Мінгарсуд прынёс прабачэнні
Мінскі гарадскі суд прынёс прабачэнні за парушэнні ў арганізацыі працэсу з боку Фрунзенскага раённага суда сталіцы. Пра гэта гаворыцца ў адказе Мінгарсуда на скаргу прадстаўнікоў грамадскасці ў Вярхоўны суд на дзеянні намесніка старшыні Фрунзенскага райсуда Аляксандра Кузьміча.
У скарзе за подпісамі грамадскіх дзеячаў Вацлава Арэшкі і Вінцука Вячоркі, а таксама аўтара гэтага артыкула, між іншым, адзначалася, што 23 чэрвеня мы звярнуліся ў суд Фрунзенскага раёна са зваротам на неправамерныя дзеянні Мінрайвыканкаму і ягонага старшыні Пятра Ярмаша, які забараніў правядзенне пікетавання ў абарону Курапатаў.
15 ліпеня ў першай палове дня кожнаму з нас патэлефанавалі з суду Фрунзенскага раёна і спыталі, ці вядома нам пра судовае пасяджэнне па звароту, прызначанае на 15 ліпеня а 15.00. Паколькі мы ўпершыню пачулі пра прызначэнне даты і часу судовага пасяджэння, таму адмовіліся у ім удзельнічаць, бо не былі падрыхтаваныя. У другой палове дня 15 ліпеня нам зноў патэлефанавалі з суду Фрунзенскага раёна і праінфармавалі пра прызначэнне судовага пасяджэння на 20 ліпеня а 10.00.
Раніцай 20 ліпеня, калі мы з’явіліся ў суд, на дошцы аб’яваў суду Фрунзенскага раёна, дзе месціцца інфармацыя пра справы, прызначаныя да разгляду ў гэты дзень, на графіку пасяджэнняў, запланаваных суддзёй А.Кузьмічом, адсутнічалі дадзеныя пра разгляд нашай грамадзянскай справы. Больш за тое, у суддзі А. Кузьміча на 10.00 быў прызначаны іншы судовы працэс — ТАА “Прыват М лізінг” да Касцюрына.
Такім чынам атрымоўвалася, што на 20 ліпеня разгляд нашай справы ўвогуле не быў прызначаны. Калі мы зазірнулі ў службовы кабінет №127 суддзі А. Кузьміча, дык убачылі, што там адбываецца судовы працэс. У гэтай сітуацыі мы вымушаныя былі звярнуцца да старшыні суду Фрунзенскага раёна. І тады сакратар суду Ганна Кавальчук сама пайшла ў кабінет да суддзі А.Кузьміча і праз нейкі час паведаміла нам, што разгляд нашай справы ўсё-такі адбудзецца а 10.00 у другім корпусе суду. За 10 хвілін да пачатку працэсу спадарыня Г.Кавальчук папярэдзіла нас, што разгляд справы перанесены ў першы корпус суду.
Трэба адзначыць, што на дошцы аб’яваў так і не з’явілася інфармацыя пра месца, дату і час разгляду нашай скаргі. Вось чаму журналісты, у прыватнасці карэспандэнтка Беларускай службы "Радыё Свабода" Галіна Абакунчык, якая збіралася папрысутнічаць на судовым пасяджэнні, так і не змагла гэта зрабіць, бо нідзе і ні ад каго не атрымала аніякай інфармацыі пра залу, у якой павінен быў адбыцца разгляд грамадзянскай справы.
Найбольш яскравым сведчаннем парушэнняў у арганізацыі судовага працэсу стала судовая позва ў суд Фрунзенскага раёна на 15 ліпеня а 15.00. Згодна датам на паштовых штэмпелях, гэтая позва была адпраўлена заяўнікам 17, а атрыманая намі 20 ліпеня. Такім чынам, пасля вяртання з працэсу мы атрымалі позву ў суд, які павінен быў адбыцца пяць дзён таму.
Мы прасілі Вярхоўны суд разгледзець нашу скаргу ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і прыцягнуць да адказнасці суддзю Аляксандра Кузьміча. На нашае меркаванне: калі намеснік старшыні суда Фрунзенскага раёна з такімі парушэннямі арганізуе судовы працэс, узнікаюць сумненні ў яго кампетэнтнасці пры разглядзе справы па сутнасці.
У дадатак да скаргі мы прыклалі шэраг здымкаў, у тым ліку графіку справаў А. Кузьміча на 20 ліпеня, судовай позвы і канверта, дзе яна знаходзілася.
У сваім адказе на нашу скаргу Мігарсуд паведаміў што па выяўленых парушэннях да вінаватых асоб былі прынятыя адпаведныя меры рэагавання з боку кіраўніцтва суда Фрунзенскага раёна. Апроч таго, Мінгарсуд прынёс нам свае прабачэнні за парушэнні, дапушчаныя судом Фрунзенскага раёна.
Разам з тым, Мінгарсуд не знайшоў падстаў для прыцягнення да адказнасці суддзі суду Фрунзенскага раёна Аляксандра Кузьміча.