У чаканні вясны
Беларусы цярпліва чакаюць вясну. Па календары яна нібыта надышла. У бліжэйшыя выходныя — Масленіца сумесна з Міжнародным жаночым днём. Усім зараз хочацца цяпла і сонца. Усе вылучаюць толькі пазітыў.
Але гэта не значыць, што ніхто нічога не робіць. Напрыклад, мытныя ведамствы Беларусі, Расіі і Казахстана падрыхтавалі змены і дапаўненні ў Мытны кодэкс Мытнага саюза. Насуперак чаканням, нічога дрэннага, кшталту падвышэння пошлінаў на аўтамабілі, як у 2011 годзе, здаецца, у ім няма. Прынамсі, начальнік упраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК Уладзімір Арлоўскі паведаміў, што падрыхтаваныя мытнымі ведамствамі змены не закрануць нормаў па ўвозу — вывазу грамадзянамі тавараў для асабістага карыстання.
«У бліжэйшы час нейкіх зменаў нормаў увозу або вывазу грамадзянамі тавараў для асабістага карыстання не адбудзецца», — паведаміў ён. Адначасова ён нагадаў, што нормы ўвозу ці вывазу грамадзянамі тавараў для асабістага карыстання праз мяжу Мытнага саюза ўстаноўлены адпаведным міжурадавым пагадненнем і вызначаюць, якая колькасць бытавой тэхнікі, алкаголю, тытунёвых вырабаў і іншых тавараў, а таксама валюты грамадзянін можа перамясціць бяспошлінна.
Такім чынам, на «закупы» ў Польшчу, Літву ці Украіну можна будзе ездзіць па ранейшых правілах. Гэта ўжо радуе звыклых да дрэнных навінаў беларусаў.
Яшчэ цікава тое, што некаторыя беларускія грамадзяне пачалі ацэньваць вартасць грошай. Прыкладам, шмат у каго раней узнікала занепакоенасць у сувязі з тым, што ў Беларусі адкрываецца шмат казіно. Зразумела, гэта было зроблена для таго, каб тут свае грошы пакідалі расіяне. Але былі і такія галасы, быццам «расійскія алігархі саджаюць на гульнявую іглу слабавольных беларусаў». Лухта гэта ўсё. Беларусы аказаліся значна лепшымі, чым пра іх думалі.
Паводле звестак Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі, толькі ў лютым гэтага года больш за тысячу грамадзян сінявокай добраахвотна «забаранілі самім сабе» наведваць ігральныя ўстановы. Адпаведныя заявы яны накіравалі ў падатковыя органы. «За месяц да нас паступіла больш за 1 тысячу заяў грамадзян, якія прынялі рашэнне абмежаваць сябе ў наведванні ігральных устаноў на тэрмін ад шасці месяцаў да трох гадоў», — паведаміў прадстаўнік МПЗ Уладзімір Муквіч.
Такая «самастойная забарона» — гэта своеасаблівая «падшыўка» ад іграманіі. Чалавека, які такую заяву напісаў, на тэрмін дзеяння заявы ў казіно не пусцяць. Прычым, па словах Муквіча, «назад дарогі няма, механізм зваротнага ходу не мае, заява перастане дзейнічаць не раней, чым скончыцца названы ў ёй тэрмін самаабмежавання».
Вось дзе ў людзей сіла волі! Самі не пойдуць гуляць, дык яшчэ і прымусяць уладныя органы пракантраляваць гэты працэс!
Між тым, на 1 студзеня 2013 года ліцэнзіі на права ажыццяўлення дзейнасці ў сферы ігральнага бізнэсу мелі 118 юрыдычных асоб. У мінулым годзе бюджэт атрымаў 238 мільярдаў рублёў падатку на ігральны бізнэс.
Але ігральны бізнэс можа быць і іншым. Нягледзячы на тое, што яшчэ Астап Бендэр папярэджваў не гуляць у азартныя гульні з дзяржавай, менавіта гэтай гульнёй занялася насельніцтва. Як паведаміла Міністэрства фінансаў, на 1 сакавіка 2013 года беларусы набылі 52,5% дзяржаўных валютных аблігацый трэцяга выпуску ад 26,3 мільёна долараў. Акрамя таго, па стане на 28 лютага 2013 года ў поўным аб’ёме (аж на 50 мільёнаў долараў!!!) размешчаны дзяржаўныя валютныя аблігацыі для насельніцтва першага і другога выпускаў.
Размяшчаць валютныя аблігацыі для насельніцтва Мінфін Беларусі пачаў з 20 снежня 2012 года, прапанаваўшы два выпускі з тэрмінам звароту адзін год. Гэтыя выпускі адрозніваліся наміналам — 200 і 1 000 долараў. Можа, беларусы падумалі, што за год з грашыма нічога не здарыцца?
Дык не ж. Трэці выпуск Мінфін размяшчае з 20 студзеня 2013 года, тэрмін па ім павялічаны да двух гадоў, а намінал складае 1 000 долараў. Як ні дзіўна, але аблігацыі «памерам» у 200 «зялёных» не карысталіся попытам!
Вось і думай, што такога цікавага прапанаваў урад людзям. Няўжо стаўка ў 7% гадавых такая прываблівая? Валютныя ўклады ў банках таксама маюць прыблізна такі ж памер стаўкі. Але ж туды грошыкі беларусы не нясуць, а чамусьці «купляюць дзяржаўнае»…
Можа, паспрабаваць з гэтымі аблігацыямі на знешні рынак выйсці? Там, кажуць, у швейцарскіх банках толькі 4% гадавых даюць.
А вось некаторым на заробленыя працэнты не хапала б дакупіць мазгоў. Не, не аператыўнай памяці кампутара. Так, былы генпракурор краіны, а зараз загадчык кафедры канстытуцыйнага права БДУ Рыгор Васілевіч, выказаў меркаванне, што за нявыкананыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны чыноўнікаў трэба саджаць у турму. «Пытацца з іх трэба за гэтыя паказчыкі! Людзі прыязджаюць у гэтыя рэгіёны ці наадварот — з’язджаюць, працягласць жыцця тут павялічваецца ці памяншаецца, нараджальнасць павялічваецца альбо не. А калі прыцягнулі да адказнасці нейкага чалавека, накіравалі яго ў калонію — хай гэты рэгіён са свайго бюджэту плаціць за ўтрыманне гэтага чалавека!» — заявіў Васілевіч «Еўрарадыё».
На яго меркаванне, калі ўвесь час чыноўнікаў пытацца пра гэтыя паказчыкі, дык яны будуць старацца неяк сітуацыю выправіць.
Ці вядома яму, што смяротнасць у Беларусі пераўзыходзіць нараджальнасць ад 1994 года? Ці вядома яму, колькі людзей апошнім часам з’ехалі працаваць у Расію? Што сярэдняя працягласць жыцця ўжо два гады трымаецца на адным узроўні — 70 гадоў. Хто за гэта адказны? Няўжо той чыноўнік, які ўжо ад 1994 года кіруе краінай?
На пасадзе генпракурора і на пасадзе старшыні Канстытуцыйнага суда спадар Васілевіч, дарэчы, меў паўнамоцтвы па прыцягненні да адказнасці чыноўнікаў, у тым ліку і за невыкананне прагнозных паказчыкаў. Але тады ён не быў такім смелым. А зараз, як пайшоў з уладных органаў, стаў патрабаваць чыноўнікаў да адказнасці прыцягваць. Раней пачынаць трэба было!