У чыноўнікаў — свая званіца

Беларускія чыноўнікі ўспрымаюць рэформы не як пераўтварэнні з канкрэтнымі мэтамі, а як пастаянны працэс зменаў заканадаўства і ўмоў функцыянавання дзяржапарату.



chinovniki_3.jpg

Інфаграфіка Яны Дзебёла, zautra.by

Пад пастаяннымі зменамі работнікі дзяржсектара маюць на ўвазе рэгулярнае абнаўленне заканадаўчых актаў, ўвядзення новых праграм і формаў справаздачнасці. Здольнасць падладзіцца пад такія "рэформы" расцэньваецца як высокі ўзровень прафесіяналізму.
 

Да такіх высноў прыйшлі эксперты па выніках даследавання "Беларускі дзяржсектар: каштоўнасці, чаканні і ўспрыманне рэформаў", у аснову якога ляглі 12 фокус-групавых дыскусій з удзелам работнікаў дзяржсектара, праведзеных у Мінску і рэгіёнах па замове Інфармацыйнага бюро салідарнасці з Беларуссю (SBIO). Даследаванне праводзілася пад кіраўніцтвам экспертаў Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS, Вільнюс) Алены Арцёменка і Аляксандра Аўтушка-Сікорскага ў рамках праекта "Рэфорум".

"Адным з асноўных вынікаў даследавання сталі выяўленыя адрозненні ў групе занятых у дзяржаўным сектары ў галіне каштоўнасцяў, жыццёвых установак, схільнасці да рызыкі і стаўленню да працоўнай мабільнасці. Гэтыя адрозненні залежаць ад памеру горада, у якім жывуць супрацоўнікі дзяржсектара, і іх ўзросту. Акрамя таго, адрозненні фіксуюцца паміж чыноўнікамі і астатнімі занятымі ў дзяржсектары", — адзначаецца ў высновах даследавання.
 

У цэлым для ўсіх работнікаў дзяржсектара вельмі важная "ўпэўненасць у заўтрашнім дні": стабільны годны заробак, адсутнасць рызыкі звальнення і паважлівае стаўленне да іх працы. Толькі нязначная група (у асноўным маладых людзей) гатовая да рызыкі, для таго каб дамагчыся павелічэння сваіх даходаў.
 

Цікава, што пры такой празе да стабільнасці пагроза звальнення чыноўнікаў практычна не палохае. Часцей за ўсё яны лічаць сябе альбо незаменнымі, альбо здольнымі лёгка знайсці працу ў прыватным сектары.
 

У той жа час супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў значна больш трывожыць пагроза магчымай змены дзейнасці, так як, у прыватнасці, яны песімістычна настроены адносна перспектыў сваёй запатрабаванасці на рынку працы. У выніку пры нізкім узроўні аплаты працы менавіта зарплата як такая, а не магчымасць яе павышэння, з'яўляецца асноўным стымулам для працы, што, на думку даследчыкаў, робіць супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў свайго роду закладнікамі працы на дзяржаву.
 

Чыноўнікі ўспрымаюць сваю дзейнасць як грамадска важную і значную, аднак пры гэтым лічаць свой узровень даходу недастатковым, а саму прафесію — непрэстыжнай ў вачах грамадства.
 

"Акрамя таго, яны часта адзначаюць, што кіраўнічыя рашэнні ў сістэме дзяржслужбы ...спускаюцца зверху. У чыноўнікаў няма магчымасці выказаць сваё меркаванне і паўплываць на змены, якія ім даводзіцца ўкараняць у працу", — адзначаюць аўтары даследавання.
 

І чыноўнікі, і супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў наракаюць на наяўнасць істотных перашкодаў для працоўнай мабільнасці. У якасці сістэмных перашкод чыноўнікі паказваюць наяўнасць кланавасці ў дзяржапараце і кумаўства як аднаго з механізмаў прыёму на працу.
 

Пры гэтым чыноўнікі самі дэманструюць даволі стрыманае стаўленне да ідэі кар'ернага росту: заробак у такім выпадку павялічыцца неістотна, а нагрузка — значна. "Дзяржслужачыя баяцца павелічэння адказнасці пры павышэнні па службе: рост адказнасці часцей азначае большае пакаранне пры правале, аж да крымінальнай адказнасці", — падкрэсліваюць аўтары даследавання.
 

Супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў, у сваю чаргу, наогул заяўляюць аб абмежаваных магчымасцях для кар'ернага росту, так як па шэрагу прычын расці ім часцяком проста няма куды.
 

Усе работнікі дзяржсектара кажуць аб нізкіх магчымасцях рэалізацыі сваіх здольнасцяў на працы ў сувязі з тым, што ініцыятыва часцей за ўсё караецца.
 

Супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў і чыноўнікі па-рознаму ацэньваюць таксама ўзровень жыцця ў Беларусі. Калі першыя адназначна лічаць, што ён ніжэй, чым у іншых краінах, то чыноўнікі схільныя адстойваць той пункт гледжання, што сітуацыя ў РБ не горш, а часам і лепш, чым у еўрапейскіх дзяржавах.

www.belmarket.by

Пераклад НЧ