У Мінску вуліцу Савецкую хочуць перайменаваць у гонар фундатара Чырвонага касцёла
У Мінску касцёл святых Сымона і Алены, таксама вядомы як Чырвоны касцёл, выступіў з ініцыятывай перайменавання вуліцы Савецкай, на якой змешчаны будынак касцёла, у вуліцу Эдварда Вайніловіча.
Падпісаць зварот з гэтай нагоды можна ў закрыстыі Чырвонага касцёла, касцёльных кіёсках і бібліятэцы, паведамілі КРЫНІЦА.INFO ў касцёле.
Эдвард Вайніловіч (1847–1928) з’яўляўся глыбока веруючым, сумленным і працавітым чалавекам, абаронцам права прыватнай уласнасці. Актыўна падтрымліваў беларускі нацыянальны рух, разам з тым не прымаючы сацыялістычныя кірункі апошняга.
Ён у 1883–1917 гадах быў ганаровым міравым суддзёю Слуцкага павета і дэпутатам дваранства ад Слуцкага павета ў Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе; у 1888–1907 гадах быў віцэ-старшынёй, а ў 1907–1921 старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Абіраўся ў 1906–1909 гадах у Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі. Займаў пасаду у 1907–1908 гадах старшыні Краёвай партыі Літвы і Беларусі, выступаў за аўтаномію Беларусі і Літвы ў складзе Расійскай імперыі, скасаванне саслоўных адрозненняў, ліквідацыю сялянскага малазямелля, развіццё сістэмы бясплатнай пачатковай адукацыі, прававую роўнасць народаў, моў, культур, канфесій і іншыя. Дзякуючы яго намаганням былі ўведзеныя земствы ў Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губернях, што паспрыяла развіццю гэтых зямель.
У 1905–1910 гадах на свае грошы пабудаваў у Мінску касцёл Святога Сымона і Святой Алены ў памяць аб сваіх заўчасна памерлых дзецях. Быў шчырым католікам, але і заўзятым прыхільнікам міжнацыянальнага і міжканфесійнага міру, свабоды сумлення; будаваў праваслаўныя цэрквы, стаў заснавальнікам камітэта абароны праў яўрэяў і татар у Клецку. У час Першай сусветнай вайны аказваў дапамогу бежанцам і ахвярам вайны.
Памёр у вымушанай эміграцыі ў Польшчы. У 2006 годзе труна з рэшткамі Эдварда Вайніловіча была ўрачыста перапахаваная ў Мінску каля Чырвонага касцёла. Зараз прадпрымаюцца спробы па яго беатыфікацыі.