У Смаргоні растуць бананы, ананасы, грэйпфруты...

Сёлета зімоваму саду, які месціцца ў  смаргонскім політэхнічным ліцэі, споўнілася 15 гадоў. За гэты час тут назбіралася больш за 1000 раслін.



get876_img.jpg

Наведнікаў уражвае экзатычнасць раслін

— Першыя расліны з’явіліся ў 1998 годзе, — распавядае аграном ліцэя Вольга Калініна. — Тады іх нам дапамог высадзіць Мінскі батанічны сад. Пачыналі нашу калекцыю недзе з 18 раслін. Ну а цяпер тут назбіралася больш за 1000 раслін каля 270 відаў.

У асноўным, у нас трапічныя і субтрапічныя расліны. З пладаносных ёсць фінікі, псідыум, альбо сунічнае дрэва (памер плода са сліву, колер вішні, а смак — як у лясной суніцы), інжыр, фейхоа, кава, ананасы, бананы, грэйпфруты. Усе яны ў нас даюць плады, але ў свой час.

 

get_img?ImageId=18050

— Расліны ў вас зусім не зімовыя, чаму ж сад так называецца?

— Сад наш называецца “зімовым”, бо зімой у нас цвіце нават больш раслін, чым летам.

— Ці цяжка даглядаць за такой колькасцю раслін?

— Адзінае, падчас спякоты цяжка, бо ў нас штодзень шчодры паліў і шмат вільгаці. Падняўшыся нават на паўтара метра вышэй, ужо няма чым дыхаць. У нас у даху шклопакеты, таму калі стаіць моцная спёка, некаторыя расліны нават абгараюць.

get_img?ImageId=18056

Вольга Калініна

— Вы ўсе плады свайго сада пакаштавалі? Наколькі ж яны адрозніваюцца ад тых, якія можна набыць у краме?

— Напрыклад, лімоны ў нас пладаносныя круглы год. У іх у параўнанні з купленымі ў краме больш насычаны пах. Часта ў нашым садзе фатаграфуюцца падчас вяселляў. І калі саспелі грэйпфруты, маладым парам хацелася зрабіць кадр менавіта каля іх, а яшчэ і дакрануцца. Аднойчы адзін трэснуў. Пах тады ад яго быў на ўвесь сад! Да таго ж, наш грэйпфрут больш салодкі.

get_img?ImageId=18051

 

 

get_img?ImageId=18053

Кававае дрэва

 

Увогуле, мы імкнёмся дзяліцца сваімі пладамі з наведнікамі. Напрыклад, калі гранаты саспяваюць, мы даём усім ахвотным пачаставацца. Гэтак жа дзелімся і пладамі манстэры. Мы не скупыя, — смяецца спадарыня Вольга.

 

— А якія расліны больш за ўсё прывабліваюць наведнікаў?

— Літаральна ўсе! Але калі цвітуць і пладаносяць. Калі спеюць ананасы, многія кажуць: “А мы думалі, што яны растуць на дрэвах!” А пра тое, што ананас — гэта травяністая расліна, нават і не ведаюць. Ну, і натуральна, што нашых людзей цікавіць тое, што расце не ў нас, а замежнікаў, наадварот, здзіўляюць мясцовыя расліны.

 

get_img?ImageId=18054

Тут растуць грэйпфруты

 

 

get_img?ImageId=18052

А тут — ананасы

 

get_img?ImageId=18057

 

 

get_img?ImageId=18055

Настасся Роўда, www.rh.by

Фота Настассі Роўды