У Гомелі сям'ю хочуць паставіць на ўлік за тое, што дзеці даглядаюць за хворым сабакам
«Я не магу яе ўсыпіць, яна таксама, як маё дзіця, як член сям'і, яна іх усіх выняньчыла». Антаніна Шайнюк не можа стрымаць слёз. Дырэктарка школы, у якой вучацца яе дзеці, пагражае паставіць сям'ю на ўлік, як сацыяльна небяспечную за тое, што ў кватэры ёсць малюнкі на шпалерах і хаваецца стары хворы сабака.
Дзіўную гісторыю пра сацыяльную справядлівасць у нашай краіне распавёў у відэарэпартажы на Youtube-канале «Грамадства Гомель» мясцовы блогер Арцём Шапораў. Не толькі распавёў, але і наглядна паказаў усе абставіны, з-за якіх шматдзетная сям'я, у якой маці-адзіночка без старонняй дапамогі падымае чацвярых дзяцей, сутыкнулася з прэсінгам з боку адміністрацыі школы № 3 імя героя Савецкага Саюза Пенязькова Дзмітрыя Нікандравіча.
На відэа з кватэры Антаніны добра відаць: мэбля — цалкам прыстойная і ў належным стане, у халадзільніку дастаткова прадуктаў, рамонт хоць і сціплы, але досыць ахайны. З-за чаго ж адміністрацыя школы выступае супраць маці і пагражае пастаноўкай на ўлік у адпаведнасці з прэзідэнцкім дэкрэтам № 18?
Аказваецца, у сям'і нейкі час была запазычанасць за газ. Аднак мама тлумачыць: запазычанасці па цяперашніх часах узнікаюць рэгулярна. У сям'і — чацвёра дзяцей, і вельмі часта проста ўзнікае выбар: заплаціць своечасова камунальныя, або банальна купіць дзецям паесці. Тым не менш, як толькі пытанне паўстала, праблема практычна адразу была вырашана: вялікую частку запазычанасці сям'я аплаціла. З грошай, якія меркавалася выдаткаваць на санаторны адпачынак і аздараўленне дзяцей ...
Яшчэ адна прэтэнзія: нібыта «антысанітарны» стан кватэры, які заключаецца ў дзіцячых малюнках алоўкам на шпалерах. На відэа бачныя гэтыя малюнкі, якія ну ніяк не падобныя на нешта сапраўды антысанітарнае і небяспечнае. «Мама, я цябе люблю», — пішуць на сценах малодшыя дзеці.
Але больш за ўсё дырэктара СШ № 3 Старажэнка Ніну Міхайлаўну напружвае факт знаходжання ў доме старой і хворай нямецкай аўчаркі. Сабака сапраўды нездаровы, і, па словах работніцы адукацыі, ад яе ідзе «пах». З-за гэтага паху Ніна Міхайлаўна настойвае, каб сабаку ... усыпілі!
Антаніна запісала адну з тэлефонных размоваў з Нінай Старажэнка, і гэты запіс таксама прысутнічае ў рэпартажы. Маці пытаецца, а ці гатовая дырэктар сама сказаць дзецям, што іх любімую Крысту трэба ўсыпіць, таму што яна пахне? Аказваецца, педагог гатовая зрабіць гэта «хоць цяпер», «галоўнае — правільна падаць дзецям».
У адзін момант напружанне паміж маці і дырэктрысай выліваецца ў візіт да шматдзетнай сям'і адмысловай камісіі, на чале з чыноўніцай. Па словах Антаніны, тая яшчэ з парога пачала чапляцца. Высновы ж і навучанні былі прадказальныя: шпалеры — пераляпіць, сабаку — усыпіць. Пасля гэтага для дзяцей не засталося таямніцы ў тым, які лёс можа чакаць іх любімага сабаку.
«Мама, калі яны зноў прыедуць, давай яе куды-небудзь увядземе!», — прапануюць рашэнне малыя. А маці кажа, што не аддасць сабаку, нават калі яго паспрабуюць забраць і ўсыпіць сілай. Таму што Крыста — як дзіця і як член сям'і. Таму што яна з дзецьмі з самых першых дзён. Таму што яна іх літаральна выняньчыла.
Блогер Арцём Шапораў адзначае, што Дэкрэт № 18, згодна з якім сем'і з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, можна ставіць на ўлік і, пры пэўных абставінах, адбіраць адтуль дзяцей, у цэлым добры. Ён дае дзяржаве магчымасць клапоціцца аб юных грамадзянах, якіх выхоўваюць неналежным чынам у сем'ях алкаголікаў, крымінальнікаў і т. п. Аднак у пэўных сітуацыях, у руках мясцовых чыноўнікаў, ён можа стаць прыладай самавольства. Мяркуючы па ўсім, з чымсьці падобным мы маем справу і цяпер.
Як так атрымалася, што сям'я, у якой, за выключэннем малюнкаў на сценах і сабакі ў кватэры, усё нармальна, трапіла пад такую пільную ўвагу? Сама маці пра гэта нічога не кажа. Аднак у пачатку рэпартажу блогер заяўляе, што справа проста ў тым, што яны ... не плацяць «добраахвотна-прымусовыя» ўнёскі, якія патрабуе адміністрацыя школы.
Калі вы захочаце дапамагчы Антаніне, можаце напісаць ёй: https://vk.com/id102077035
Паводле gomel.today