Усе мы Шарлі

Расстрэл рэдакцыі часопіса «Charlie Hebdo» прымусіў Беларусь яшчэ раз задумацца пра свабоду слова, узгадаць мінулае і задумацца пра будучыню. Трагедыя таксама паказала, наколькі маленькі і цесны свет.



150115010133_charlie_624x351_afp.jpg

«Выпуск тых, хто выжыў» — наклад «Charlie Hebdo» дасягнуў 5 мільёнаў асобнікаў

Нагадаем, 7 студзеня ў офісе рэдакцыі французскага сатырычнага часопіса «Charlie Hebdo» былі расстраляныя 12 чалавек, у тым ліку вядомыя ўсёй Францыі карыкатурысты, і два паліцэйскія, якія паспрабавалі супрацьстаяць тэрарыстам. Гэтая трагедыя паказала, наколькі маленькі свет. Адзін з загінулых журналістаў, Мішэль Рэно, як высветлілася, быў жанаты з гамяльчанкай і нават ладзіў у гомельскай галерэі Вашчанкі персанальную выставу «Падарожжа вакол свету ў 80 фотаздымках».

Афіцыйная рэакцыя

Афіцыйны Мінск не толькі паспачуваў французскаму народу, але і, карыстаючыся момантам, асудзіў «любыя формы і праявы тэрарызму і экстрэмізму». Прынамсі, пра гэтае асуджэнне гаворыцца ў спачуванні Аляксандра Лукашэнкі, які той 8 студзеня накіраваў французскаму прэзідэнту Франсуа Аланду.

У жалобным мітынгу 11 студзеня, на які выйшла каля двух мільёнаў французаў, прыняў удзел беларускі пасол у Францыі Павел Латушка. Але і тут ён не толькі выказваў спачуванні і асуджэнне тэрарызму. Бачна, яго ўразіла колькасць кіраўнікоў дзяржаваў, якія прыляцелі ў гэты дзень у Францыю. Дыпламат мяркуе, што адна толькі прысутнасць кіраўнікоў дзяржаваў на жалобных мерапрыемствах можа быць стымулам для больш глыбокай ацэнкі падзеяў у свеце і выпрацоўцы сумесных падыходаў па нармалізацыі сітуацыі ў канфліктных рэгіёнах — на Бліжнім Усходзе і ва Украіне.

Чалавечая салідарнасць

Пасля тэракту ў Парыжы беларусы ўскладалі кветкі да французскага пасольства ў Мінску: неабыякавыя грамадзяне, прадстаўнікі журналісцкай супольнасці, палітычных арганізацый. Актыўна падтрымалі лозунг «Я — Charlie Hebdo» і беларускія карыстальнікі інтэрнэту.

У Гомелі, у галерэі Вашчанкі адкрылася выстава Мішэля Рэно. Пяць гадоў таму, падчас персанальнай выставы, Рэно падараваў галерэі 10 фотаздымкаў, зробленых у розных кутках Зямлі: у Эфіопіі, Маўрытаніі, Францыі, В’етнаме, Буркіна-Фасо, Інданезіі. Супрацоўнікі галерэі дадалі да Мішэлевых свае здымкі, зробленыя падчас той выставы пяць гадоў таму — і выйшла цэлая экспазіцыя.

Калі парыжане сабраліся на мітынг жалобы і салідарнасці, адпаведныя акцыі прайшлі і ў Беларусі. Па закліку былога рэдактара беларускай сатырычнай газеты «Навінкі», якая была зачынена ўладамі, Паўлюка Канавальчыка, да французскага пасольства ў Мінску прыйшлі некалькі чалавек, якія стаялі з плакатамі «Je suis Charlie».

Зноў жа, і тут мы даведаліся, які цесны свет. Аказалася, што ў свой час газета «Навінкі» супрацоўнічала з «Charlie Hebdo», і нават планавала пераклад і перавыданне французскіх коміксаў на беларускую мову. «Гэтых людзей мы, збольшага, добра ведаем, і таму нас вельмі блізка закранула гэтая трагедыя. Не толькі ў плане таго, што гэта нашыя калегі, але таму, што гэта нашыя завочныя сябры», — адзначыў Канавальчык.

