«У вас няма грошай, таму гарачая вада вам не паложана»: Экс-палітвязень пра катаванні ў Жодзіна

Праз турму ў Жодзіна прайшлі сотні палітвязняў. Былы палітзняволены прыгадвае, як супрацоўнікі турмы здзекуюцца і катуюць зняволеных. Толькі адзінкі, самыя чалавечныя, хоць нічым і не дапамагалі вязням, але галоўнае, што не рабілі горш.

_kaljuczka___kraty___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg

На сённяшні дзень у следчай турме №8 у Жодзіна ўтрымліваецца як мінімум 19 палітзняволеных: Сяргей Ціханоўскі, Дзяніс Івашын, Ігар Аліневіч і іншыя. Праваабаронцы не валодаюць поўнай інфармацыяй пра ўсіх палітвязняў, якія ўтрымліваліся ў жодзінскай турме. Але можна без перабольшання сказаць, што агулам праз яе прайшлі сотні палітвязняў. Там змяшчаюцца як тыя вязні, хто знаходзіцца пад следствам, так і тыя, каго перавялі на турэмны рэжым, піша «Вясна».

Былы палітвязень Міхаіл (імя зменена ў мэтах бяспекі), які да суда знаходзіўся ў жодзінскай турме, распавёў, як яе супрацоўнікі здзекуюцца і катуюць зняволеных, і якія вычварэнскія спосабы для гэтага выкарыстоўваюць.  

Адразу па прыбыцці ў турму ў Міхаіла канфіскавалі шмат бяскрыўдных рэчаў, якія не неслі небяспекі. На спробы Міхаіла даведацца ў супрацоўнікаў аб прычынах канфіскацыі ён атрымліваў дзіўныя адказы.

«У іхных дзеяннях немагчыма было знайсці ніякай логікі»

«Напрыклад, у мяне канфіскавалі кускавы цукар. Я спытаў, чаму забіраюць. Мне адказалі наступнае: «Вось ты пакладзеш гэты цукар іншаму вязню на вочы, націснеш і выціснеш вочы». Калі падчас агляду супрацоўнікі дайшлі да пакетаваных кавы і гарбаты, іх таксама забралі. Сказалі, што фольгай ад кававага пакеціка я магу ноччу каму-небудзь парэзаць артэрыю.  

Казалі, каб не задаваў ім «дурных» пытанняў. У іхных дзеяннях немагчыма было знайсці ніякай логікі».

Разам з гэтым Міхаілу дазволілі пранесці ў камеру алоўкі з асадкай, якія патэнцыйна маюць большую небяспеку, чым цукар і пакецік кавы.

«Вы забіраеце каву, але пакідаеце асадку. Калі б я сапраўды хацеў кагосьці траўмаваць, то тыркнуў бы асадкай».

«Без пяці хвілін, як ты пайшоў нахер»

Як распавядае суразмоўца, сярод супрацоўнікаў турмы яму трапляліся як жорсткія і бесчалавечныя, так і нармалёвыя.

«У Жодзіна быў карпусны, які падчас праверак заўсёды цікавіўся, як мы сябе адчуваем, правяраў, ці няма ў нас слядоў збіцця. Размаўляў максімальна культурна. Кожны наш выхад з камеры падчас праверкі ён суправаджаў словамі: «Мне вас жаль, але трымайцеся». Такіх чалавечых супрацоўнікаў былі літаральна адзінкі. Яны нічым нам не дапамагалі, але галоўнае, што не рабілі горш».

Міхаіл узгадвае шматлікія прыклады жорсткга і здзеклівага стаўлення да палітвязняў з боку супрацоўнікаў СІЗА, якіх была большасць.

«Часам я пытаў у кантралёра ў калідоры, колькі зараз часу. Памятаю, адзін з іх адказаў: «Без пяці хвілін, як ты пайшоў нахер».

Былы палітвязень кажа, што ім забаранялі купляць прадукты ў мясцовай краме. Але атаварвацца ў гаспадарчым аддзеле можна было без абмежаванняў.

«З намі ў камеры сядзеў адзін айцішнік, якому жонка пераводзіла на рахунак нямала грошай. Ён усёй камеры купляў неабходныя рэчы: ад туалетнай паперы да маек».

 «У вас няма грошай, таму гарачая вада вам не паложана»

У следчай турме Жодзіна вязняў вадзілі ў лазню раз на тыдзень. Але душ быў выключна з халоднай вадой, кажа Міхаіл.

«Мы пыталі ў супрацоўнікаў, чаму нам не даюць гарачы душ. Яны казалі, што, маўляў, у вас няма грошай, вы ніяк не задзейнічаны ў працы, таму гарачая вада вам не паложана».

Аднойчы падчас мыцця ўжо намыленым палітвязням супрацоўнікі турмы без папярэджання адключылі гарачую ваду, самі глядзелі ў вочка і смяяліся, узгадвае суразмоўца.

