Уладзімір Някляеў: я не сыду з палітыкі

Уладзімер Някляеў выйшаў з апазіцыйнага грамадскага руху «Гавары праўду», але не выйшаў з палітычнага жыцця. Паэт не выключае, што неўзабаве ён створыць новы палітычны праект. Пра гэта паэт і грамадскі дзеяч паведаміў у інтэрв'ю Польскаму радыё.



neklyaev_int_ris.jpg

У сераду Уладзімер Някляеў наведаў Варшаву, дзе сустрэўся з дэпутатамі польскага Сейму. З Уладзімерам Някляевым размаўляў Аляксандр Папко.

— Спадар Уладзімер, вы сёння былі на сустрэчы з дэпутатамі польскага парламенту. Пра што ішла гаворка?

— Тэма сустрэчы — выбары, да якіх беларуская дэмакратычная апазіцыя падыходзіць непадрыхтаванай. Я прыклаў усе намаганні ля таго, каб на гэтыя выбары мы выйшлі адзінай сілай — гэта значыць з адзіным кандыдатам і адзінай праграмай. Але гэтага, на жаль, зрабіць не ўдалося, таму мне прыйшлося выйсці з апазіцыйнай кааліцыі. Але гэта не азначае, што я выйшаў з палітыкі, выйшаў з барацьбы за незалежную, суверэнную, дэмакратычную Беларусь.

— Якія парады вы далі дэпутатам польскага Сейму, наконт таго, як трэба праводзіць палітыку ў стасунку да Беларусі?

— Каму я павінен даваць парады? Польскім дэпутатам? Я нікому парадаў не даю, і яны ніякіх парадаў не давалі. Праблема заключаецца ў тым, што падтрымка дэмакратыі ў Беларусі становіцца ўсё меншай. Яна сыходзіць, як вадаў пясок. І польскі сэйм, па ініцыятыве дэпутатаў якога мы прыехалі, і Польшча застаецца адзінай нітачкай, праз якую гэтая падтрымка ідзе. Далей — у Заходняй Еўропе гэтая падтрымка ўжо амаль не адчуваецца. Яны пачалі гуляць у дыялог, у лібералізацыю. І не патрабуюць узамен нічога з таго, што трэба было б патрабаваць.

— А што трэба было б патрабаваць?

— Ну хоць бы вызвалення палітвязняў! Што, уся Еўропа не можа вызваліць хаця б аднаго былога кандыдата ў прэзідэнты Статкевіча?! Што тады робіцца ў гэтым дыялогу?! Я пытаўся пра гэта еўракамісара Хана, калі мы сустракаліся ў Менску. Пра якія крокі Еўропа можа сказаць «мы нечага дасягнулі»? Можа вялікія палітыкі нешта трымаюць у сакрэце, але такіх дадзеных я ня маю.

— Што, на ваш погляд, будзе адбывацца падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі? Ці байкатаваць іх ня будзе самай слушнай стратэгіяй?

— Вы ведаеце, што азначае байкот? Усе кажуць пра байкот, разумеючы пад гэтым, што людзі лягуць на канапы і не пойдуць на ўчасткі. Гэта зусім не байкот. Для гэтага ёсць іншы тэрмін. Калі б у Беларусі можна было зрабіць байкот, то гэтым трэба б было займацца. Аднак для байкоту патрэбнае актыўнае грамадства. А тое, што вы маеце на ўвазе — гэта проста «не пайду»! Дык паводле сацыялагічных даследаванняў ня пойдзе недзе 15% выбарцаў. Людзей проста пагоняць на ўчасткі. Людзі самі пойдуць, баючыся што іначай іх вытураць з працы.

Што я хацеў зрабіць праз адзінага кандыдата і адзіную праграму? Давесці пра небяспеку, якая сёння пагражае Беларусі, і згуртаваць грамадства ў адзіную сілу перад гэтай небяспекай. Вось галоўная задача. Сёння размова не пра тое, будзе ці ня будзе нейкі прэзідэнт, а ў тым, будзе ці ня будзе Беларусь.

— Што рабіць усім тым, хто жадае бачыць Беларусь свабоднай дэмакратычнай краінай? Палітычныя структуры дэградавалі. Што рабіць тым, хто хоча нешта рабіць?

— Сталець і змагацца за Беларусь. Ёсць шмат магчымасцяў удзельнічаць у палітычных працэсах. Да мяне прыходзяць людзі, тэлефануюць, пішуць, стараюцца арганізавацца. Значыць, трэба іх арганізаваць. І я, дарэчы, збіраюся гэтым заняцца. Я бачу, што мой першапачатковы план быць у палітыцы незалежным наўрад ці можа быць рэалізаваны.

— Значыць, хутка з'явіцца ваш новы палітычны праект?

— Аднаму такую справу не зрабіць. Для гэтага мне трэба сабраць саюзнікаў. Калі я змагу сабраць неабходных людзей, то можа быць. Справа нават ня ў колькасці людзей, а ў якасці.

Размаўляў Аляксандар Папко, www.radyjo.net