй пачуць: такі гам стаіць! Прыляцела калонія, прыкладна каля 40 асобін”, – дзеліцца Павел Новiкаў.
Шчурка мае бліскучы сіне-зялёны колер. Гняздуецца звычайна ў кар’ерах ці ў пясчаных абрывах. Гнездаванне гэтых птушак адзначана ва ўсіх абласцях нашай краіны.
Калі вы ўбачыце гэтую яркую птушку, заносьце сваё назіранне на мапу “Жывой вясны”. На сайце “Жывой вясны” можна паглядзець веснавую міграцыю ў Еўропе ў руху, для кожнага віду асобна. Для Беларусі можна нават убачыць актыўнасць птушак і назіральнікаў па абласцях. У нашай краіне зарэгістравана ўжо больш за 800 назіранняў за птушкамі-вестунамі вясны.
Па мапе мы бачым, як вясна прыходзіць у розныя краіны кантынента. З прылётам шчуркі-пчалаедкі можна лічыць, што вясна канчаткова прыйшла ў Беларусь, бо шэсць астатніх птушак-вестуноў вясны ўжо тут: белы бусел (белый аист), вясковая ластаўка (деревенская ласточка), чорны свіргуль (черный стриж), зязюля (кукушка), ластаўка-зямлянка (береговая ласточка), вялікi зуёк (галстучник).
АПБ заклікае ўсіх быць уважлівымі і заносіць свае першыя сустрэчы з гэтымі прыгожымі птушкамі на анлайн-мапу.
Кампанія «Жывая вясна» ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement.