У Мінску прадставілі альтэрнатыўны праект закона «Аб свабодзе мірных сходаў»
«Самы ліберальны» дзеючы закон «Аб масавых мерапрыемствах» усё яшчэ далёкі ад міжнародных стандартаў.
Адказнасці больш. А правоў?
Напачатку месяца Палата Прадстаўнікоў у другім чытанні прыняла змены ў закон “Аб масавых мерапрыемствах”. Дакумент, які ўхвалілі літаральна за 10 хвілін, улады назвалі праявай небывалай лібералізацыі. Аднак праваабаронцы маюць іншае меркаванне, яны лічаць, што змены не набліжаюць закон да міжнародных стандартаў у галіне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў.
— На вялікі жаль, нашы прапановы, якія мы назвалі “праграмай мінімум” і накіравалі ў Палату Прадстаўнікоў, не былі ўлічаны, — распавёў “Новаму часу” праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Валянцін Стэфановіч
Адзінае, што выглядае больш “ліберальным” у параўнанні з папярэдняй рэдакцыяй закона, гэта паведамляльны прынцып. Гэта значыць, што цяпер не трэба браць дазвол на правядзенне мірнага схода, дастаткова проста паведаміць пра гэта органам улады. Але паведамляльны парадак дзейнічае толькі для месцаў, стала вызначаных мясцовымі органамі ўлады.
— Гэтых месцаў відавочна недастаткова, і іх мала наведваюць людзі, таму правядзенне там сходаў губляе сэнс. Іх трэба праводзіць у непасрэднай блізасці да мэтавай аўдэторыі, да якой вы хочаце данесці свае ідэі, — каментуе Валянцін Стэфановіч.
Да таго ж паведамляльны прынцып дзейічае толькі адносна статычных мерапрыемстваў — пікетаў і сходаў. А дэманстрацыі і шэсці будуць адбывацца, як і раней, з дазволу ўладаў.
Не змяніўся і такі пункт, як аплата выдаткаў на масавае мерапрыемства — яна па-ранейшаму кладзецца на арганізатараў. Праваабаронцы з гэтым не згодныя, бо правядзенне мірных сходаў — канстытуцыйнае права грамадзян Беларусі, якое павінна забяспечвацца дзяржавай.
Апроч таго паводле новай рэдакцыі закона пашыраецца адказнасць за парушэнне заканадаўства аб мірных сходах: цяпер караць могуць не толькі фізічных, але і юрыдычных асоб.
— У нас, калі колькасць удзельнікаў плануецца большай за тысячу, арганізатарамі могуць быць толькі юрыдычныя асобы. І калі для іх будзе ўведзена адказнасць, то па законе адно парушэнне парадку правядзення сходаў можа стаць падставай для іх ліквідацыі, — гаворыць праваабаронца.
Да таго ж да адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства можа быць прыцягнута любая асоба, а не толькі арганізатар, калі будзе заклікаць прыйсці на мерапрыемства, напрыклад, праз інтэрнэт — такое ўжо адбылося з Уладзімірам Някляевым, прычым яшчэ да таго, як закон быў прыняты.
Што ўзамен?
28 чэрвеня ў Мінску прэзентавалі альтэрнатыўны законапраект “Аб свабодзе мірных сходаў”, які грунтуецца на найбольш паспяховых сусветных практыках. Праваабаронцы мяркуюць, што Беларусі патрэбны не змены ў існуючае заканадаўства, а менавіта новы закон.
Прэтэнзіі юрыстаў, у першую чаргу, датычацца абмежавання месцаў для правядзення мірных сходаў. Амаль увесь цэнтр горада ўваходзіць у пералік, дзе мірныя сходы недазволеныя, там можна праводзіць толькі дзяржаўныя мерапрыемствы.
