У Германіі і Эстоніі выказаліся ў падтрымку незалежных журналістаў

Нямецкі саюз журналістаў запатрабаваў неадкладна спыніць пераслед беларускіх калег і вызваліць Юлію Слуцкую. Гвалт і рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі мусяць быць неадкладна спыненыя, заявіў міністр замежных спраў Эстоніі, паведамляе «Свабода».

40c03b63_4162_4ca1_92bd_a9100dbab60d_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.webp


Нямецкі саюз журналістаў запатрабаваў неадкладна спыніць пераслед беларускіх калег і вызваліць Юлію Слуцкую, перадае БелаПАН.

Старшыня Нямецкага саюза журналістаў Франк Юбэраль бачыць у крымінальным пераследзе заснавальніцы «Прэс-клубу» Юліі Слуцкай «шытую белымі ніткамі зачэпку, каб прымусіць замаўчаць вядомага крытыка лукашэнкаўскай дыктатуры».

Ад пачатку пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў затрымалі больш за 470 журналістаў, адзначаецца ў заяве НСЖ. «Гэта брутальная спроба спыніць крытычнае асвятленне падзеяў», — лічыць Юбэраль.

На Беларусь, падкрэсліў ён, распаўсюджваецца той жа пастулат, што і на іншыя краіны: «Свабода СМІ — усеагульнае фундаментальнае права».

Што такое «Прэс-клуб»

«Прэс-клуб» — гэта «пляцоўка для прафесійнага развіцця медыясупольнасці», «нефармальнае аб’яднанне медыяпрафесіяналаў, усіх тых, хто жадае ўдасканаліць журналісцкія ўменні і працаваць у рытме прафесійных стандартаў і трэндаў».

«Прэс-клуб» заснаваны ў 2011 годзе. У чэрвені 2014-га арганізацыя стала сябрам Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клубаў» (International Association of Press Clubs). У лістападзе 2015-га ў Беларусі зарэгістравалі культурна-асветніцкую ўстанову «Журналісцкая майстэрня Прэс-клуб».

«Прэс-клуб» арганізуе прафесійныя дыскусіі, трэнінгі, варштаты для журналістаў, займаецца медыяграматнасцю, маніторынгам і аналізам фэйкаў і прыкладаў прапаганды ў дзяржаўных медыя.

Юлія Слуцкая — заснавальніца і старшыня «Прэс-клубу». У 1995–2006 — галоўны рэдактар «„Комсомольской правды“ в Белоруссии». У 2007–2010 — галоўны рэдактар «Еўрапейскага радыё для Беларусі».

Міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу заявіў, што гвалт і рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі мусяць быць неадкладна спыненыя. Гэта ён сказаў напярэдадні неафіцыйнага пасяджэння высокага ўзроўню ў Радзе бяспекі ААН, на якім абмяркуюць сітуацыю з свабодай СМІ ў Беларусі, паведаміла прэсавая служба эстонскага МЗС.