Зняволеных журналістак Андрэеву і Чульцову ўганаравалі прэміяй за свабоду СМІ
Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ўзнагароджаныя за тое, што «сталі галасамі свабодных журналісцкіх рэпартажаў пры аўтакратычным рэжыме і пацярпелі за сваю працу», паведамляе «Свабода».
![Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ў судзе, 18 лютага 2021 г. Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ў судзе, 18 лютага 2021 г.](/img/v1/images/1d4ee1a3_873b_4df4_9246_9ae0eff4bc6d_w1023_r1_s.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ў судзе, 18 лютага 2021 г.
Лейпцыгская прэмія «За свабоду і будучыню СМІ» заснаваная
ў 2001 годзе ў памяць аб мірнай рэвалюцыі ў Лейпцыгу ўвосень 1989 года.
Прэмія ўручаецца ў кастрычніку ў Лейпцыгу, кожнай з журналістак прысуджаныя па 10 тысяч еўра. Як будуць уручаць прэмію сёлета, пакуль не зразумела.
Журналісткі «Белсата» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова — фігуранткі справы аб арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак.
Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Іх затрымалі 15 лістапада 2020 года пасля жывога эфіру з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў на «Плошчы Перамен» у Мінску.
Праваабаронцы прызналі журналістак палітзняволенымі. Яны адбываюць пакаранне ў папраўчай калоніі №4 у Гомелі.