У Беларусі з'явіцца амбудсмен па абароне правоў прадпрымальнікаў

 Інстытут па абароне правоў прадпрымальнікаў павінен запрацаваць у Беларусі з пачатку 2018 года.

homel_marsh_398_1_fota_maryna_drabyszeuskaja.jpg

Гэта прадугледжвае ўдакладненая Матрыца мер эканамічнай палітыкі і структурных пераўтварэнняў, на падставе выканання якой Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) прымае рашэнне аб выдзяленні Беларусі траншаў крэдыту.

У матэрыялах Еўразійскага банка развіцця, які кіруе сродкамі ЕФСР, гаворыцца, што кіраўнік фонду вітае ініцыятыву прадпрымальніцкіх колаў Беларусі па стварэнні інстытута ўпаўнаважанага па абароне правоў прадпрымальнікаў.

"Прыватным сектарам краіны ў 2016 годзе было створана больш за палову валавога дададзенага кошту, прытым што ў гэтым сектары было занята 39,4% эканамічна актыўнага насельніцтва і яму належала каля 31% асноўных сродкаў. Узмацненне абароны правоў найбольш прадукцыйнай часткі эканомікі праз інстытут амбудсмена будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці беларускай эканомікі ў цэлым", — гаворыцца ў матэрыялах ЕАБР.

Удакладненая Матрыца мер эканамічнай палітыкі і структурных пераўтварэнняў, згодна з якой ЕФСР у 2016—2017 гадах выдзяляе траншы крэдыту, прадугледжвае, што да 1 кастрычніка 2017 года Савет па развіцці прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь будзе надзелены функцыямі ўпаўнаважанага па абароне правоў прадпрымальнікаў, а да пачатку 2018 года інстытут амбудсмена ў краіне пачне працаваць.

Кіраўнікі беларускіх бізнэс-асацыяцый падзяляюць неабходнасць стварэння ў краіне інстытута па абароне правоў прадпрымальнікаў. Як адзначыў у каментары БелаПАН старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец, гэта тэма "і саспела, і пераспела, і гэты інстытут адназначна будзе карысны нашай краіне".

"У ідэале гэта павінен быць дзяржорган, які ўзначальвае ўпаўнаважаны па правах прадпрымальнікаў. У яго павінен быць апарат і рэгламентныя паўнамоцтвы, як гэта ёсць у Расіі, якія дазваляюць атрымліваць вычарпальную інфармацыю па спрэчных сітуацыях і адстойваць законныя правы прадпрымальнікаў на дзяржаўным узроўні", — лічыць Швец.

У такім выглядзе прапанова дзелавой супольнасці аб стварэнні інстытута ўпаўнаважанага па правах прадпрымальнікаў была перададзена вясной 2017 года ў Адміністрацыю прэзідэнта, паведаміў БелаПАН сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

"Упаўнаважаны можа згладзіць абуральныя праблемы, якія ўзнікаюць ва ўзаемаадносінах бізнесу і дзяржавы. Маючы адпаведныя паўнамоцтвы для звароту ў дзяржорганы, упаўнаважаны зможа, напрыклад, праверыць, наколькі пакаранне, якое прымяняецца ў дачыненні да бізнесу, адпавядае не толькі закону, але і здароваму сэнсу", — мяркуе Маргелаў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН