«Яны сказалі, што я не да канца прайшоў абразанне і трэба мне яго паўтарыць, пагражалі смерцю»
Грамадзянін Ізраіля Аляксандр Фруман распавёў, як з ім абыходзіліся сілавікі ў Савецкім РУУС Мінска.
Аляксандр Фруман быў затрыманы 11 жніўня ў Мінску на праспекце Незалежнасці, калі шпацыраваў разам з жонкай, піша «Еўрарадыё».
На просьбу патэлефанаваць у амбасаду яму адказалі лаянкай і антысеміцкімі жартамі: «Яны сказалі, што я не да канца прайшоў абразанне і трэба мне яго паўтарыць, пагражалі смерцю».
Шаснаццаць гадзін Аляксандра пратрымалі ў Савецкім РУУС, стаялі ўздоўж той самай агароджы, дзе і цяпер пасля кожнага маршу стаяць затрыманыя з паднятымі рукамі: «Сілавікі казалі, што мы цяпер будзем ненавідзець карычневы колер і рагаталі ва ўсю са свайго бліскучага гумару». Пазней ён даведаўся, што сілавікі называюць гэту агароджу паміж сабой «Сцяной Плачу».
Праз трое сутак яго адпусцілі. Ён вярнуўся ў Ізраіль і схадзіў да сапраўднай Сцяны Плачу, дзе пакінуў запіску.