Дзяды ваявалі, унукі дрэвы фарбавалі, бабры дарогі падгрызалі. Чарговы месяц «года якасці»

Красавік у кантэксце «года якасці» — архіважны месяц без права на памылку ў карпатлівай падрыхтоўцы да грандыёзнага «свята перамогі». Асабліва калі дзесьці пад бокам ёсць плаціна баброў! Сабралі зводку самых дзіўных, жахлівых і крынжовых падзей на беларускай зямлі за чацвёрты месяц «года якасці».

vokladka_93.jpg

Новы месяц якасці адкрыў аграгарадок Урыцкае на Гомельшчыне, дзе пасярод вечара абрынулася сцяна жылога дома — ды не простага, а тыпавой «дажынкаўскай» пяціпавярхоўкі, якімі забудоўваюць усе рэгіёны Беларусі.

Як пісала БелТА, «трывожныя паведамленні» паступілі ў службу выратавання ўвечары 2 красавіка. Убачыўшы разбураныя блокі істотнага памеру, местачкоўцы спужаліся, што будынку можа пагражаць поўнае абрушэнне. Як стала вядома пасля прыезду МНС, адбылося абвальванне ўцяпляльніка, выкананага з газасілікатных блокаў — ён наўпрост адпластаваўся ад фасаду і абрынуўся ўніз, на тратуар. 

Ніхто з мінакоў падчас інцыдэнту не знаходзіўся побач, таму ахвяр цудам удалося пазбегнуць. Хаця паводле паведамленняў у мясцовых Telegram-каналах, у будынку адсутнічала электрычнасць, у МНС заявілі, што «жыццядзейнасць людзей, якія жывуць у доме, не парушана», а таксама нагадалі пра нейкія меры бяспекі.

Будынку сёлета споўнілася толькі 10 гадоў — ён быў урачыста здадзены ў 2014 годзе.

Пераходзім да найбольш надзённага і ўжо традыцыйнага раздзелу рубрыкі «года якасці» — добраўпарадкаванню. Нагадаем, у сакавіку Лукашэнка загадаў прывесці ўсе дарогі ў парадак да цяпер найважнейшага «свята» дзяржавы.

«У вас сакавік-красавік, і да 9 траўня ўсе дарогі павінны быць адноўлены. Павінен быць вынік. Звярніце на гэта ўвагу. І арганізоўвайце людзей», — заявіў ён.

Глядзіце таксама

 Асаблівых зменаў па якасці асфальту беларускія кіроўцы не заўважылі, а вось апошні загад чакана выкананы. З чакана бессэнсоўнымі дзеяннямі і такім жа бессэнсоўным рэзультатам.

У Лагойску на афарбоўку бардзюраў 13 і 20 красавіка адправілі супрацоўнікаў мясцовага выканаўчага камітэту, ваенкамату, раённай клінічнай лякарні і чальцоў працоўных калектываў Лагойскага камгасу. Апошнія апублікавалі брутальна-крынжовае відэа з вынікамі работ пад трэк «И какая бы ты не была, помни, для меня Беларусь — мама» ў сваім TikTok-акаўнце.

«Супрацоўнікі камгасу выконвалі афарбоўку бардзюраў па вуліцы Мінскай да аўтавакзала. Усе трудзіліся з вялікім душэўным пад’ёмам. Стомленыя, але з выдатным настроем скончылі работу і былі задаволеныя сваёй працай», — пішуць удзельнікі пад відэа.

Адметна, што менавіта сёлета, разам з найбуйнейшай насычанасцю культа вялікай перамогі, адрадзіліся даўно забытыя ў Беларусі савецкія звычкі, сярод якіх і культавая афарбоўка бардзюраў. Раней ёй займаліся хіба што ў вайсковых частках, дзе існавала неабходнасць чымсьці заняць вайскоўцаў тэрміновай службы, а таксама ў калектывах, дзе час застыў на 80-х гадах мінулага стагоддзя. Цяпер гэты бессэнсоўны і бескарысны рытуал вяртаецца ў жыццё беларусаў імклівымі тэмпамі.

Падобны абрад у расшыранай канфігурацыі, з афарбоўкай электрычных слупоў і няўрадлівых дрэваў, прайшоў і ў суседніх Хатыні ды Дальве — але тут чальцы прафсаюзаў разам са студэнтамі МІТСА свежай фарбай на бардзюрах ушаноўвалі памяць дзядоў!

— Сёння ёсць спробы перапісаць гісторыю. Еўрапейскія палітыкі спрабуюць узнесці тых нелюдзей, якія ішлі падчас вайны па тэрыторыі нашай краіны і спальвалі вёскі. Яны іх запрашаюць у парламенты, усхваляюць паднімаюць, на нейкую «дошку гонару». Мы не можам гэтага дапусціць і павінны ўсяму свету расказаць, як было насамрэч, каб усе бачылі і разумелі, — патлумачыў ідэю акцыі кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько.

Глядзіце таксама

У справаздачы літаральна прамымі словамі значыцца, што пафарбаваць слупы і бардзюры — магчымасць аддаць даніну павагі і пакланіцца тым, каму беларусы абавязаны мірным жыццём.

Завочна правалены дарожны «чэлендж» ад Лукашэнкі ўжо наўрад ці здзівіць фотасведчаннямі імклівага пагаршэння беларускіх дарог, але адно — дакладна. Прадстаўляем хіба самае сакавітае і паказальнае праяўленне «якасці» за красавік!

Увечары 21 красавіка ля вёскі Пасынкі на Мядзельшчыне абрынулася цэлая паласа руху на дарозе. Разам з ёй вадой размыла асфальтаваную абочыну з другога боку, а таксама грунт пад паласой, на якой захавалася пакрыццё. Як адзначае кіраўнік мясцовай ДАІ, пасля таго, як «сітуацыя выйшла з-пад кантролю», ніхто не пацярпеў, а супрацоўнікі дзяржінспекцыі «не дапусцілі ДТЗ і аказвалі пасільную дапамогу кіроўцам».

Па папярэдніх выніках высвятлення прычын у разбурэнні дарогі Мядзельскі выканкам вінаваціць... баброў.

 — У 500 метрах ад дарогі, за вёскай Пасынкі, знаходзяцца тэхнічныя збудаванні, пабудаваныя ў 90-х гадах для ачысткі вады, якая трапляе ў Нарач. Шлюзамі кантраляваўся пры неабходнасці ўзровень вады на палях фільтрацыі. Праз дзейнасць баброў і багатых ападкаў у апошнія дні плаціна не вытрымала напору вады і яе плыні накіраваліся ўніз да возера Нарач, — расказаў сакратар камісіі па высвятленні прычын Руслан Рабчэўскі.

Глядзіце таксама

 ***

Нагадаем, у студзені Лукашэнка падпісаў Указ «Аб аб'яўленні 2024 года Годам якасці».

«Прыярытэтнай увагай» улады назвалі дасягненне высокай якасці жыцця, што ўключае якаснае абслугоўванне населеных пунктаў, дастатковы ўзровень даходу, здаровае харчаванне, добрую адукацыю, культурнае правядзенне вольнага часу ды іншыя пункты.