У акно супрацоўніка пракуратуры двое кінулі камень. Цяпер іх падазраюць у тэрарызме

Незадоўга да таго, што адбылося, адрас, кантактныя даныя, пасада і месца працы супрацоўніка пракуратуры былі размешчаны ў адным з Telegram-каналаў, прызнаных уладамі экстрэмісцкімі.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

УСК па горадзе Мінску па матэрыялах ГУБАЗіК МУС распачаў крымінальную справу па факце ўдзелу ў арганізацыі, створанай для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці, і ўчынення акта тэрарызму ў дачыненні да супрацоўніка пракуратуры, паведамляе Следчы камітэт.
Як сказана на сайце ведамства, у траўні 2021 года створана нефармальная арганізацыя «Супраціў», мэтамі дзейнасці якой з'яўляюцца «аб'яднанне радыкальна настроеных грамадзян для наступнага іх схілення да ўдзелу ў масавых беспарадках, спалучаных з сілавым процідзеяннем праваахоўнікам і здзяйснення актаў тэрарызму; гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу рэспублікі; дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады; застрашванне насельніцтва і дэстабілізацыя грамадскага парадку».
Паводле следчых, арганізацыя сфарміравана ў выніку аб'яднання ініцыятыў «Кібер-партызаны», «Дружыны Народнай Самаабароны — ДНС» і «Буслы ляцяць».
Па заяве генеральнага пракурора Вярхоўным судом нефармальная арганізацыя «Супраціў» з ініцыятывамі, якія ў яе ўваходзяць, прызнана тэрарыстычнай, а яе дзейнасць забаронена на тэрыторыі Беларусі.
У красавіку бягучага года невядомыя кінулі камень у акно кватэры, дзе пражывае супрацоўнік пракуратуры горада Мінска з малалетнім дзіцём, пасля чаго ўцяклі з месца здарэння ў невядомым напрамку. У выніку гэтых дзеянняў жыццё і здароўе супрацоўніка пракуратура і чальцоў яго сям'і былі пастаўленыя ў небяспеку.
Незадоўга да таго, што адбылося, адрас, кантактныя даныя, пасада і месца працы супрацоўніка былі размешчаны ў адным з Telegram-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі.
«Следчымі ў цесным узаемадзеянні з ГУБАЗіК МУС устаноўлена і затрымана група грамадзян, якія маюць дачыненне да ўчынення вышэйназванага злачынства. Імі аказаліся актыўныя ўдзельнікі закрытага чата, які з'яўляецца структурным падраздзяленнем ініцыятывы "Буслы ляцяць", 43-гадовы і 36-гадовы мужчыны. Фігуранты раней не судзімыя, адзін з іх індывідуальны прадпрымальнік у сферы будаўніцтва, другі — інжынер. Следствам устаноўлена, што мінчане ўступілі ў закрыты чат яшчэ восенню 2020 года», — паведамляе СК.
Дзеянні мужчын кваліфікаваныя па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:
— ч.1 арт. 359 («Акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага дзеяча»);— ч.2 арт. 290-4 («Удзел у арганізацыі, створанай для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці»).
Да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.