Ад каронавіруса памёр Вячаслаў Кебіч

Сёння памёр былы прэм'ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч.

kebich_vas_tutby_phsl_img_4516_7p65o.jpg


Сёння памёр былы прэм'ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч. Яго смерць пацвердзілі «Нашай Ніве» яго сваякі. Яны ж распавялі, што першы кіраўнік урада незалежнай Беларусі памёр у бальніцы ад каронавіруснай інфекцыі.

Вячаслаў Францавіч Кебіч (10 чэрвеня 1936, в. Канюшаўчына, Навагрудскае ваяводства, цяпер Валожынскі раён, Мінская вобласць) — беларускі палітык, першы прэм’ер-міністр Беларусі ў перыяд з 1990 па 1994 гады.

Скончыў Беларускі палітэхнічны інстытут і Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ. Кандыдат эканамічных навук.

Пасля сканчэння інстытута працаваў інжынерам-тэхнолагам, старэйшым інжынерам-тэхнолагам, начальнікам участку, начальнікам цэха, намеснікам галоўнага інжынера Мінскага завода аўтаматычных ліній. У 1973—1978 галоўны інжынер, дырэктар Мінскага станкабудаўнічага завода імя Кірава. З 1978 генеральны дырэктар Мінскага вытворчага аб’яднання па выпуску працяглых і адразных станкоў імя Кірава. У 1980—1985 — другі сакратар Мінскага гарадскога камітэта КПБ, загадчык аддзелам ЦК КПБ, другі сакратар Мінскага абласного камітэта КПБ. У 1985—1990 намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР, старшыня Дзяржплана БССР. У 1990—1994 Старшыня Савета Міністраў БССР, прэм’ер-міністр Беларусі.

Член КПСС (1962—1991), член ЦК КПСС (1990—1991). Народны дэпутат СССР у 1989—1992. Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ў 1990 і 1995—1996, дэпутат Палаты прадстаўнікоў у 1996—2004.

Быў канкурэнтам Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года.

Адметна, што 8 снежня 1991 года разам са Станіславам Шушкевічам ад імя Беларусі падпісаў Белавежскае пагадненне аб ліквідацыі СССР.