Сярод тых, хто выйшаў на гэтую акцыю, быў і лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. «Я магу пражыць і ў Беларусі фактычна без любога медыя, інфармацыйнага рэсурсу. Але я думаю, што Беларусі цяжка пражыць без свабоды слова», — акцэнтаваў ён сітуацыю з тэрактам у Парыжы.

У Віцебску праваабаронца Павел Левінаў і некалькі віцебскіх журналістаў таксама фатаграфаваліся з плакатам «Je suis Charlie» на фоне вядомага графіці: трох жалезных клетак і птушак з газеты, якія вырываюцца на волю. Раней за фотаздымкі на гэтым фоне Левінава і іншых арыштавалі, абвінаваціўшы ў правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства.

Няўдалы піяр

Прэс-сакратар КДБ Артур Стрэх на фоне тэракту ў Парыжы паведаміў тэлеканалу «Беларусь 1», што ў сінявокай затрымалі 20 мусульман-салафітаў, якія стварылі сваю суполку пад уплывам місіянераў адной з арабскіх экстрэмісцкіх арганізацый. Расійскае РИА «Новости» са спасылкай на «Беларусь 1» паведаміла пра восем іншаземцаў, якія былі высланы з краіны.

Праўда, чым больш журналісты капаліся ў гэтай гісторыі, тым больш было «непаняткаў». У БТ казалася пра восем замежнікаў, у інтэрв’ю таго ж Стрэха «Еўрарадыё» іх колькасць скарацілася да пяці. Затрыманне, як высветлілася, адбывалася ўвосень мінулага года. А калі пачалі «капаць» далей, аказалася, што і затрымання як такога не было.

Група мусульманаў па пятніцах малілася ў вёсцы Калядзічы Мінскага раёна. Іх папярэджвалі, каб яны зарэгістраваліся як рэлігійная арганізацыя, аднак гэтага яны не зрабілі. Да таго ж будынак, у якім ішлі малітвы, не быў аформлены, як мячэць. Паступіла нейкая скарга, і туды наведаліся людзі з КДБ і МУС.

Сам Стрэх прызнаў, што гэтыя людзі «пакуль не здзейснілі нічога супрацьпраўнага», акрамя малітвы без рэгістрацыі. Таму затрыманыя іншаземцы былі дэпартаваныя, а з беларусамі правялі прафілактычную гутарку і адпусцілі на ўсе чатыры бакі. Зараз гэтыя мусульмане, якіх на ўсю краіну абвесцілі экстрэмістамі, спакойна моляцца ў зарэгістраванай мячэці Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Смілавічах Мінскага раёна. «Ніхто дрэннымі справамі тут не займаецца. Памаліліся і з’ехалі», — каротка канстатаваў старшыня абшчыны мусульманаў у Смілавічах Сапар Канапацкі.

Рэлігія альбо свабода слова?

У інтэрнэце з нагоды тэракта ў «Charlie Hebdo» разгарэлася пэўная дыскусія. Узгадалі не толькі «Навінкі», але і зачыненую газету «Згода», якая ў 2006 годзе размясціла артыкул пра нападкі на дацкую газету «Jullands-Posten», якая змясціла карыкатуры на прарока Мухамеда (для ілюстрацыі артыкула “Згода” дала некалькі тых карыкатур). Маўляў, і «Згода», і «Charlie Hebdo» дазволілі сабе зняважыць пачуцці вернікаў, і тым самым яны самі вінаватыя ў тым, што адбылося. Праўда, у Беларусі «ўсяго толькі» выпускаючага рэдактара за кратамі тры месяцы пратрымалі ды газету ліквідавалі, а ў Парыжы — вось як. А таму тут пытанне ідзе пра знявагу мусульманаў, а не пра свабоду слова.

Але ці ідзе тут гаворка пра рэлігію ўвогуле?

Па-першае, «Charlie Hebdo» не засяроджвалася на мусульманах. На тэму хрысціянства і іншых рэлігіях у іх карыкатураў было не менш, чым на тэму ісламу. Таму пра нейкую «выбарнасць» тут гаворка не ідзе. Можа, мусульмане больш хваравіта ўспрымаюць карыкатуры, таму што ўвогуле выява прарока Мухамеда ў ісламе непрымальная?

