У камеры нават грузін размаўляў па-беларуску

Мы працягваем знаёміць вас з гісторыямі людзей — удзельнікаў «Перапісу беларускамоўнага насельніцтва», праведзенага вядомымі курсамі беларускай мовы «Мова нанова».

Перапіс, у якім прынялі ўдзел каля дзвюх тысяч чалавек, засведчыў, што беларуская мова становіцца папулярнай сярод людзей самых розных прафесій.

kashlach.jpg


Дзмітрый Кашлач, праграміст, Барысаў:

 

— На беларускую мову я перайшоў недзе гады два таму. Проста падчас вандровак, калі шмат часу для размоваў «за жыццё», так бы мовіць, сам пакрысе прыйшоў да гэтай думкі. Паглядзеў, як у іншых краінах ставяцца да ўласнай культуры, зразумеў, што ў нас зусім тут не ўсё правільна. І захацелася гэта ў самім сабе выправіць. Цяпер ужываю беларускую мову паўсюль, апроч працы, дзе карыстаюся пераважна англійскай і рускай.

 

Мінулым летам мы са знаёмымі патрапілі ў Нарвегію. І калі ўжо вярталіся да арэндаванага жытла, на набярэжнай Осла пачулі: «Прывітанне!» Да нас на ровары пад’ехаў хлопец, які пяць гадоў таму з’ехаў з Беларусі. Ён распавёў, што ўпершыню за гэтыя гады пачуў беларускую мову ў Нарвегіі.

 

 

perapis3_kolas.jpg

Андрэй Колас, выкладчык, Ваўкавыск:

 

— Беларуская мова ўвайшла ў маё жыццё паступова. Спачатку, з другога па чацвёрты клас, быў проста школьны факультатыў. Пасля з пятага па адзінаццаты — ужо паўнавартасныя заняткі ў школе. Але ж школа дала разуменне мовы, а не карыстанне ёю. Пасля ў каледжы чытаў беларускую літаратуру і спрабаваў размаўляць па-беларуску на занятках і з беларускамоўнымі сябрамі. У выніку пасля дзесяці гадоў навучання пачаў часам карыстацца мовай у паўсядзённым жыцці.

 

Цяпер я выкладаю цалкам на роднай мове. Дома і на працы размаўляю прыблізна так: 60 працэнтаў трасянка і беларуская мова, 40 працэнтаў — руская мова. У інтэрнэце і ліставанні на 70 працэнтаў выкарыстоўваю толькі беларускую мову.

 

Аднойчы ў аддзеле культуры аднаго з райвыканкамаў Мінскай вобласці супрацоўнік пасля размовы са мной (я размаўляў выключна па-беларуску) пачаў адказваць камусьці на тэлефонны званок, дзверы ён не зачыніў, размаўляў вельмі гучна, і я ненаўмысна стаў сведкам гэтай размовы. І вось што я пачуў (цытую даслоўна): «Саша, я опоздаю, тут у меня один чел был, хер пойми, как говорит, х.й пойми что хочет...» Вось так... І гэта аддзел культуры райвыканкама! Аднак не паўсюль такія неадукаваныя людзі працуюць у аддзелах культуры, канешне. Напрыклад, у маім родным Ваўкавыску аддзел культуры вітае беларускую мову, а таксама вядзе частку дакументаабароту і справаздач па-беларуску.


belazerava.jpg

Наталка Белазёрава, танцорка, Мінск:

 

— На беларускую мову я перайшла ў восьмым класе. Хацелася і раней — мне заўжды было незразумела, чаму я размаўляю на мове суседняй краіны. Але не рашалася пачаць размаўляць на сваёй мове, ды я яе тады толкам і не ведала. А ў восьмым класе «фінальным штуршком» была такая дробязь, што зараз ад гэтага становіцца смешна. Я пакрыўдзілася на выкладчыцу рускай мовы, ужо не памятаю нават, чаму. Прыйшла дамоў і кажу маці, што ад цяперашняга моманту я размаўляю выключна па-беларуску. Маці ўспрыняла з пазітывам. З таго часу я стала карыстацца беларускай мовай паўсюль, апроч школы: школа была рускамоўная, і былі пэўныя праблемы з адміністрацыяй, а дзіцём я тады яшчэ не была ў стане нешта даказваць. Аднак усе аднакласнікі і настаўнікі ведалі, што калі мне, напрыклад, патэлефанаваць па-за школай, то я не пераключалася на рускую мову.

