Беларускі «нафтавы гейзер», шмат Леніна і курс долара ў тралейбусах — чым запомніўся травень у «годзе якасці»

«Год якасці» павольна набліжаецца да сваёй сярэдзіны, а вынаходствы і падзеі лукашэнкаўскай Беларусі не перастаюць здзіўляць! Традыцыйна сабралі для вас агляд самых крынжовых, недарэчных і паказальных навін «якасці» з беларускіх прастораў за мінулы месяц.

vokladka_98.jpg

Пачнем са сталага «гранітнага» жыхара беларускіх гарадоў — таварыша Леніна, пра каштоўнасць якога на старонках раённых газет ходзяць легенды, а калі справа даходзіць да рамонту помніка, «лячэнне» правадыра выконваецца... скотчам!

Год таму ў рамках гісторыка-патрыятычнага праекта «Лічбавая зорка» ў Рэчыцы быў аблічбаваны помнік Уладзіміру Ільічу. Побач з ім усталявалі стэнд з QR-кодам, выдалі памятны медаль «У азнаменаванне 100-годдзя ўтварэння СССР» сакратару мясцовай арганізацыі Кампартыі, а таксама запрасілі дзяцей, чыноўнікаў і настальгуючых па Саюзе ўскласці гваздзікі да падножжа несмяротнага кіраўніка. 

Аблічбоўка помніка Леніна, 2023 год. Фота: Dneprovec.by

Аблічбоўка помніка Леніна, 2023 год. Фота: Dneprovec.by

«Гэта дапаможа нам захаваць памяць аб гісторыі нашай дзяржавы і азнаёміць як мага большую колькасць маладых людзей з сапраўды важнымі фактамі пра Уладзіміра Ільіча Леніна, якія нельга забываць», — расказывала тады сакратарка «БРСМ» Ксенія Качаноўская. 

Глядзіце таксама

За год стылабат правадыра моцна пацярпеў — гранітныя пліты пачалі адслойвацца з канструкцыі. Работы па ліквідацыі непаладак вырашылі выканаць з дапамогай скотчу, якім даволі элегантна перакруцілі ленінскую стэлу. У колер граніту не патрапілі, але памяць ужо захована! 

 Помнік Леніна, пераматаны скотчам, травень 2024 года

 Помнік Леніна, пераматаны скотчам, травень 2024 года

Упэўненай пераможцай па маштабах святкавання сёлетняга Першамаю і, адпаведна, канцэнтрацыі ўсталяванага крынжу становіцца Вілейка! На цэнтральнай плошчы горада былі створаны некалькі дзясяткаў «настальгічных» фотазон з чырвонымі транспарантамі, бюстамі і выявамі Леніна, футрамі, гранёнымі шклянкамі, пальцам піханай каўбасой ды іншымі савецкімі атрыбутамі. 

Увогуле, гледзячы на кадры, здаецца, што час замер дзесьці ў 70-х, але ў пэўны момант на фоне ЗІЛоў з’яўляюцца дзеці ў рознакаляровым адзенні, што выконваюць антысавецкія капіталістычныя танцы. Гэтая ж мешаніна класічна назіраецца ва ўсім — па неіснуючай больш за 30 гадоў дзяржаве настальгуюць маладыя дзяўчаты, якія нарадзіліся ў незалежнай Беларусі, а самі наведвальнікі ўвогуле не разумеюць, што за свята яны адзначаюць.

«Гэта добрае свята, дзе ўшаноўваюць звычайных людзей працы, бо без іх бы не было нічога. Мы сёння прадстаўляем сваю арганізацыю, з надвор'ем нам пашанцавала, таму настрой выдатны», — распавядаюць слесары механазборачных работ рамонтнага завода Аляксандр Адамовіч і Сяргей Навойчык.

Глядзіце таксама

У гэты ж час у вілейскім Палацы культуры праходзіў злёт ветэранаў працы, на якім пад радкі «Широка страна моя родная, много в ней лесов, полей и рек! Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышит человек. От Москвы до самых до окраин, с южных гор до северных морей человек проходит, как хозяин необъятной Родины своей» можна было выпіць сырадою і савецкага дзюшэсу «па дзяржстандарце» разам з буржуазнай інтэграцыяй у выглядзе беларускіх сыроў з цвіллю. 

У Хойніках на адной з вуліц горада забіў беларускі гейзер «нафты»! Відэа са стыхійным фантанам бруду выклалі мясцовыя жыхары ў лакальным чаце. Бруя чорнай вады біла на некалькі метраў уверх, трапляючы па плоце і аўтамабілях, што праязджалі міма.

Іншы карыстальнік, які часцяком рэагуе на камунальныя праблемы горада, каротка напісаў: «Прамыўка сетак». Гэтай жа прычынай улады тлумачаць перыядычную адсутнасць вады і яе забруджванне ў некаторых дамах. Працэдуру службы праводзілі не меней за тыдзень «у сувязі з вялікім забруджваннем труб», хаця на работы па іх ачыстцы дагэтуль штогод адводзіцца двухтыднёвы тэрмін адключэння гарачага водазабеспячэння.   

«Нафтавы гейзер у Хойніках». Фота: Homeldays

«Нафтавы гейзер у Хойніках». Фота: Homeldays

У траўні таксама стала вядома пра спробы вырашэння адной з найбольш надзённых транспартных праблем беларускіх гарадоў — маршрутак. Паводле новага закону, кіроўцам, якія займаюцца перавозкамі пасажыраў у нерэгулярных спалучэннях унутры краіны, неабходна не радзей як адзін раз у пяць гадоў праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі. На думку ўладаў, такое рашэнне можа паўплываць на культуру кіравання і такім чынам паменшыць колькасць дарожна-транспартным здарэнняў. 

Глядзіце таксама

Прыклады еўрапейскіх гарадоў дэманструюць, што адзіны правільны шлях да збавення праблем ад маршрутак — поўнае збавенне ад саміх маршрутак. Апроч праблем з ДТЗ яны перашкаджаюць нармальнай рабоце грамадскага транспарту праз блакіроўку паласы напачатку прыпынкаў, займаюць не нашмат больш месца, чым аўтобус, але змяшчаюць у некалькі разоў менш пасажыраў, а таксама з’яўляюцца візуальным шумам для горада праз свой жахлівы выгляд. 

Напрыканцы прапануем параўнаць новы дызайн дысплэю ў мінскіх тралейбусах з найбліжэйшымі замежнымі калегамі — віленскімі. У першым выпадку гэта абсалютна нечытэльны ружовы шрыфт, купа непатрэбнай і незразумелай інфармацыі, рэклама на палову экрана і (фіяска!) курс долара анлайн! У другім — мяккі лаканічны дызайн з вялікімі літарамі і зразумелым кірункам. 

***

 Нагадаем, у студзені Лукашэнка падпісаў Указ «Аб аб'яўленні 2024 года Годам якасці».

«Прыярытэтнай увагай» улады назвалі дасягненне высокай якасці жыцця, што ўключае якаснае абслугоўванне населеных пунктаў, дастатковы ўзровень даходу, здаровае харчаванне, добрую адукацыю, культурнае правядзенне вольнага часу ды іншыя пункты.