У Чарнобыльскай зоне працягваецца пажар — наколькі гэта небяспечна?
Праз падпал травы ў сёлах Жытомірскай вобласці пажар перакінуўся на зону адчужэння ЧАЭС, дзе гараць ужо 35 га. Якую пагрозу нясе стыхія і як прадухіліць падпалы — у DW.
У зоне адчужэння Чарнобыльскай атамнай станцыі чацвёрты дзень працягваецца пажар. Пажарным украінскай Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях (ДСНС) па стане на аўторак, 7 красавіка, удалося патушыць агонь на плошчы прыкладна ў пяць гектараў лесу, але на тэрыторыі зоны адчужэння гараць яшчэ 35 гектараў сухой травы і кустоў.
Улады запэўніваюць, што радыяцыйны фон за граніцамі ахопленых пажарам тэрыторый знаходзіцца ў межах нормы, аднак эколагі паказваюць на патэнцыйную небяспеку таго, што адбываецца і патрабуюць узмацніць адказнасць за падпалы.
Пажар прывёў да павышэння радыяцыйнага фону
Выканаўца абавязкаў старшыні Дзяржаўнай экалагічнай інспекцыі Украіны Ягор Фірсаў на сваёй старонцы ў Facebook прызнаў, што пажар прывёў да павышэння радыяцыйнага фону ў зоне адчужэння. "Паказчыкі прыбора складаюць 2,3 пры норме 0,14. Але такая сітуацыя толькі ў ачагу пажару", — напісаў Фірсаў. Галоўнае ўпраўленне ДСНС па Кіеўскай вобласці на сваім сайце паведамляе, што радыяцыйны фон у Кіеве і вобласці застаецца ў межах нормы, не перавышаючы натуральных фонавых значэнняў.
Аднак экс-кіраўнік Чарнобыльскага экалагічнага цэнтра Алег Бандарэнка ў інтэрв'ю DW указаў на важнасць іншых паказчыкаў. "Фон вонкавага выпраменьвання, даныя якога прыведзены, стварае глеба і навакольныя прадметы. А падчас пажару ў паветра падымаецца маса аэразоляў, якія з'яўляюцца шкоднымі самі па сабе і могуць уключаць радыяцыйна забруджаныя часціцы", — растлумачыў Бандарэнка. На яго думку, для прафесійнай ацэнкі сітуацыі варта параўноўваць канцэнтрацыю аэразоляў да і падчас пажару.
Па дадзеных Дзяржаўнага навукова-тэхнічнага цэнтра па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы, па стане на 5 красавіка падчас вымярэння, праведзенага ў горадзе Гастомель непадалёк ад Кіева, у паветры не было выяўлена павышанага ўтрымання радыенуклідаў.
У цэнтры паведамілі, што магутнасць гама-выпраменьвання складала "да 0,1 мікразівертаў у гадзіну, што адпавядае нармальнаму радыяцыйнаму фону". Гастомель з дапамогай мадэлявання вызначылі як аптымальную кропку з верагодным павышэннем паказчыкаў радыяцыі, таму замеры там сведчыць пра агульную сітуацыю ў Кіеве і прыгарадзе, адзначаецца ў паведамленні цэнтра. Дадатковыя вымярэнні плануюць правесці ў выпадку павелічэння плошчы пажару ў зоне адчужэння.
Прычыны пажару ў зоне адчужэння ЧАЭС
Кіраўнік галоўнага ўпраўлення ДСНС Украіны па Кіеўскай вобласці Васіль Слабадзянік прычынай пажараў у зоне адчужэння ЧАЭС назваў наўмысны падпал сухой травы жыхаром найбліжэйшай да зоны адчужэння вёскі Рагоўка, што ў Жытомірскай вобласці. Па паведамленні паліцыі, 27-гадовы мужчына прызнаўся, што тройчы падпальваў сухую траву для забавы, а калі агонь ветрам панёс яго далей, не змог патушыць вогнішча.
У раёне пасёлка Люціж, непадалёк ад зоны адчужэння, у мінулыя выходныя таксама ўспыхнуў пажар, які ўдалося хутка патушыць. Па словах Слабадзяніка, гэта адбылося ў месцы скаплення "каля ста аўтамабіляў з кіеўскімі нумарамі, пасажыры якіх выехалі смажыць шашлыкі".
Па дадзеных ДСНС, у гэтым годзе пасля бясснежнай зімы, дэфіцыту вясновых дажджоў і зніжэння ўзроўню грунтовых вод у зоне адчужэння назіраецца на траціну больш пажараў, чым у папярэднія гады. Галоўная іх прычына — чалавечы фактар. "У зоне адчужэння пастаянна затрымліваюць людзей, якія знаходзяцца там па невядомай прычыне, агонь часта перакідаецца на лясы з прылеглых тэрыторый, якія падпальваюць, я магу гэта амаль на сто адсоткаў сцвярджаць, самі людзі", — адзначыў Васіль Слабадзянік.
Неабходна павялічыць штрафы за падпалы травы
Эколаг Аляксей Васілюк мяркуе, што ўзмацненне адказнасці за падпалы травы можа пакласці канец гэтай з'яве. "Цяпер штрафы за падпалы сухастою складаюць ад 175 да 1700 грыўняў (6-60 еўра), што ў дзясяткі і сотні разоў менш штрафаў за парушэнне каранціннага рэжыму. Павелічэнне гэтых штрафаў можа хутка прывесці ў пачуццё парушальнікаў. Да таго ж гэтую працу закон ускладае на паліцыю, якая ўвесь час патрулюе і шукае парушальнікаў, а не на экалагічную інспекцыю, якая толькі рэагуе на выяўленыя парушэнні ", — дадаў эксперт.
Падтрымлівае ідэю павелічэння штрафаў і Ягор Фірсаў. "На першым жа пасяджэнні парламента дэпутаты павінны істотна падняць штрафы за падпал травы. За адсутнасць маскі зараз вас могуць пакараць на 17 тысяч грыўняў. А за падпал, які можа каштаваць камусьці жыцця (як ужо нядаўна адбылося на Жытоміршчыне), штраф мізэрны" , — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook. Фірсаў лічыць, што парламенту варта неадкладна прыняць даўно падрыхтаваны праект закона, які прадугледжвае павелічэнне штрафаў за падпалы ў сотні разоў. Інакш маштабныя пажары будуць і ў далейшым адбывацца кожную восень і вясну, папярэдзіў Фірсаў.
Паводле dw.com