«Гэта быў адзіны такі выпадак. Хлопцы зразумелі, што падобныя здзекі будуць працягвацца і далей мыліся толькі ў халоднай вадзе».


«Усёй камерай чулі, як яго збіваюць»

У жодзінскай турме на момант утрымання там Міхаіла працаваў надзіральнік у званні маёра, у якога на гумовым дручку была налепка са смайлікам. Як распавядалі Міхаілу іншыя вязні, гэты надзіральнік суправаджаў вязняў асуджаных да смяротнай кары да месца выканання пакарання.

«Ён здзекваўся з іншых палітвязняў. Калі заходзіў у камеру, прымушаў усіх абавязкова адварочвацца да сцяны і насіў маску. Як ён сам нам казаў, каб пасля вязні не су

Як кажа Міхаіл, гэты надзіральнік неаднаразова збіваў у калідоры турмы палітвязня з Брэста Рамана Агнішчанку.

«Рома заўсёды мог адказаць на абразы сілавікоў. Відаць, яны вырашылі напужаць самага гаварлівага, каб баяліся ўсе іншыя. Яго выводзілі на калідор, і мы ўсёй камерай добра чулі, як Рому збівалі». 

Расцяжка па-жодзінку

Штодзень палітвязняў выводзілі ў калідор на праверку. Іх прымушалі вельмі шырока расстаўляць ногі. Тых, у каго не атрымлівалася – моцна збівалі.

«Падлога ў калідоры выкладзеная кафляй, кожная з каторых 30 сантыметраў. Нам загадвалі расстаўляць ногі на шырыню пяці кафляў – паўтара метра. Калі столькі паміж ног не змяшчалася, моцна білі па нагах, каб яны раз’язджаліся ў бакі». 

«Што ты стаў па-еўрапейску»

Падчас праверкі ў калідоры вязням загадвалі стаяць абапёршыся аб сцяну сагнутымі кісцевымі суставамі далонямі да сябе. Праз тое, што ў такой позе вельмі складана стаяць, вязні пачалі абапірацца аб сцяну кулакамі – касцяшкамі пальцаў, кажа Міхаіл.

«Надзіральнік заўважыў гэта і ўдарыў дручком хлопца побач са мною. Ён тады сказаў вязню: «Што ты стаіш па-еўрапейску. Ты ў Беларусі, станавіся па-беларуску». То-бок, абапіраючыся на кісцевыя суставы».

З матрацам на выцягнутых руках

Тых, хто станавіўся падчас праверкі не так, як загадвалі надзіральнікі, прымушалі браць з камеры скручаны матрас і на выцягнутых руках трымаць яго перад сабою неакрэслены час. Фактычна, вязні стаялі так да знясілення, распавядае Міхаіл.

«Калі падчас праверкі ў кагосьці з вязняў матрац падаў з рук, яго прымушалі падымаць і зноў стаяць такі ж час. І так цягнулася да тых пор, пакуль ім не надакучыць здзекавацца з нас».

Дзверы ў камеру наўмысна адкрывалі зусім троху, а вязняў прымушалі выбягаць у калідор, кажа Міхаіл. Праз гэта сукамернікі спатыкаліся і падалі.

«У дзвярах пакідалі невялікую шчыліну, праз якую было складана выбегчы на праверку. У камеры былі сталыя мужчыны з лішняй вагой, ім было асабліва складана».

«Развівайце дробную маторыку рук»

Кожную праверку надзіральнікі раскідвалі ўсе рулоны туалетнай паперы, і тыя цалкам раскручваліся па ўсёй камеры. Супрацоўнікі турмы казалі, што нібы ў паперы могуць быць схаваныя забароненыя рэчы. На просьбу вязняў так не рабіць, яны казалі: «Развівайце дробную маторыку рук. Скручвайце нанова».

«Мы іх скручвалі, а яны на наступны дзень іх зноў раскідвалі. Так цягнулася да таго моманту, пакуль мы ўсёй камерай не псіханулі і ўсю тую паперу, якую яны нам раскруцілі, не выкінулі ў калідор праз кармушку».

Пасля гэтага ў камеру адразу забеглі правяраючыя, кажа Міхаіл. Вязняў вывелі ў калідор і пачалі збіваць па нагах. Але пасля гэтага выпадку, гісторыя з туалетнай паперай не паўтаралася.

Суразмоўца кажа, што яму забаранілі атрымліваць і дасылаць лісты да ўсіх, акрамя сваякоў. Міхаіл звяртаў увагу надзіральніка на тое, што паводле правілаў унутранага распарадку ён можа ліставацца без абмежаванняў. «Ты ж ведаеш у якім ты статусе знаходзішся. Вам, палітвязням, забаронена пісаць», – адказваў надзіральнік Міхаілу.