У Беларусі — 597 палітычных зняволеных!

Цяпер у краіне 597 палітычных зняволеных. Праваабаронцы ў сумеснай заяве прызналі восем новых асоб палітвязнямі.

photo_2021_07_29_18_13_18.jpg

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Аляксея Кудасава, Паўла Яіцкага, Уладзіміра Ганчарова, Алену Лысковіч, Вікторыю Лысковіч, Радзівона Кандрацюка, Віктара Казлоўскага і Паўла Ларчыка і спыніць іх крымінальны пераслед. А таксама неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

У заяве праваабаронцаў гаворыцца: «У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленні абвінавачанняў, заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (“Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”) Аляксею Кудасаву, Паўлу Яіцкаму, Уладзіміру Ганчарову, Алене Лысковіч, Вікторыі Лысковіч, Радзівону Кандрацюку, а таксама і па ч. 2 арт. 293 КК (“Масавыя беспарадкі”) Віктару Казлоўскаму, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумовыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат».

Праваабаронцы адзначаюць, што ацэньваюць «пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і прызнаюць іх палітычнымі зняволенымі.