У Курапатах ушанавалі памяць ахвяраў таталітарызму
Вечарам 23 жніўня ў Курапатах з ініцыятывы аргкамітэту па стварэнні руху салідарнасці “Разам” адбылося ўшанаванне ахвяраў таталітарных рэжымаў.

Кветкі і знічкі ў памяць ахвяраў сталінізму
23 жніўня, згодна з рэзалюцыяй Еўрапарламенту ад 2003 года, штогод прыгадваюцца ахвяры таталітарызму, бо ў гэты дзень 1939 года адбылося падпісанне пакту Молатава — Рыбентропа (савецка-германскай дамовы аб ненападзе і сакрэтнага пратаколу да яе), якім сталінскі Савецкі Саюз і гітлераўская Германія падзялілі Еўропу на сферы зацікаўленасцяў.
Ва ўшанаванні пад бел-чырвона-белымі сцягамі прынялі ўдзел каля 25 актывістаў аргкамітэту руху і грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”. Прычым некаторыя з іх прыйшлі ва ўрочышча са сваімі дзецьмі.

Першае ў жыцці наведванне Курапатаў
Праваслаўны святар айцец Аляксандар (Шрамко) выказаў удзячнасць Усявышняму за тое, што з ягонай дапамогай выйшлі на волю беларускія палітвязні, і заклікаў беларусаў жыць з Богам, каб збудаваць справядлівую, светлую і квітнеючую Бацькаўшчыну.

Прамаўляе айцец Аляксандар (Шрамко)
Намеснік старшыні аргкамітэту руху Алесь Макаеў нагадаў, што не першы раз у Еўропе адзначаецца Дзень памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў — камуністычнага і нацысцкага. “Вось чаму ў гэты дзень мы прайшлі ў нацыянальную святыню беларусаў, каб ушанаваць памяць бязвінна палеглых людзей”, — сказаў палітык. Ён зазначыў, што ў гэты дзень ўшанаванні памяці рэпрэсаваных таталітарнымі рэжымамі адбываюцца ў многіх еўрапейскіх краінах.

Алесь Макаеў
Галіна Сіўчык — маці старшыні аргкамітэту руху Вячаслава Сіўчыка, які пяты год знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі, выказала падзяку ўсім тым удзельнікам аргкамітэта руху, хто амаль пяць гадоў штодня праводзіў малебны за вызваленне палітвязняў, а таксама заклікала беларусаў аб’яднацца дзеля таго, каб жыць у вольнай і незалежнай краіне. У адказ на яе заклік удзельнікі ўшанавання ўзяліся за рукі і ўтварылі жывы ланцуг.

Галіна Сіўчык

Возьмемся за рукі, сябры…
Актывістка руху Надзея Батура назвала цудам і вялікім святам вызваленне беларускіх палітвязняў, якое дае надзею на адраджэнне ў Беларусі сапраўднай прававой, дэмакратычнай і сацыяльнай дзяржавы.

Надзея Батура
Вячаслаў Піліпук — актывіст руху, былы слухач Мінскай вышэйшай інжынернай зенітна-ракетнай вучэльні супрацьпаветранай абароны , дзе ў 1985-1990 гадах выкладаў Мікола Статкевіч, распавёў, што ведае кандыдата ў прэзідэнты амаль 30 гадоў. На думку актывіста, Мікола Статкевіч з’яўляецца той асобай, якая можа аб’яднаць вакол сябе ўсіх неабыякавых да будучыні краіны. “Бо не разыходзяцца думкі, словы і ўчынкі гэтага чалавека, якому можна давяраць”, — падкрэсліў Вячаслаў Піліпук.

Вячаслаў Піліпук
Фота Марата Гаравога