Вінаватых зноў не пакаралі: журналіст амаль тры гады дабіваецца справядлівасці

Ленінскі суд Магілёва не знайшоў падставаў для крымінальнага пераследу чыноўніка і міліцыянта за перашкоду прафэсійнай дзейнасці журналіста Уладзімера Лапцэвіча. Такое рашэнне прынялі пасля амаль трохгадовага разбіральніцтва са справай у Следчым камітэце і самім судзе, перадае Свабода.

Уладзімір Лапцэвіч

Уладзімір Лапцэвіч

Журналіст хацеў прыцягнуць да адказнасці галоўнага спецыяліста адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва Канстанціна Кісцянёва і інспектара міліцыі Сяргея Калеснікава. Па словах Лапцэвіча, яны не дазволілі яму прысутнічаць на адкрытым сходзе аднаго з мясцовых гаражных каапэратываў 29 красавіка 2017 году і сілаю вывелі яго з будынка раённай адміністрацыі.
Лапцэвіч кажа, што службоўцы не звярнулі ўвагу на прад’яўленае ім пасведчанне карэспандэнта БелаПАН.
Паводле яго Кісцянёў і Калеснікаў парушылі два артыкулы Крымінальнага кодэксу: «Перашкода законнай прафэсійнай дзейнасці журналіста» і «Перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў».
За прамінулы час Следчы камітэт больш за 20 разоў адмаўляў журналісту ва ўзбуджэнні крымінальнай справы — але потым пастановы скасоўвалі і суд, пракуратура і самі следчыя прызначалі новыя праверкі. У выніку назбіралася чатыры тамы матэрыялаў.
10 студзеня суддзя Вольга Ратнікава пастанавіла: у дзеяннях службоўцаў адсутнічае склад злачынства. Паводле яе рашэння яны не наносілі «істотнай шкоды правам і законным інтарэсам Лапцэвіча», у іхных дзеяннях не было «карыслівай, або іншай зацікаўленасці», а таксама іншых дзеянняў спалучаных з гвалтам.
Уладзімер Лапцэвіч збіраецца абскарджваць пастанову Ратнікавай. Ён настойвае, што дзеянні службоўцаў былі недапушчальныя і незаконныя.