Выбух на самым скандальным камбінаце Беларусі і арт-хмызнякі. Чэрвень у «годзе якасці»

За нашымі спінамі засталася ўжо палова «года якасці», абвешчанага рэжымам з мэтай прывесці краіну «ў парадак». Гэта дзясяткі аварый і выбухаў на прадпрыемствах, абрушэнні мастоў і збудаванняў, абяцанкі Лукашэнкі адрамантаваць усе дарогі да 9 траўня і шмат крынжу. Сабралі для вас самыя «якасныя» падзеі Беларусі за чэрвень!

vokladka_110.jpg

У Оршы ў заняпад прыйшоў адзін з найбольш унікальных і аўтэнтычных мастоў у краіне. Гутарка аб падвесным пешаходным мосце праз рэчку Оршыца, які злучае Гразілаўку з вуліцай Энгельса. Ён рэгулярна прыцягвае ўвагу вандроўнікаў і блогераў, што ствараюць кантэнт пра арыгінальныя рукатворныя аб'екты ў краіне, а таксама з'яўляецца вельмі прыцягальным аб’ектам для гутарак і баўлення часу сярод мясцовай моладзі. 

Падвесны мост праз Оршыцу, 2021 год. Фота аўтара

Падвесны мост праз Оршыцу, 2021 год. Фота аўтара

Але калі металічныя канструкцыі ўпэўнена «жывуць» і дагэтуль, драўлянае пакрыццё маста, вядома, патрабуе рэгулярнага дагляду. Дошкі лёгка псуюцца не толькі ад вільгаці і часу, але і ад вагі матацыклаў, мотаблокаў ды іншых транспартных сродкаў, праезд якіх па мосце забаронены. Нягледзячы на відавочную небяспеку, гараджан у спробах скараціць шлях яна не спыняе.

Глядзіце таксама

Як піша Orsha.eu, цяпер аршанская славутасць патрабуе капітальнага рамонту, бо старое пакрыццё правалілася так, што зараз прайсці па дошках немагчыма. Апошні раз у такім стане падвесны мост быў у 2016 годзе — тады праламаныя дошкі хутка замянілі. 

Пашкоджанае пакрыццё на аршанскім мосце. Фота: Orsha.eu

Пашкоджанае пакрыццё на аршанскім мосце. Фота: Orsha.eu

Яшчэ больш жорсткімі кадрамі стану беларускіх пуцеправодаў дзеляцца чытачы Telegram-канала «Беларусь за МКАДам». Паводле рэсурсу, так выглядае аўтамабільны мост праз раку Язвінка ў вёсцы Запруддзе Віцебскага раёна. Цэнтральныя маналітныя апоры моста трымаюцца наўпрост на арматуры — бетон цалкам рассыпаўся ў пыл.

Нагадаем, вясной Лукашэнка загадаў прывесці ўсю аўтамабільную інфраструктуру «ў парадак» да 9 траўня. 

Тым часам у абласным цэнтры на адным з прыпынкаў напачатку чэрвеня ўсталявалі «перадавую» станцыю для зарадкі тэлефонаў вытворчасці мясцовага прадпрыемства «Віцязь».

Хацелася тэхналагічна, але атрымалася як заўсёды. Па-першае, такая вялізная канструкцыя разлічана на два USB-раздымы — для прыкладу, нават беларускія зарадкі для электрамабіляў выглядаюць куды кампактней. Па-другое, гэтая сістэма ахалоджвання для перадачы току на дзве прылады выглядае не проста смешна, а жах як смешна! І на фінал, у перспектыве рашэнне даволі правальнае з прычыны таго, што Еўрасаюз зацвердзіў поўны пераход усіх без выключэння прылад на раздым Type C. У камплекце сучасных тэлефонаў ідзе кабель з адпаведным раздымам з двух бакоў, у той час як USB сыходзіць на сметніцу гісторыі. 

Віцебскія электразарадкі для смартфонаў

Віцебскія электразарадкі для смартфонаў

Як паказвае досвед рэальна тэхналагічнай «Новай Баравой», дзе прыпынкі з USB-портамі з’явіліся яшчэ ў 2015 годзе, пасажыры амаль не карыстаюцца імі, а большасць зарадак у хуткім часе прыходзіць у нягоднасць. І гэта з улікам таго, што ў Баравой іх абслугоўвае прыватная кампанія, а не дзяржперавозчык. Найбольш лагічным спосабам выкарыстання сродкаў, выдаткаваных на шчыра бескарысную прыладу, было б змяншэнне інтэрвалаў, каб у гараджан не было неабходнасці чакаць транспарт дзясяткі хвілін. 

Аўтобусныя прыпынкі ў «Новай Баравой»

Аўтобусныя прыпынкі ў «Новай Баравой»

7 чэрвеня падчас правядзення прафілактычных і рамонтных работ на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце адбыўся выбух газапаветранай сумесі. Як паведамляе МНС, адкрытае гарэнне не распачалося, аднак абрынуліся некаторыя канструкцыі. Што адметна, у паведамленнях служба звяртаецца да выкарыстання эўфемізму «ўспышка», аналагічнай расійскім «хлапкам» (так у Расіі называюць выбухі для змяншэння эмацыйнай нагрузкі тэлегледачоў і чытачоў). 

