Сёння былая настаўніца беларускай мовы сустракае сваё 68-годдзе ў турме

Былую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эму Сцепулёнак затрымалі сёлета 29 верасня ў межах крымінальнай «справы Зельцэра». За каментары ў сацсетках ёй выставілі абвінавачанне паводле артыкулаў 369 і 130 КК. Цяпер ёй пагражае да 12 гадоў зняволення. 7 лістапада Эме Антонаўне спаўняецца 68 гадоў, але свой Дзень народзінаў жанчына правядзе за кратамі, а не ў коле сяброў.



photo_2021_11_07_11_24_19.jpg



Былыя калегі Эмы распавялі «Вясне» гісторыю жанчыны і заклікаюць усіх неабыякавых павіншаваць яе з Днём народзінаў з дапамогай паштовак, лістоў, тэлеграм і пасылак.

«На апошніх званках вучні задорвалі кветкамі»

Эма Антонаўна Сцепулёнак нарадзілася, вырасла і працавала ў горадзе Мёры на Віцебшчыне. Яна скончыла сярэднюю школу № 1 з залатым медалём і інстытут з чырвоным дыпломам, вучылася ў аспірантуры. Паводле адукацыі яна настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.
Некаторы час Эма Антонаўна працавала завучам па навучальнай працы ў сярэдняй школе № 3, а затым, да выхаду на пенсію, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.
«Яе заўсёды на апошніх званках вучні проста задорвалі кветкамі ў знак падзякі за веды, якія яна давала ім. Вельмі дасведчаная, эрудзіраваная спецыялістка. Пра гэта кажуць поспехі яе вучняў, якія займалі неаднаразова першыя месцы ў рэспубліканскіх алімпіядах па беларускай мове, не кажучы ўжо пра поспехі ў абласных і раённых алімпіядах», — распавядаюць былыя калегі са школы.
Таксама Эма Сцепулёнак абіралася дэпутаткай раённага савета. На момант затрымання яна была на пенсіі.

«Эма Антонаўна — унікальны чалавек»

Як кажуць знаёмыя, жанчына жыве адна:
«Але як кранальна клапацілася Эма Антонаўна пра сваю маці, асабліва ў апошнія гады ейнага жыцця, і пра пляменнікаў, якія жылі ў яе і хадзілі ў школу ў Мёрах».
Былыя калегі вельмі кранальна распавядаюць пра Эму як пра творчага чалавека, са шматлікімі хобі і ўлюбёнымі заняткамі. Яны паказалі нам фотаздымак Эмы з дываном, які яна сама вышыла.
«Эма Антонаўна — унікальны чалавек. Яна здольная выканаць любую працу, прычым не толькі жаночую, але і мужчынскую. Яна ўмее вязаць, шыць, вышываць, пячы. Яна і рамонт у хаце робіць сама, і лазню пабудуе, і ваду правядзе, і праводку адрамантуе, і дарожкі заліе.
Выдатны кветкавод. Які парадак у яе каля дома, кветкі пахнуць з ранняй вясны да позняй восені! Эма Антонаўна — творчы чалавек: яна і маляваць умее, шрыфтам валодае, пісала віншаванні ў вершах калегам да святаў і не толькі на беларускай мове. Можа не толькі верш напісаць — паэму! А як кранальна чытала яна вершы са сцэны, удзельнічаючы ў мастацкай самадзейнасці! Машыну водзіць дагэтуль. Працаголік па жыцці. Разумная, адказная, справядлівая».
Як адзначаюць калегі, калі хтосьці захоча спазнаць нюансы вывучэння і разумення беларускай мовы ці літаратуры, лепшай кансультанткі, чым Эма Антонаўна, не знайсці.
Былыя калегі Эмы заклікаюць усіх неабыякавых павіншаваць яе з Днём народзінаў з дапамогай паштовак, лістоў, тэлеграм і пасылак:  Следчая турма №8. 222163, Жодзіна, Савецкая, 22А, Эма Антонаўна Сцепулёнак.