Нават калі і так, то ёсць «па-другое». Нягледзячы на тое, што тэрарысты крычалі, што яны «адпомсцілі за прарока», напад на «Charlie Hebdo» быў здзейснены не пасля публікацыі карыкатураў на прарока. Тэракт ажыццявілі пасля таго, як часопіс надрукаваў карыкатуру на лідара «Ісламскай дзяржавы» Абу Бакр аль-Багдадзі.

Між іншым, у сеціве з’явілася пасмяротнае відэа аднаго з тэрарыстаў, Амедзі Кулібалі, які прызнаецца, што з’яўляеца ўдзельнікам групоўкі «Ісламская дзяржава».

Відавочна, спрэчкі пра тое, ці абражаюць рэлігійныя пачуцці мусульманаў карыкатуры на прарока Мухамеда, весці можна. Але калі за такую «абразу» выдаецца карыкатура на палітычнага дзеяча — гэта ўжо занадта. Так мы ўвогуле застанемся без карыкатураў і палітычнай сатыры.

Варта зазначыць, што не ўсе мусульмане пакрыўдзіліся на «Charlie Hebdo», і нават не ўсе тэрарысты. Як паведамляе руска-ізраільскі партал newsru.co.il, «лідар ліванскай шыіцкай тэрарыстычнай арганізацыі «Хізбалах» Хасан Насралла заявіў, што экстрэмісты, у тым ліку, «Ісламская дзяржава», прычынілі больш шкоды ісламу, чым карыкатуры на прарока Мухамеда. Насралла заявіў, што тэрарысты сваімі злачынствамі, напрыклад, адсячэннем галоваў нявінным людзям з нагоды дня нараджэння прарока Мухамеда, абражаюць іслам нашмат мацней, чым французскія карыкатурысты.

Усе мы Шарлі

Тэракт у «Charlie Hebdo» яшчэ раз прымусіў задумацца, у якой краіне мы жывем і як розныя сістэмы рэагуюць на выклікі. Напрыклад, як рэагуе грамадства дэмакратычнае?

На акцыю ў падтрымку «Charlie Hebdo» ў Парыжы выйшла каля 2 мільёнаў чалавек. Новы нумар часопіса, на вокладцы якой быў змешчаны прарок Мухамед, які плача і трымае таблічку «Я — «Charlie Hebdo», выйшаў накладам ў тры мільёны экземпляраў замест 60 000. І гэты наклад французы раскупілі за лічаныя гадзіны, давялося друкаваць яшчэ 2 мільёны.

А як рэагуе грамадства аўтарытарнае ці таталітарнае? У Расіі Камчацкае ўпраўленне Роскамнагляду разаслала ў мясцовую прэсу ліст, у якім папярэдзіла аб недапушчальнасці «размяшчэння ў СМІ любых карыкатур на рэлігійных дзеячаў». Акрамя таго, ведамства не рэкамендуе інтэрнэт-СМІ змяшчаць гіперспасылкі «на матэрыялы іншых СМІ (у тым ліку замежных), аўтарскія матэрыялы, якія апраўдаюць дадзеныя падзеі, карыкатуры рэлігійных дзеячаў». Невыкананне гэтай рэкамендацыі будзе разглядацца як парушэнне закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці».

У Беларусі акрамя пужалкі ад КДБ пра «мусульманаў-тэрарыстаў», не было нічога. Пужалка разлічаная, канешне, на грамадства ўвогуле: маўляў, «усе мы пад каўпаком». Але аніякіх захадаў па абмежаванні свабоды слова не было.

Не было не таму, што беларускія ўлады вельмі ліберальныя, а таму, што нашая «свабода слова» ўжо ўціснутая ў такія межы, што перадрук, напрыклад, карыкатураў амаль немагчымы — усе памятаюць, чым гэта скончылася для вышэйзгаданага Здвіжкова. Не трэба і дадатковых «указівак», кшталту расійскіх — дзякуючы новаму закону пра СМІ, любы падобны перадрук ужо ёсць падставай для папярэджання выданню.