— Не павінна існаваць месцаў, дзе забараняецца правядзенне сходаў. Бываюць канкрэтныя сітуацыі, калі, напрыклад, традыцыйна дзень незалежнасці праходзіць у адным вызначаным месцы, таму перавагу варта аддаць гэтаму мерапрыемству, але гэта не павінна мець пастаянны характар. У іншы дзень тут павінна быць магчымасць правесці іншы мірны сход. Не павінна існаваць “сакральных” месцаў, гэта жорстка супярэчыць міжнародным прынцыпам, — перакананы адзін з распрацоўшчыкаў Кіруючых прынцыпаў АБСЕ па Свабодзе мірных сходаў Сяргей Остаф.
Яшчэ адна прэтэнзія праваабаронцаў — шырокія фармулёўкі некаторых відаў сходаў. Так, паводле дзеючага заканадаўства, пад масавае мерапрыемства можа трапіць любы сход у любым месцы, таму мы маем такія казусы, калі людзей прыцягваюць да адказнасці за тое, што яны пілі гарбату дома. Вядома, гэта ўсё робіцца выбарачна.
У законапраекце, прэзентаваным праваабаронцамі, па словах распрацоўшчыкаў, сабраныя лепшыя сусветныя практыкі. У дакуменце даецца дакладнае тлумачэне такім дэфініцыям як “мірны сход”, “стыхійны сход”, “адначасовы сход”.
Праект вызначае асноўныя прынцыпы закона: напрыклад, прэзумпцыя на карысць правядзення сходу — гэта значыць, што міліцыя павінна абараняць інтарэсы сходу і спрыяць яго правядзенню. Усе падзеі павінны інтэрпрэтавацца на карысць грамадзян. І яшчэ адзін важны прынцып: дзяржаўныя органы павінны абараніць мірны сход ад правакатараў.
Закон кажа, што ёсць адзіная працэдура паведамлення пра правядзенне мірнага сходу, і ўлады павінны прадаставіць усе магчымасці для гэтага: прадаставіць апаратуру, доступ да электрычнасці, сцэну. Бо калі арганізатары маюць магчымасць казаць гучна і са сцэны, яны могуць эфектыўна камунікаваць з удзельнікамі і кантраляваць сход, каб ён заставаўся ў рамках мірнасці і парадку. Гэтыя нормы дапамагаюць міліцыі выконваць яе абавязацельствы па ахове сходу.
Праект закона рэгулюе і адказнасць за правядзенне мірных сходаў: яна заўсёды мусіць быць індывідуальнай. Вырашае праект і пытанне спынення сходаў. Калі падчас правядзення сходу асобныя яго ўдзельнікі парушаюць мірны парадак імпрэзы, арганізатар павінен заклікаць іх да спынення гэтых дзеянняў. Калі ж сход страціў мірны характар, то прадстаўнік улады (міліцыі) можа запатрабаваць яго спынення. Але гэта — выключная мера.
— Міліцыя павінна проста ізаляваць парушальнікаў ад сходу. Але калі парадак парушае большасць, то ў такім выпадку супрацьстаянне можа спарадзіць яшчэ большы гвалт. Таму міліцыя павінна ацаніць сітуацю, каб не закрануць мірны складнік сходу, і выбраць найменш інтэрвенцыйную форму ўзаемадзеяння з удзельнікамі сходу. Практыка такога досведу ёсць, і пры гэтым узровень даверу да паліцыі, калі яна дзейнічае прапарцыянальна, расце, — гаворыць Сяргей Остаф.
Распрацоўшчыкі законапраекта адзначаюць, што, вядома, няма мяжы дасканаласці, і гэты дакумент яшчэ можна паляпшаць. Але прапануюць узяць яго за аснову для новага закона “Аб свабодзе мірных сходаў”. Праект закона плануюць даслаць у парламент, хаця ў праваабаронцаў няма ілюзій, што яго выкарыстаюць.З поўным абгрунтаваннем неабходнасці прыняцця зменаў у закон аб масавых мерапрыемствах можна азнаёміцца на сайце кампаніі за свабоду мірных сходаў у Беларусі SXOD.BY. Там жа, у «Бібліятэцы дакументаў», апублікаваны поўны тэкст законапраекта «Аб свабодзе мірных сходаў».
Фота аўтаркі