У Ізраілі і Італіі адкрыліся Народныя амбасады Беларусі
Праект Народных амбасад Беларусі працуе і развіваецца па ўсім свеце. Сёння іх больш за дваццаць. Пра гэта заявіў намеснік прадстаўніка па знешніх сувязях Аб'яднанага пераходнага кабінета Уладзімір Астапенка.
«Маю гонар паведаміць пра адкрыццё яшчэ дзвюх Народных амбасад — у Італіі і Ізраілі», — цытуе дыпламата «Е*рарадыё».
«Вельмі прыемна, што амбасада ў Ізраілі адкрылася ў перыяд святкавання Ханукі, — каментуе падзею яго прадстаўнік Барыс Сухадрэў. — Гэта свята, якое сімвалізуе перамогу святла над цемрай».
Як і ў іншых краінах, Народная амбасада Беларусі ў Ізраілі будзе прадстаўляць і абараняць яе інтарэсы на дыпламатычным узроўні, а таксама дапамагаць грамадзянам, якія былі вымушаны пакінуць краіну.
«Задачы перад амбасадай стаяць разнастайныя, — працягвае Барыс Сухадрэў. — Гэта і прасоўванне медыйнай часткі праекта, наладжванне дыпламатычных сувязей, у далейшым мы збіраемся праводзіць культурныя мерапрыемствы, звязаныя з беларускай ідэнтычнасцю, таксама падтрымліваць нашы разнастайныя фонды і працягваць нашу гуманітарную дапамогу, якую мы ажыццяўляем да сёння і не ў рамках амбасады».
Па словах прадстаўніка сусветнай супольнасці «Беларусаў замежжа» і каардынатара праекта «Народныя амбасады» Міхаіла Рубіна, у Ізраілі складваецца даволі самавітая каманда выхадцаў з Беларусі, гатовых актыўна ўдзельнічаць у развіцці ініцыятывы.
«Калі я чую пра выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі, узгадваю гісторыю з нашым экзітполам. Роўна за дзень да выбараў у 2020 годзе мы агледзеліся, што не ахапілі Блізкі Усход, і звязаліся з выхадцамі з Беларусі ў Ізраілі, каб тыя правялі апытанне перад амбасадай. Тады мне адказалі, маўляў, "ой, не ведаем, у нас больш за 50 градусаў заўтра, яшчэ Шабат, транспарт не ходзіць — ну ніяк". А шостай раніцы прыходзіць sms-паведамленне: "Стаім пад амбасадай, раскладаемся — праз дзве гадзіны пачынаем працаваць"».
Тады яшчэ ніхто не ведаў пра трагічную гісторыю, што здарыцца з адным з грамадзян Ізраіля Аляксандрам Фруманам, які пацярпеў на сваёй Радзіме ў Мінску. Як пісала «Еўрарадыё», 11 жніўня мужчына быў затрыманы, збіты і кінуты ў аўтазак. Аляксандру давялося некалькі гадзін стаяць з паднятымі рукамі ля сумна вядомай «Сцяны Плачу» ў Савецкім РУУС проста за тое, што зрабіў фота на вуліцы. Пасля вяртання ў Ізраіль ён схадзіў да сапраўднай Сцяны Плачу ў Ерусаліме і пакінуў у ёй запіску: «Госпадзе, зрабі Лукашэнку тое, што яго карнікі зрабілі са мной».
Па словах мужчыны, затрыманых падвяргалі самым жорсткім катаванням, а самому Аляксандру пагражалі абразаннем і нават смерцю.
Актывіст да гэтага часу працуе на тое, каб ні адзін з тых, хто здзекаваўся з яго і іншых беларусаў у 2020-м, не пазбегнуў адплаты. І менавіта ён разам з Барысам Сухадрэвам возьмецца за арганізацыю працы Народнай амбасады Беларусі ў Ізраілі.