У зоне адчужэння ЧАЭС пачалося небяспечнае днопаглыбленне

Украіна робіць першыя крокі па будаўніцтве воднага шляху Е40, парушаючы нацыянальнае заканадаўства і ігнаруючы радыяцыйныя рызыкі для мільёнаў людзей. Занепакоеныя прадстаўнікі экалагічных арганізацый з розных краін накіравалі ліст Уладзіміру Зяленскаму з просьбай спыніць паглыбленне дна Прыпяці.

dji_0138_river_prypyats_nedalyoka_ad_turava_800_logo_1.jpg


Паколькі ўкраінскі кавалак Прыпяці не мае вялікай значнасці як унутраны водны шлях, паглыбленне дна на ім можна разглядаць выключна як рэалізацыю глабальнага плана па будаўніцтве міжнароднага воднага шляху Е40. Таму ўкраінскі бок, магчыма, чакае адпаведных крокаў з боку Польшчы і Беларусі. Разбіраемся, што адбываецца на ўкраінскай частцы Прыпяці.
Унутраны водны шлях E40 — гэта план злучэння Балтыйскага і Чорнага мораў праз суднаходны шлях працягласцю 2000 км.Будаўніцтва воднага шляху E40 будзе мець цэлы шэраг разбуральных уздзеянняў — на людзей, на клімат і на дзікую прыроду.Украіна толькі што пачала працу над будаўніцтвам Е40, паглыбляючы дно Прыпяці ў зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС. Мільёны людзей уніз па плыні трапілі ў зону радыяцыйнай небяспекі.Каб міжнародная супольнасць прыняла абгрунтаванае рашэнне па праблеме Е40, патрэбная стратэгічная экалагічная ацэнка (СЭА) плану яго будаўніцтва.
Ва Украіне ўжо будуюць небяспечны водны шлях Е40. Там пачалі паглыбляць дно Прыпяці на васьмі пляцоўках. Чатыры з васьмі пляцовак знаходзяцца ўсяго за некалькі кіламетраў ад сумна вядомага Чарнобыльскага рэактара № 4. Пасля найбуйнейшай у свеце ядзернай катастрофы на дно ракі аселі радыёнукліды. Ні дэталёвых даследаванняў, ні поўнага аналізу ўзроўню радыяцыі перад пачаткам прац па днопаглыбленні не праводзілася, хоць гэтага патрабуе ўкраінскае заканадаўства.
Рака Прыпяць і Кіеўскае вадасховішча стануць пастаяннымі крыніцамі радыеактыўнага забруджвання, бо для эксплуатацыі воднага шляху Е40 паглыбляць дно трэба будзе кожны год. Паводле незалежнага навуковага даследавання французскай арганізацыі ACRO, у выніку 28 мільёнаў чалавек, што жывуць ніжэй па плыні, могуць зазнаць павышаную радыяцыйную рызыку: 8 мільёнаў чалавек, у тым ліку насельніцтва Кіева, могуць атрымаць забруджаную радыёнуклідамі ваду ў кранах, а яшчэ 20 мільёнаў украінскіх жыхароў могуць трапіць у групу рызыкі як спажыўцы прадукцыі земляробства, якая паходзіць з палёў, што паліваліся забруджанай вадой і куды дадаваўся забруджаны глей.
Арыэль Брунер, кіраўнік аддзела па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі глабальнай асацыяцыі прыродаахоўных арганізацый Birdlife International, папярэджвае, што "капаць радыеактыўны глей і адпраўляць яго ўніз па рацэ ў густанаселеныя раёны — безадказна. Увесь праект E40 непрадуманы і патэнцыйна разбуральны. Яго прасоўваюць пры поўным ігнараванні заканадаўства аб СЭА і АУНА [ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе]».
E40, якім хочуць злучыць Балтыйскае і Чорнае моры, — ініцыятыва польскага, беларускага і ўкраінскага ўрадаў. Водны шлях разглядаецца яго прыхільнікамі як новая гандлёвая магістраль паміж партамі Гданьск (Польшча) і Херсон (Украіна), якая будзе прыцягваць інвестыцыі і ствараць новыя працоўныя месцы. Аднак незалежныя эксперты лічаць афіцыйнае тэхнічна-эканамічнае абгрунтаванне будаўніцтва Е40 у 2015 годзе няпоўным і недакладным. Вывучэнню альтэрнатыўных спосабаў таго, як палепшыць грузавыя транспартныя сувязі паміж Чорным і Балтыйскім морамі, лабісты Е40 не надавалі дастатковай увагі.
Палессе — самая вялікая забалочаная тэрыторыя ў Еўропе. Яна ахоплівае масіўныя тарфяныя ўчасткі, што паглынаюць вуглярод і тым самым змяншаюць парніковы эфект. Тут знаходзяцца жыццёва важныя месцы для дзікай прыроды Еўропы.
Е40 літаральна знішчыць гэтыя прыродныя абшары. Будаўніцтва воднага шляху — гэта выпростванне рэк, іх дамбаванне і паглыбленне дна, прычым рабіць усё гэта збіраюцца ў найбольш адчувальных да зменаў раёнах Палесся. Перасыханне рэк, змены натуральных ландшафтаў не толькі негатыўна адаб'юцца на дзікай прыродзе, але і пазбавяць мясцовых жыхароў сродкаў да існавання.
Тэрыторыя Палесся мае велізарны экатурыстычны патэнцыял і магчымасці “зялёнага” развіцця, якія будаўніцтва E40 проста перакрэсліць. Змены ў гідралагічным рэжыме рэгіёна ператвораць яго ў сур'ёзную крыніцу выпрацоўкі парніковых газаў.
Для паляпшэння транспартных сувязяў Украіны з іншымі дзяржавамі ёсць лепшы варыянт, чым водны шлях Е40. Будаўніцтва E40 будзе вельмі дарагім: толькі пачатковыя інвестыцыі складуць больш за 12 мільярдаў еўра, прычым асноўныя выдаткі лягуць на Польшчу і Беларусь. Улічваючы высокія экалагічныя, сацыяльныя, тэхнічныя і прававыя рызыкі, вельмі верагодна, што ў гэтых дзвюх краінах фінансаванне Е40 не будзе забяспечана, а без гэтага ўкраінская частка воднага шляху будзе мець мала сэнсу.
Перавозка грузаў па водным шляху Е40 будзе больш павольнай і дарагой і пры гэтым менш надзейнай і экалагічнай, чым электрычная чыгунка. Замест Е40 прыярытэтам павінны быць інвестыцыі ў наяўную чыгуначную сетку, якая злучае Балтыйскае і Чорнае моры. Урады павінны мадэрнізаваць памежныя пераходы, павялічыць магутнасць і хуткасць руху цягнікоў, а таксама палепшыць лагістычную інфраструктуру для кіравання міжнародным гандлем.
У сувязі з гэтымі падзеямі, міжнародная супольнасць накіравала ліст прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму з просьбаю спыніць працы па днопаглыбленні і адмовіцца ад будаўніцтва Е40. Ліст падпісалі прадстаўнікі глабальнай асацыяцыі прыродаахоўных арганізацый Birdlife International, Еўрапейскай асацыяцыі глабальнай арганізацыі Wetlands International, прадстаўніцтваў Сусветнага фонду дзікай прыроды (WWF) Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Польшчы і Украіны, Франкфурцкага заалагічнага таварыства, грамадскіх арганізацый “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і “Багна”, Нацыянальнага экалагічнага цэнтру Украіны і яшчэ 10 арганізацый па ахове прыроды Польшчы і Украіны.
Паводле прэс-рэліза