У Беларусі будзе веласталіца
І гэта не абавязкова Мінск. Добрыя шанцы ў менш населеных
гарадоў. Гэтай карыснай рэвалюцыі актыўна спрыяе Мінскае роварнае
таварыства.
10–12 жніўня актывісты і эксперты гэтай грамадскай арганізацыі сабралі велааматараў з усёй Беларусі ў вёсцы Гранаўка недалёка ад Гомеля. Поруч з Міжнародным велафестывалем, які традыцыйна ўжо ладзілі на беразе Дняпра гомельскія актывісты веларуху, прайшло трохдзённае навучанне.
Эксперты паказвалі, як арганізаваны веларух у традыцыйна арыентаваных на двухколавы транспарт веламетраполіях, такіх як Амстэрдам і Берлін, у дэталях распавядалі пра беларускае няпростае развіццё і станоўчы досвед, які акрэсліўся літаральна ў апошні год.
“Прадстаўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ў супольнай паездцы ў Швецыі летась былі ў захапленні ад таго, што пабачылі. А ў Галандыі яны доўга глядзелі, як шматпалоснае скрыжаванне вуліц з дадатковай велапаласой з кожнага боку абыходзіцца без светлафора і толькі разгублена гукалі, маўляў, не можа быць, што гэта працуе!” — распавядаў велаэксперт Яўген Харужы.
Старшыня Мінскага роварнага таварыства Павел Гарбуноў патлумачыў, чаму ў Мінску вялікі поступ з веладарожкамі:
У сталіцы за кароткі прамежак часу на траціну павялічылася колькасць аўтамабіляў. З гэтай прычыны ў нас шмат прыхільнікаў сярод афіцэраў Дзяржаўтаінспекцыі. Многія чыноўнікі таксама ўсведамляюць жыццёвую неабходнасць нейкіх мер і з увагай ставяцца да нашых прапаноў. У свой час старшыня гарвыканкама Паўлаў валявым рашэннем дабіўся, каб зрабілі веладарожку па набярэжнай Свіслачы. Цяпер маем Раду пры гарвыканкаме па ўладкаванні веларуху, куды ўваходзяць нашы прадстаўнікі.
Са слоў Паўла, у роварнае таварыства ўваходзяць каля паўтысячы аматараў нечатырохколавага rovar’а, колькасць прыхільнікаў у сотні разоў большая. Паводле статыстычных даследаванняў, замоўленых таварыствам, у Мінску ў прыватнай уласнасці каля 800 тысяч веласіпедаў, ездзіць на вела штодня гатовы кожны трэці мінчук.
Годную канкурэнцыю адміністратыўнай сталіцы можа скласці Берасце (Брэст), дзе чатыры велаклубы. Тут і ў Полацку адбыўся прарыў у арганізацыі веларуху: з ініцыятывы Дзяржаўтаінспекцыі былі пакладзеныя велаполасы на праезнай частцы вуліц. Калі ў гістарычнай сталіцы нашых земляў чатырохкіламетровую паласу абаранілі ад агрэсіўных аўтамабілістаў бетоннымі паўсферамі, то ў крайнім паўднёвым абласным цэнтры пасля пабыўкі мясцовага начальніка абласной ДАІ ў Заходняй Еўропе пакарысталіся досведам Галандыі: аддзялілі многакіламетровую паласу двайной суцэльнай лініяй і на асобных участках супакоілі аўтамабільны рух, абмежаваўшы хуткасць.
Тут варта зазначыць некалькі рэчаў. Па-першае, Беларусь ці не адзіная краіна Еўропы, дзе раварыстаў выгналі на тратуары. Майстэрства язды на веліку само па сабе крыху цыркавое, а па нашых гарбатых пешаходных зонах велааматарам даводзіцца перакваліфікоўвацца ў эквілібр. Па-другое, у еўрапейскіх краінах на захад ад нас рэсурсы плоскай зямлі абмежаваныя. У нас не. У гэтым сэнсе, ёсць яшчэ адзін падрэсурс, даступны тут і зараз. У іх поласы руху маюць шырыню тры метры, у нас, як правіла, 3 метры 60 сантыметраў. Большая шырыня палос, паводле экспертаў, спрацоўвае для аўтамабілістаў як стымул “ліхачыць” і вядзе да большай колькасці ДТЗ. Так што “абразанне” да месца, і яно двойчы да месца, калі яно на карысць велапаласы. Па-трэцяе, горад і аўтамабіль усё менш пасуюць адно аднаму. На кароткія адлегласці веласіпед у горадзе яўна больш зручны від перамяшчэння ў прасторы. Па-чацвёртае, з’яўляюцца новыя віды транспарту – электравеласіпеды, гіраскутэры, і трэба з гэтым лічыцца. Эксперты на трэнінгу зацемілі, што яны відавочна робяць неаўтамабільныя поласы на праезнай частцы нашых вуліц і дарог яшчэ больш пажаданымі.
На майстар-класах пад Гомелем удзельнікі пасля знаёмства з перадавымі прынцыпамі ўладкавання веларуху распрацавалі прыкладную схему веладарожак для чатырох гарадоў Беларусі і прабілі велаполасы для чатырох асабліва закавырыстых вуліц Мінска.
Відавочна, што ў некаторых населеных пунктах дзейсна ўладкаваць веларух можна з удзельнымі меншымі выдаткамі, чым у густанаселенай сталіцы-мегаполісе. Так што пытанне веласталіцы застаецца адкрытым, нягледзячы на адносна добры стан мінскай велаінфраструктуры. Дарэчы будзе нагадаць, што веласталіцай Германіі прызнаны зусім не Берлін, а Мюнстэр. Горад мае параметры нашых абласных цэнтраў (больш за 300 тысяч жыхароў). Колькасць веласіпедаў у ім набліжаецца да 800 тысяч.
З нагодаю дзякую арганізатарам велазлёту за магчымасць распавесці пра “Кнігу скаргаў у пракуратуру на Дзяржаўтаінспекцыю”, у якой сабраў гадавую перапіску з інстанцыямі, адказнымі за бяспечную арганізацыю веларуху ў Брэсце, больш за 150 фатаграфій з гарадскіх вуліц Беларусі і яшчэ васьмі краін свету, перамежаныя белетрызаванымі, часткай, велагісторыямі і назіраннямі за некалькі дзясяткаў гадоў. Як мне падаецца, яе змест не аспрэчвае, а дапаўняе наробак арганізатараў велападзеі гэтага лета пад Гомелем. “Кніга…” мае пайсці ў людзі восенню.
Напрыканцы падам адзін з сайтаў Мінскага роварнага: rovar.info Там знойдзеце больш інфармацыі па тэме.
Берасце – Мінск – Гомель – Гранаўка – Берасце
Фота аўтара