Вольга Маёрава: «Мова стала сродкам зносін высокаадукаваных слаёў насельніцтва»

Палітзняволеная Вольга Маёрава з-за кратаў піша пра беларускую мову.

volga_maerova_15_06_1.jpg


Палітзняволеная актывістка Вольга Маёрава, затрыманая па «справе Мікалая Аўтуховіча», даслала на волю шчымлівы ліст пра свае адносіны з беларускай мовай і піша, што ў турме № 1 не хапае кніг па-беларуску, распавядае Вясна.
«Я разумею, як цяжка перайсці ад пісьма па-беларуску да размовы па-беларуску. Я таксама знаходжуся зараз у выключна рускамоўным атачэнні, бо сітуацыя моўная вельмі аптымістычна для мяне змянілася — мова стала сродкам зносін высокаадукаваных слаёў насельніцтва, а да гэтых тутэйшых сацыяльных нізоў яна яшчэ не дабралася. Думаю, што такога становішча не было на Беларусі з часоў Вялікага Княства Літоўскага, калі ўсё справаводства дзяржавы было на беларускай мове, а значыць, гэта была мова інтэлектуальнай эліты».
«Вось дастаткова сказаць канвою "дзякуй" — і нічога нікому больш тлумачыць не трэба. Вельмі гэта скарачае шляхі ўзаемаразумення паміж рознымі людзьмі».
«Адсутнасць суразмоўцаў моцна кампенсуецца чытаннем кніг на беларускай мове. Тут, безумоўна, пошук іх — рэч вельмі цяжкая. Але ж увогуле атрымаць тут добрую літаратуру — гэта нячастае шчасце, таму я не скарджуся. Да таго ж, я дачка бацькі, які прыехаў з расейскага Іванава ў 17 гадоў, і маці з татарскай сям’і з Казані. Зразумела, што ў нашай сям’і ніколі ніхто не размаўляў па-беларуску. Мне і зараз почасту не хапае лексікі, а пагугліць тут немагчыма. Я не лічу гэта горам, проста чытаю, пішу і размаўляю яе магу пакуль. А пачынала я з простага "прывітанне" і "дзякуй" у крамах».
«Яшчэ вельмі не хапае друкаваных (ніякіх) матэрыялаў па гісторыі Беларусі, але ж даслаць сюды літаратуру немагчыма. Выручаюць людзі, якія дасылаюць лісты з рознымі расповедамі і матэрыяламі. Напрыклад, у мяне нават ёсць "Лісты з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага і расповед аб лёсе рамана Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім"».
«Дзякуй вам усім, дарагія нашыя, часам значна бліжэйшыя, чым тыя, хто фізічна побач».