Мінадукацыі рыхтуецца да адпраўкі школьнікаў на дыстанцыйнае навучанне?
На наступным тыдні Міністэрства адукацыі плануе прэзентаваць нацыянальны электронны рэсурс, які дазваляе праводзіць школьныя заняткі ў дыстанцыйнай форме.

Меркавалася, што платформа на ўсю моц запрацуе ўвесну, але нешта не спрацавала.
У другую хвалю захворвальнасць на COVID-19 яшчэ вышэйшая. Паводле звестак на 9 снежня, зноў выяўлена больш за 1850 новых выпадкаў. Таму гэтым разам, мяркуючы па ўсім, разглядаецца варыянт пераводу школьнікаў на дыстанцыйнае навучанне, піша «Наша Ніва».
На карысць гэтай версіі сведчыць тое, што ў базу ў першую чаргу запампоўваюцца матэрыялы менавіта для трэцяй чвэрці.
На платформе плануецца размясціць сотні відэаўрокаў. Працягласць урока для малодшых класаў будзе 5-7 хвілін, для 5-8 — 10-12 хвілін, для 9-11 — 15-17 хвілін.
«Падчас прагляду вучню неабходна будзе ставіць ролік на паўзу, выконваць пэўныя заданні, а затым зноў яго запускаць. Напрыклад, будуць гучаць заклікі адкрыць сшытак, рашыць задачу, і толькі пасля гэтага можна даведацца правільны адказ, і параўнаць са сваім вынікам», — расказала пра тое, як гэта будзе працаваць, намесніца дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Людміла Раманоўская.
Да ўрока будзе прыкладацца тэставае заданне. Акрамя таго мяркуецца, што з дапамогай платформы настаўнікі змогуць праводзіць і анлайн-урокі па прынцыпе відэаканферэнцыі.