Хронікі рэпрэсій. Жыхара Мінска кінулі за краты за вокладку з «Пагоняй» на пашпарце
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 13 чэрвеня.
Беларуса адправілі на «суткі» за «Пагоню» на вокладцы пашпарту. Згодна з пастановай суда Ленінскага раёна Мінска ад 17 траўня, бацьку непаўнагадовага дзіцяці асудзілі за «пікетаванне вокладкай пашпарту», нацыянальны герб заўважылі супрацоўнікі суда Мінскага раёну.
Паводле словаў мінчука, калі 16 траўня а 9 раніцы ён праходзіў праз турнікет у будынку суда, супрацоўнікі заўважылі ў яго руках пашпарт з «Пагоняй». Мужчына на судзе віну не прызнаў. За гэта «правапарушэнне» мінчука арыштавалі на 13 сутак.
У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва 28 сакавіка асудзілі Дзмітрыя
Пузікава паводле арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага
кодэкса. Суддзя Вольга Зарычнюк прызначыла яму шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў
калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Апеляцыйную скаргу Дзмітрыя не задаволілі,
прысуд пакінулі без зменаў.
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён 21 студзеня ў стане алкагольнага ап’янення сарваў чырвона-зялёны сцяг з будынку крамы і зламаў дрэўка.
На Віцебшчыне затрымалі Паўла Іванова—
яго прывезлі ў пастарунак у адным халаце. Сілавікі сцвярджаюць, што ён
удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і пісаў каментары, у тым ліку, у
падтрымку Украіны.
У Гомельскім абласным судзе 13 чэрвеня пачаўся разгляд
крымінальнай справы, якая была ўзбуджаная
супраць жыхара абласнога цэнтра Руслана Кручыніна. Справу
разглядае суддзя Алеся Осіпава.
Мужчыну абвінавачваюць па некалькі артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы), ч. 1 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
Пра Руслана Кручыніна вядома, што ён мае вышэйшую адукацыю і працаваў на адным з прадпрыемстваў Гомеля.
У судзе Жлобінскага раёна 13 чэрвеня пачалі судзіць былога рабочага БМЗ Яўгена
Сізова, якога абвінавачваюць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія
парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» паводле ч. 1 арт. 342
Крымінальнага кодэкса.
Судзіць жлабінчаніна прызначаная суддзя Наталля Качалова, вядомая палітычна матываванымі прысудамі супраць ўдзельнікаў пратэстаў у 2020 годзе. Вядома, што Яўгена затрымалі сілавікі з прымяненнем сілы ў красавіку гэтага года.
Судовыя працэсы за ўдзел у акцыях пратэсту ў Жлобіне ў 2020 годзе працягваюцца і дагэтуль. Літаральна два дні таму па «народным» артыкуле тут судзілі Іллю Грышкова, а 6 чэрвеня адбыўся суд над Іллём Патырыным. Вынікі судоў пакуль невядомыя.
Праваабаронцы
прызналі палітзняволенай журналістку Алену Цімашчук. Алена — журналістка
абласной тэлерадыёкампаніі «Брэст», якая раней у якасці фрылансера
супрацоўнічала з рэгіянальнымі выданнямі «Вечерний Брест», «Брестский курьер»,
«Брестская газета», інтэрнэт-выданнем «Виртуальный Брест», а таксама «Брестским
зелёным порталом».
3 чэрвеня Брэсцкі абласны суд прыгаварыў Алену да 5 гадоў пазбаўлення волі і прызначыў штраф памерам у 46 000 беларускіх рублёў. Суд прызнаў журналістку вінаватай поводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт. 369–1 КК), «распальванне варожасці ці варажнечы» (ч. 3 арт. 130 КК), «удзел ў экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361–1 КК).
Жыхара Мар'інай Горкі затрымалі з-за таго, што ён падтрымліваў Украіну і радаваўся іх перамогам у вайне. Відэа з беларусам апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. На ім хлопец кажа, што пакідаў каментары ў падтрымку Украіны ў тэлеграм-канале «Рэальная Беларусь».
Сайт, сацсеткі і
лагатып праекту «povestka.оrg» прызнаныя
«экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведнае рашэнне прынятае судом
Цэнтральнага раёна Мінска 11 чэрвеня.
На сайце «povestka.оrg» пазначана, што гэта «сэрвіс легальных рашэнняў для прызыўнікоў і іх бацькоў» і што «тысячы кліентаў сэрвісу атрымалі вызваленне ад войска па стане здароўя, не парушаючы закон».
Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапілі:тэлеграм-каналы і чаты
«Андрiй Бiлецький», «Билини IV Імперії+», «Український Наступ
| # УкрТг», «ukrain1an ꑭ news», «÷ tирания ценностей тоталитарного нигилизма ÷»,
«i didn't ask for this», ютуб-канал
«ХАДАНОВИЧ | CHADANOVIC», фэйсбук-старонка «Help for BELARUS», цікток-старонкі «блёк Воля», «Symon»,
«BelarusianMappe», «Belarus», «Арцём».