 

Падчас вучобы ў БДУ ўсе лекцыі пісала па-беларуску, усе курсавыя — па-беларуску. Зараз, аднак, больш карыстаюся польскай у сувязі з маім цяперашнім месцазнаходжаннем (Наталка цяпер вучыцца ў Польшчы. — аўт.). Былі, вядома, і ў БДУ праблемы з некаторымі выкладчыкамі, і ў кавярнях мне ўпарта не хацелі прыносіць зялёную гарбату з цытрынай без цукру... Але за восем год я навучылася на гэтыя дробязі не звяртаць увагу. Не вельмі прыемнай была сітуацыя на ўкраінскім праекце «Таньцюють всі», у якім я прымала ўдзел у кастрычніку 2015 года (пачуўшы беларускамоўныя адказы Наталкі, чальцы журы пачалі смяяцца і заявілі, што не разумеюць мовы. — аўт.). Хаця я і не лічу гэты выпадак такім ужо скандалам, як выказваліся людзі падчас бурных абмеркаванняў у інтэрнэце.

 

 

batura_1.jpg

Яўген Батура, інжынер-даследчык, Мінск:

 

— Шчыра кажучы, шэсць гадоў таму беларускай мовай я не карыстаўся ўвогуле. Пераломны момант настаў пасля сумных падзеяў снежня 2010 года, калі, арыштаваны ля Чырвонага касцёла падчас масавых абурэнняў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, я апынуўся ў маленечкай камеры з высокаадукаванымі беларускамоўнымі людзьмі. За дзесяць сутак быў час прыйсці ў сябе і зразумець, што не так у нашай краіне з роднай мовай, чаму яна настолькі моцна сканцэнтравалася вакол мяне ў турэмнай камеры, калі нават грузін (яго імя Торніке), размаўляў на ёй. Вось ён і даў мне першыя лінгвістычныя ўрокі.

 

Зразумела, спачатку я саромеўся размаўляць на беларускай мове, карыстаўся толькі ў сацыяльных сетках. Дзякуй Богу, мяне пераканалі, што лепш пачаць гаварыць адразу, з памылкамі і недакладнасцямі, чым бясконца ўдасканальваць яе тэарэтычна, баючыся прамаўляць услых. Вялікі дзякуй за гэта Галіне Васільеўне Сіўчык (мама вядомага палітыка Вячаслава Сіўчыка. — аўт.), з якой я пазнаёміўся зноў жа ля Чырвонага касцёла, падчас малітвы за Беларусь. З таго часу, з часу пераходу на беларускую мову, стала імкліва мяняцца кола маіх знаёмстваў — як снежны ком пачала нарастаць у маім жыцці колькасць беларускамоўных сяброў, мерапрыемстваў, падзей. Я паступіў у Беларускі Калегіюм. У мяне, чалавека з цалкам тэхнічнай адукацыяй і працай, найперш дзякуючы мове, з’явіўся сапраўдны і нязгасны інтарэс да гісторыі, культуры і месца нашай Бацькаўшчыны сярод іншых народаў свету. Да таго ж стала значна лягчэй размаўляць з блізкімі замежнікамі — украінцамі ды палякамі, прынамсі, я пачаў іх добра разумець. Кульмінацыяй жа стала знаёмства з беларускамоўнай дзяўчынай, што, нарэшце, дазволіла мне штодзённа размаўляць на беларускай мове і дома. Але руская мова на працы засталася, на жаль. Апынулася нечакана цяжка змяніць сябе тут. Зараз якраз думаю, што з гэтым рабіць.

 

Самае прыемнае, што дае для мяне беларуская мова, — гэта пачуццё еднасці. Еднасці з людзьмі, якія маюць падобныя да тваіх думкі, жывуць сходнымі марамі і надзеямі, дбаюць пра будучыню краіны шчыра і з болем у душы. Такіх людзей вельмі і вельмі шмат. І вельмі кранальна, калі праз цябе да гэтай супольнасці далучаецца хтосьці яшчэ, хоць нават адзін чалавек.