Вось сімвал твой: зубры і зубраціна

Роўна сто гадоў таму ў Белавежскай пушчы быў забіты апошні вольны зубр. Цяперашнія і там, і ў іншых беларускіх лясах — нашчадкі прывезеных асобінаў дзеля ўзнаўлення папуляцыі. У выніку зуброў развялося столькі, што ладзяцца элітныя паляванні, а ў некаторых рэстаранах гатуюць стравы з зубраціны.

zubri_v_belarusi_photo.jpg


Чаму так, калі зубры, гэтыя сімвалы нашай краіны, па-ранейшаму чырвонакніжныя?

Чэмпіёны па зубрах

Лічыцца, што апошняга зубра з дзікай прыроды ў Белавежскай пушчы застрэліў ляснік з польскай вёскі Сточак Барталамеус Шапковіч 12 красавіка 1919 года. Дзеля мяса. Зрэшты, называецца і іншая дата — 9 лютага 1921 года.
У 1923 годзе для выпраўлення сітуацыі было створана Міжнароднае таварыства па ахове зубра, і праведзены перапіс тых жывёлін, што ўтрымліваліся ў заапарках свету. Налічылі паўсотні. Папуляцыю пачалі ўзнаўляць у спецыяльных загонах на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Пасля Другой Сусветнай вайны ўсе ацалелыя зубры засталіся ў польскай частцы пушчы. Але хутка гэтай справай заняліся і ў БССР. У адмысловы зубрагадавальнік летам 1946 года прывезлі з Польшчы некалькі асобінаў. Пудзіла аднаго з іх, Пугінала, стаіць цяпер у Музеі прыроды Белавежскай пушчы. А ўжо ў 1953 годзе сем беларускіх зуброў выпусцілі з загонаў на волю.
Цяпер Беларусь разам з Польшчай — лідары па колькасці гэтых дзікіх быкоў. Паводле Радаводнай кнігі зуброў, выдадзенай летась, на сёння ў свеце налічваецца больш за 7 тысяч галоваў, з іх вольна жывуць 5 тысяч. У Польшчы — усяго 1870 асобін, у нас крыху меней — 1830, у Расіі — 1250, у Германіі — 600, ва Украіне — 300, у Літве — больш за 200.
Па самых буйных беларускіх папуляцыях статыстыка такая: у Нацыянальным парку «Белавежская пушча» — 560 зуброў, у Асіповіцкім лясгасе — 440, у зверагаспадарцы «Азёры» Гродзенскага раёна — 280, у Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку — 160, у паляўнічай гаспадарцы «Чырвоны Бор» у Віцебскай вобласці — 130.

Чырвонакніжны адстрэл

Зубр — самы буйны звер з наземных млекакормячых у Еўропе. Што праўда, сучасныя сталіся драбнейшымі прыкладна на 15% за сваіх продкаў, якія былі ростам два метры і вагой у тону. Але тым не менш зубр быў і застаецца адным з сімвалаў Беларусі. Яго выявы, напрыклад, змешчаныя на гербах горада Свіслач, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, на лагатыпах завода «Белшына» і хакейнага клуба «Дынама». Многіх турыстаў уражвае вялізная пастава зубра на шашы М1 у Баранавіцкім раёне: яны спыняюцца сфатаграфавацца на яго тле. Вышыня «зубрынага» помніка ад зямлі да гарба — 20 метраў.

Зубр на 100-рублёвай купюры 1992 года

Зубр на 100-рублёвай купюры 1992 года

А вось некаторыя турысты прыязджаюць у Беларусь не толькі паглядзець на велічную істоту, але і паляваць зубра. Хаця ён і чырвонакніжная жывёліна, але паляванне цалкам законнае. На адстрэл аддаюць зуброў з так званага рэзервовага фонду, куды заносяць асобін нерэпрадуктыўнага ўзросту, а таксама хворых. Каштуе такое паляванне з трафеямі вельмі дорага — ад 6 тысяч еўра.
Таму паляваць зубра прыязджаюць пераважна заможныя замежнікі, у тым ліку расійскія. Паколькі праз санітарныя нормы вывезці за мяжу мяса гэтыя паляўнічыя, за выключэннем расійскіх, не могуць, то як трафеі забіраюць з сабой толькі каштоўныя чэрап з рагамі. А зубраціна можа пайсці на мясакамбінат ці ў рэстараны. І калі пад Гродна каля вёскі Стрыеўка мінулай і гэтай зімой аўтамабілі тройчы збівалі зуброў, то іхняе мяса таксама адпраўлялі на мясакамбінат.
Аддаюць на паляванне зуброў таму, што іх стала болей, чым вымагае экасістэмны баланс. Напрыклад, зубры могуць выціснуць з абшараў тых самых аленяў, незваротна пашкодзіць дрэвы часаннем рагоў. Нярэдка зубры заходзяць на блізкія сельскагаспадарчыя палі і чыняць шкоду: што не з'ядуць, то патопчуць. Зрэшты, стаўленне да палявання на зубра, хаця яно і лічыцца эксклюзіўным, сярод паляўнічых неадназначнае. Імпэтавасці тут няшмат, бо зубр — жывёліна статкавая, асабліва высочваць яе не трэба. Многія паляўнічыя кажуць, што забіць зубра, тым болей выбракаванага, — гэта як забіць звычайную карову.
Мяркую, не кожны захоча і пакаштаваць зубраціны...