У Магілёве помнік адбудоўваюць з сілікатных блокаў, пракуратура ігнаруе прадпісанне Мінкульту
Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры вінаваціць магілёўскую пракуратуру і гарвыканкам у бяздзеянні па абароне архітэктурнай славутасці горада: будынка былой габрэйскай сінагогі, у якой плянуюць збудаваць рэстарацыю.
Старое збудаванне было перададзена індывідуальнаму прадпрымальніку, які браўся аднавіць камяніцу. У дзеяннях бізнэсоўца Міністэрства культуры ўгледзела парушэнне Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» і запатрабавала спыніць работы на аб’екце. Магілёўскаму гарвыканкаму было даручана пракантраляваць, як выконваецца загад.
Магілёўская пракуратура праігнаравала прадпісанне
Пасля непрацяглага спынення работ на сінагозе яны зноў былі адноўленыя. Старшыня таварыства Антон Астаповіч звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з нагоды факту невыканання бізнэсоўцам патрабавання Міністэрства культуры. Яго зварот пераслалі ў гарадскую пракуратуру.
Захадаў рэагавання ад яе зроблена не было, настойвае абаронца архітэктурнай славутасці.
«Паводле звестак Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, работы на гісторыка-культурнай каштоўнасці ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя «Былая габрэйская школа» працягваюцца, парушаючы прадпісанне Міністэрства культуры», — напісаў Антон Астаповіч у паўторнай скарзе ў Генэральную пракуратуру.
«З боку пракуратуры Магілёва не робіцца захадаў прыпынення незаконных работ на аб’екце, якія вядуцца не толькі без дазволу Міністэрства культуры, але і без узгодненай ва ўстаноўленым парадку праектна-каштарыснай дакумэнтацыі і без дазволу інспекцыі Дэпартамэнту кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Магілёўскай вобласці», — даводзіць ён.
Гарвыканкаму таксама Мінкульт ня ўказ
Астаповіч лічыць, што Магілёўскі гарвыканкам таксама не выконвае прадпісання Мінкульту, тым самым дазваляючы прадпрымальніку працягваць работы на аб’екце. Ён спасылаецца на словы намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама Аляксандра Пацёмкіна, якімі, лічыць актывіст, чыноўнік патлумачыў пазыцыю выканаўчай улады ў дачыненні аховы гісторыка-культурных каштоўнасьцяў:
«Мы за тое, каб у горадзе захоўваліся гістарычныя будынкі, — казаў газеце «Беларусь сегодня» Пацёмкін. — Купляць іх з аўкцыёну землякі і замежныя інвестары не гараць жаданнем, бо разумеюць: рэканструкцыя — працэс дарагі і няпросты. Мноства ўзгадненняў, строгі кантроль... Але ў гэтым выпадку віны ўласніка мы не бачым і вельмі спадзяёмся, што Мінкульт усё ж дасьць «дабро» на працяг работ».
На думку Антона Астаповіча, чыноўнік гэтым выказваньнем перавысіў свае паўнамоцтвы.
«У пазіцыі намесніка старшыні гарвыканкама, — кажа ён, — праглядаюцца прыкметы ўмяшання дзяржаўнай службовай асобы з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў у дзейнасць іншых дзяржаўных органаў і арганізацыяў».
«У сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны вызначэнне адпаведнасці ці неадпаведнасці заканадаўству работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны і іх навуковай абгрунтаванасці робіцца Міністэрствам культуры і навуковым кіраўніком», — настойвае Антон Астаповіч.
Лукашэнка мае пабачыць парадак
Даведацца пазіцыю індывідуальнага прадпрымальніка Дзьмітрыя Дудаля, які ўзяўся аднаўляць старую камяніцу, не ўдалося.
Тым часам работы на будынку сінагогі вядуцца аўральнымі тэмпамі. Прыбудова, якая выклікала пратэсты абаронцаў беларускай даўніны, ужо атынкаваная. Узводзяцца кроквы пад дах.
Побач з сінагогай завяршаецца рамонт моста, які прыедзе аглядаць Аляксандар Лукашэнка. У прыватных гутарках службоўцы даюць зразумець, што візіт кіраўніка дзяржавы, які падчас апошняга свайго наведвання Магілёва застаўся ім не задаволены, і становіцца прычынай парушэнняў у аднаўленні помніка.
Згаданую прыбудову, паводле Антона Астаповіча, меліся ўзвесці з керамічнай цэглы. Бізнэсовец жа, каб зэканоміць, узвёў яе з сілікатных блокаў. Акрамя таго, абаронца беларускай даўніны называе шэраг іншых парушэнняў, якія пазбаўляюць стары будынак аўтэнтычнага выгляду. Паводле Астаповіча, сітуацыю магла выправіць супраца бізнэсоўца з навуковым кіраўніком, аднак прадпрымальнік ад яе ўхіляецца. Кіраўнік Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры настойвае: калі аб’ект і будзе ўзведзены, праз парушэнні яго ніводная камісія не прыме.
У былой габрэйскай малітоўні збіраюцца размясьціць рэстарацыю.
Паводле svaboda.org