Вакцына ад каронавіруса абыйдзецца Беларусі ў 50 млн рублёў. Але лічбы не сходзяцца

Закупка вакцыны ад каронавіруса для правядзення масавай вакцынацыі абыдзецца Беларусі ў 50 млн рублёў. Гэта вынікае з заявы начальніцы Галоўнага ўпраўлення фінансавання сацыяльнай сферы і навукі Міністэрства фінансаў Таццяны Астрэйкі.

iocwhgdduy2o2xe.jpg


«Міністэрству аховы здароўя прадугледжваецца 50 млн рублёў на закупку 2 млн доз вакцыны ад каронавіруса», — прыводзіць яе словы REFORM.by са спасылкай на БелТА.

Раней прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя заяўлялі, што хацелі б на першым этапе масавай вакцынацыі прышчапіць блізу 2 млн чалавек. Прышчэпкі будуць праводзіцца Расійскай вакцынай «Спутнік V», плануецца арганізаваць яе вытворчасць у Беларусі.

Астрэйка ацаніла кошт лячэння аднаго пацыента з COVID-19 у суму ад 300 да 3300 рублёў у залежнасці ад ступені цяжкасці захворвання.

«Калі параўнаць, то закупка вакцыны ў разліку на чалавека 30 рублёў дае значны эфект. Мы зможам не толькі сфармаваць калектыўны імунітэт у грамадстве, але яшчэ значна зэканоміць сродкі для таго, каб гэтыя рэсурсы былі накіраваныя на абсталяванне і ўмацаванне сістэмы аховы здароўя ў цэлым», — упэўненая Астрэйка.

Аднак, калі Мінздароўя атрымае на закупку 2 млн доз вакцыны 50 млн рублёў, атрымліваецца, што кошт адной вакцыны складае 25 рублёў. Калі спадарыня Астрэйка кажа пра «закупку вакцыны ў разліку на чалавека 30 рублёў», то Мінздароўя павінна было атрымаць 60 млн. рублёў. Відавочна, што альбо Мінздароўя не хапае 10 млн. рублёў, альбо гэта нейкі «адкат».

Клінічныя выпрабаванні расійскай вакцыны «Спутнік V» праходзяць і ў Беларусі. Афіцыйна ў іх бяруць удзел 100 чалавек, аднак, мяркуючы па ўсім, вакцыну ўжо маглі атрымаць многія вышэйшыя чыноўнікі. Пакуль афіцыйна вядома, што прышчэпленыя прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка і прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

Як вынікае з нядаўняга «зліву» размовы меркавана, Эйсмант, і, меркавана, асабістага памочніка Лукуашэнкі Мікалая Латышонка, на прэс-сакратарку Лукашэнкі вакцына «Спутнік V» не падзейнічала — яна ўсё роўна адчувала, прынамсі, сімптомы хваробы.

dsc_4720.jpg


У Расіі вакцынацыя пачалася 5 снежня ў Маскве. За межамі Масквы вакцынацыя павінна пачацца да 13 снежня. Не будуць рабіць прышчэпку людзям з хранічнымі захворваннямі ў стадыі абвастрэння і алергіяй у цяжкай форме, а таксама цяжарным і кормячым маці. Яшчэ адным абмежаваннем з’яўляюцца іншыя прышчэпкі — пасля іх павінна прайсці не менш за месяц. Акрамя таго, вакцынаваны не павінен хварэць на ВРВІ як мінімум на працягу двух папярэдніх тыдняў.

Прэпарат складаецца з двух кампанентаў, таму вакцынацыя праводзіцца двухразова — гэта дае надзейны імунны адказ. Спачатку жыхарам увядуць першы кампанент вакцыны, а праз 21 дзень — другі.

Медыкі раяць за тры тыдні да вакцынацыі і тры тыдні пасля яе не ўжываць спіртнога, што, на думку шматлікіх каментатараў, у Расіі зрабіць складана.