Вадзіма Жаромскага сёння дапыталі ў Смаргоні (дапоўнена)
Былы фігурант «справы графіцістаў» не паспеў прыехаць у Смаргонь да бацькоў, як пачаліся тэлефанаванні з міліцыі.
Ён не
адказваў на званкі, бо кажа, што праваахоўнікі тузаюць яго з розных нагодаў у
кожны прыезд у горад. У выніку дадому прынеслі позву на допыт у РАУС — на 12:00
4 лістапада.
Тэлефанаванні распачаліся ў дзень прыезду, у сераду 1 лістапада, а позву прынеслі ў чацвер, удакладняе Вадзім Жаромскі. Выклікае яго ўчастковы інспектар міліцыі Жук Д. І. у якасці сведкі. Па якой справе — у позве не ўказана.
Паводле вуснага тлумачэння міліцыянта, дазвол на допыт даў Следчы камітэт.
Са слоў Жаромскага, у РУУСе ўчастковы Жук патлумачыў, што ў горадзе з’яўляюцца ўсё новыя малюнкі і налепкі, таму яны праводзяць аператыўную працу. Міліцыянт узяў з яго тлумачэнні, якія запісваў сам. Пытанні задаваў розныя: ці з’яўляецца Жаромскі сябрам розных моладзевых групаў, ці ведае што пра малюнкі трох-чатырохгадовай даўніны, ці ведае, хто мог іх наносіць. Хлопец адказаў, што не ведае, пра што ідзе гаворка.
Падчас мінулага прыезду ў Смаргонь, са слоў Жаромскага, яго хацелі выклікаць у міліцыю таксама ў сувязі з нейкім графіці — з’яўленне ўсіх графіці ў горадзе праваахоўнікі звязваюць з ім.
Варта дадаць, што 25 сакавіка гэтага года смаргонская міліцыя правяла вобшук дома ў бацькоў Вадзіма Жаромскага, у той час як самога хлопца пільнавалі ў Мінску. Супрацоўнікі міліцыі тады забралі некаторыя рэчы і патлумачылі, што вобшук быў звязаны са з’яўленнем на будынку райвыканкаму графіці палітычнага зместу. Праўда, ўзгаданы імі інцыдэнт здарыўся яшчэ ў сакавіку 2015 года (і тады яго нікуды не выклікалі), аднак, маўляў, нечакана быў знайшоўся нейкі сведка.
Увогуле хлопец адзначае, што праваахоўнікі "сочаць і тыраняць" не толькі кожны раз, калі ён прыязджае ў Смаргонь, але і ў Мінску: “За паўгады гэта ўжо другая крыміналка і тры адміністратыўкі, якія яны не могуць даказаць, а проста крывю п’юць”.
“Дзве крымінальныя справы за графіці і адна адміністратыўная “за экстрэмізм” заведзеныя ў Смаргоні. Адна адміністратыўная за нібыта распаўсюд на вуліцы экстрэмісцкіх матэрыялаў, а другая за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным шэсці — у Мінску. Пры тым, што ў Мінску затрымлівалі і выпытвалі, чаму мяне шукаюць “за экстрэмізм” у Смаргоні”, — тлумачыць Жаромскі.
8 чэрвеня гэтага года беларускія памежнікі забралі пашпарты і знялі Вадзіма Жаромскага з яго спадарожніцай з цягніка, які ішоў у Вільню, аднак пасля асабістага дагляду іх адпусцілі.
Нагадаем, 20 жніўня 2015 года графіцістам Вадзіму Жаромскаму, Максіму Пякарскаму і Вячаславу Касінераву прад’явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу — “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў” — за нанясенне беларускамоўных графіці і запэцкванне бігборду ў Мінску. Іх затрымлівалі як небяспечных злачынцаў, з нанясенняем цялесных пашкоджанняў. Па прад’яўленым артыкуле ім пагражала абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў. Экспертыза нанесеных імі надпісаў не выявіла ў іх прыкметаў экстрэмізму. Матэрыяльная шкода за псаванне бігбордаў цалкам была выплачаная. 29 студзеня суд Фрунзенскага раёна Мінска пакараў іх штрафамі ад 30 да 50 базавых велічынь.