Праект «Чытаем па-беларуску з velcom» ахопіць усю Беларусь

Адукацыйны праект «Чытаем па-беларуску з velcom», які летась прайшоў у менскіх школах, сёлета будзе працягнуты ў рэгіёнах Беларусі. Асветніцкая ініцыятыва па папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры ахопіць 25 школ ў кожнай вобласці краіны.

213_833x400.jpg


Як паведаміла прэс-служба кампаніі velcom, першыя рэгіянальныя ўрокі для малодшых школьнікаў будуць арганізаваны ў красавіку і траўні ў Гомелі, Брагіне, Рэчыцы, Светлагорску, Мазыры і Жлобіне. А напачатку новага навучальнага года каманда праекта «Чытаем па-беларуску з velcom», у якую ўвайшлі вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты, прыедзе з захапляльнымі заняткамі ў школы Берасця і Берасцейскай вобласці.
Плануецца, што праект ахопіць у агульнай колькасці 150 школ па ўсёй Беларусі, і больш як 15.000 вучняў пачатковых класаў атрымаюць дадатковыя веды па роднай беларускай мове, літаратуры і культуры. Настаўнікі праекта — вядомыя беларускія пісьменнікі, акцёры і тэлевядучыя: Уладзімір Ліпскі, Раіса Баравікова, Юры Жыгамонт, Таццяна Сівец, Алена Масла. Падчас урокаў у абласных і раённых цэнтрах вучні змогуць не толькі пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і іх творамі, але і атрымаюць практычныя навыкі роднай мовы ў захапляльнай форме.
 «Для пісьменніка ўдзел у праекце — гэта магчымасць дапамагчы настаўнікам адкрываць для дзяцей чароўны свет роднай мовы і літаратуры, пашыраць далягляд і асабіста знаёміць дзяцей з творчасцю беларускіх літаратараў. Пасля першых заняткаў праекта „Чытаем па-беларуску з velcom” у Менску вучні і настаўнікі пакінулі выдатныя водгукі. Таму цудоўна, што праект працягваецца: на мой погляд, кампанія velcom  пачала вельмі  патрэбны праект для школ нашай краіны», — сказала пісьменніца, паэтка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раіса Баравікова. Ініцыятарам праекта выступіла кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Паводле інфармацыі арганізатараў, у праекце, які стартаваў у кастрычніку 2015 года, прынялі удзел больш за 4.000 юных менчукоў.
Паводле БелаПАН