Глядзіце таксама

Светлагорскі цэлюлозна-кардонны завод мае рэпутацыю самага скандальнага прадпрыемства незалежнай Беларусі. У 2010 годзе на камбінаце вырашылі пашырыць магутнасці для вытворчасці беленай цэлюлозы, за выкананне якіх у якасці генпадрадчыка ўзялася кітайская кампанія China CAMC Engineering C. Грошы на праект таксама былі з КНР. Падчас першых выпрабаванняў мясцовыя жыхары пачалі скардзіцца на з’едлівы пах ад вытворчасці прадпрыемства, а пасля забілі трывогу экалагічнымі акцыямі і патрабаваннем спыніць будаўніцтва. Кітайскія будаўнікі дапусцілі шэраг памылак падчас будаўніцтва, праз што фабрыка працавала некарэктна і пры павелічэнні магутнасці аўтаматычна спыняла агрэгаты. Канфлікт з беларускім бокам прывёў да хуткага сыходу падрадчыка і інвестара. 

Лукашэнка на адкрыцці цэлюлознага цэха

Лукашэнка на адкрыцці цэлюлознага цэха

На адкрыцці новага цэха ў лютым 2020 года Лукашэнка заверыў, што завод працуе бяспечна, а таксама спытаў, «ці няма на камбінаце дрэнна пахкага», на што атрымаў чаканы адказ. Будаўніцтва даводзілася ўжо беларускімі спецыялістамі, вынік іх дасведчанасці і слоў Лукашэнкі — праз чатыры гады.

 Напрыканцы месяца жахлівая навіна прыйшла з Барысава, дзе студэнтка перакруціла пальцы ў мясарубцы ў летнім лагеры.

17-гадовая дзяўчына вучылася ў каледжы, а на лета ўладкавалася працаваць у лагер. Падлетка прымусілі прапускаць паўфабрыкаты праз электрычную мясарубку. Падчас работы прылады правая рука дзяўчыны саскочыла са штурхача і патрапіла ў механізм. Яе даставілі ў лякарню з траўмамі ў выглядзе ампутацыі некалькіх пальцаў правай рукі. 

Мясарубка ў дзіцячым лагеры. Фота: Беларусь Live

Мясарубка ў дзіцячым лагеры. Фота: Беларусь Live

Мы кожны месяц адзначаем, што ў Беларусі не толькі працягваецца, але і павялічваецца выкарыстанне дзіцячай працы, забароненай Уставам ААН, Канвенцыяй аб правах дзіцяці і іншымі дакументамі. Артыкул 32 Канвенцыі аб правах дзіцяці гарантуе абарону ад эканамічнай эксплуатацыі і ад выканання любой працы, якая можа ўяўляць небяспеку для яго здароўя або служыць перашкодай у атрыманні ім адукацыі, або наносіць шкоду яго здароўю і фізічнаму, разумоваму, духоўнаму і маральнаму здароўю.

Глядзіце таксама

Жахліва, калі беларускіх дзяцей прымушаюць прыбіраць лісце ці вырываць траву з пліткі, але прыцягненне да работ накшталт афарбоўкі таксічнай фарбай, прыбірання снегу, якое можа пацягнуць за сабой абмаражэнне ці, нарэшце, выкарыстанне «дапатопнай» савецкай мясарубкі без элементарных абарончых прыстасаванняў з’яўляецца сапраўдным крымінальным злачынствам.

А напрыканцы прапануем паглядзець на стараннасці мінскіх камунальнікаў і іх шыкоўны рэзультат! Цягам апошніх гадоў уздоўж МКАД і асноўных сталічных магістраляў, у першую чаргу тых, па якіх штодзень праязджае картэж Лукашэнкі, камунальныя службы высаджваюць узоры з хмызняку, кветак і траў. Цяпер яны створаны літаральна на кожнай штучнай няроўнасці, праз якую прарэзана дарога. Вядома, на гэтую працу бясконца марнуецца вялізная колькасць часу і занятых супрацоўнікаў, эстэтыка ад гэтай творчасці сумнеўная і ўвогуле, хіба кіроўцы на хуткасці а 90 км/г разглядаюць кветкі? 

«Першамайскі раён». Фота са спадарожніка ў Google Maps

«Першамайскі раён». Фота са спадарожніка ў Google Maps

На развязцы, што знаходзіцца на скрыжаванні Лагойскага тракта і МКАД, дзясяткі гадоў існаваў надпіс «Першамайскі раён», выкананы з буйнога хмызняку. Хаця практычнага сэнсу ад яго не сыходзіла, дзякуючы нядрэннай якасці ён быў бачны з самалётаў і нават з космасу.

Летась аналагічны надпіс вырашылі зрабіць на супрацьлеглым баку руху, у Савецкім раёне. 

Разабраць, што напісана на схіле, амаль немагчыма, і гэта з улікам таго, што на фота трава вакол пакошана. Літары «В», «С» і «Й» цалкам нечытабельныя, «Е» ўвогуле злілася ў чорны прамавугольнік, надпіс ідзе ўніз праз няроўнасць ад водаправоднай трубы. Камунальнікі кожны тыдзень намагаюцца праполваць пустазелле вакол кустоў, але дапамагае гэты роўна нічым.

Нагадаем, у студзені Лукашэнка падпісаў Указ «Аб аб'яўленні 2024 года Годам якасці».

 «Прыярытэтнай увагай» улады назвалі дасягненне высокай якасці жыцця, што ўключае якаснае абслугоўванне населеных пунктаў, дастатковы ўзровень даходу, здаровае харчаванне, добрую адукацыю, культурнае правядзенне вольнага часу ды іншыя пункты.