З Акадэміі навук масава звальняюць гісторыкаў
Супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН прыносяць уведамленні аб непрацягненні кантрактаў. На момант публікацыі такіх папер ужо чатыры. На іх стаіць подпіс намесніка дырэктара Інстытута па навуковай рабоце Вадзіма Лакізы.
У Інстытуце гісторыі планавалася атэстацыя 19–20 лістапада, але, відаць, супрацоўнікаў вырашылі звальняць нават не прыкрываючыся іх прафесійнай непрыдатнасцю. Магчыма, баяцца не паспець аформіць паперы, бо аб непрацягненні кантракта па законе трэба паведаміць за месяц. У вялікай часткі работнікаў Інстытута кантракты сканчваюцца 31 снежня. Уведамленні аб звальненні сёння атрымалі старшыня прафсаюзнай арганізацыі інстытута Кацярына Крывічаніна (займаецца найноўшай гісторыяй Беларусі; абараняла калег ад ціску адміністрацыі), медыевіст Мікола Волкаў (даследуе беларускія замкі; быў затрыманы на адным з нядзельных маршаў на трое содняў да суда і атрымаў штраф) і геральдыст Аляксей Шаланда. Пра гэта даследчыкі паведамілі на сваіх старонках у Facebook. Аляксей Шаланда – той самы гісторык, які напісаў экспертнае заключэнне для суда, дзе патлумачыў: выява бчб сцяга не з’яўляецца ні цынічнай, ні зневажальнай, а з’яўляецца сімвалам беларускага народа. Суд над Марыяй Сафонавай, 20-гадовай мінчанкай, якая намалявала на асфальце бел-чырвона-белы сцяг і напісала “Жыве Беларусь!”, прайшоў 11–12 лістапада і вынес вердыкт – два месяцы арышту.
Як распавяла НЧ Кацярына Крывічаніна, уведамленне аб непрацягненні кантракта атрымала таксама Таццяна Папоўская. Яна пенсіянерка і сама планавала не працягваць кантракт. Таццяна Аляксандраўна працавала ў Інстытуце гісторыі з 1974 года. Займаецца праблематыкай міжнародных адносінаў, вывучае гісторыю беларускай дыяспары.
Кацярына Крывічаніна ў каментары Радыё Свабода патлумачыла: «Усё пачыналася з прафсаюзу яшчэ год таму, бо на кіраўніцтва прафсаюзу прайшлі не тыя кандыдатуры, якія хацела адміністрацыя. Цяпер мы пісалі заявы на імя старшыні ФПБ Орды пра палітычную сітуацыю ў краіне, і мяне адразу пачалі выклікаць да дырэктара, казалі, каб я сыходзіла па ўласным жаданні. Але мы не спыніліся, выходзілі на акцыі… Ёсць нормы, якія абавязваюць наймальніка працягваць кантракт на тэрмін паўнамоцтваў старшыні прафсаюзнай арганізацыі. На гэта мне Вадзім Лакіза сказаў, што ўсё, маўляў, згодна з заканадаўствам. Але гэта пытанне мы яшчэ будзем вывучаць».
Tut.by атрымаў каментар ад Вадзіма Лакізы, з якога вынікае, што большасць супрацоўнікаў Інстытута гісторыі будзе звольнена: «У нас завяршаецца дзяржаўная пяцігадовая праграма навуковых даследаванняў. Пад гэтую праграму калісьці фарміраваўся калектыў. Сёння ў Інстытуце ў вялікай колькасці людзей сканчваюцца кантракты. Большасць з іх атрымае ўведамленні пра непрацяг кантактаў. Акрамя таго, фарміруецца новая структура на наступныя гады. З’явяцца новыя аддзелы, будзе пэўнае ўзбуйненне. Усе гэтыя пытанні ставіліся перад загадчыкамі аддзелаў. Што тычыцца мяне, то я падпісваю гэтыя дакументы па пасадзе».
Яшчэ 14-га жніўня Інстытут гісторыі прыняў заяву з чатырма патрабаваннямі:
1) вяртанне Канстытуцыі і законнасці ў краіне;
2) пакаранне тых, хто ўчыніў гвалт і забойствы;
3) расфарміраванне АМАП як злачыннай арганізацыі;
4) увядзенне выбарнасці суддзяў.
Супрацоўнікі ўдзельнічалі ў ланцугах салідарнасці ля прэзідыума ўстановы разам з прадстаўнікамі іншых інстытутаў, а таксама ладзілі ўласныя акцыі ў падтрымку калег, якія знаходзіліся за кратамі. Са жніўня шасцёра гісторыкаў былі затрыманыя, чацвёра з іх атрымалі содні, двое – штрафы.
18 лістапада сканчваецца тэрмін зняволення лацініста Алеся Жлуткі. Ён быў затрыманы на маршы 8 лістапада. Калегі лічаць, што яго таксама чакае ўведамленне аб непрацягненні кантракта. Алесь Анатольевіч пенсіянер. Займаецца вывучэннем лацінскіх пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі ХІІІ–ХІV стст., праблемамі палеаграфіі і дыпламатыкі лацінскіх крыніц, гістарычнай анамастыкі, ранняй гісторыяй хрысціянства на беларускіх землях.