«Выйсці на страйк — значыць выказаць сваё меркаванне супраць гвалту, супраць беззаконня»

Былы тэхнолаг Кацярына Гапоненка яшчэ ў жніўні папрасіла кіраўніцтва свайго прадпрыемства арганізаваць страйк, але ёй адмовілі. У адказ жанчына напісала заяву на звальненне. Зараз Кацярына ўдзельнічае ў мірных акцыях пратэсту і актыўна падтрымлівае завадчан.

556860ab_f05a_4b38_b898_b27eec24bb33_w1597_n_r1_st.jpg


«Выйсці на страйк асабіста для мяне — гэта значыць выказаць сваё меркаванне супраць гвалту, супраць беззаконня. Супраць таго, што мы не можам свабодна выйсці на вуліцу і выказаць сваё меркаванне, — кажа Кацярына. — Што мы не маем права выйсці ў вопратцы пэўнага колеру, у бранзалетах пэўнага колеру. Нас арыштоўваюць, нас бʼюць людзі ў форме, невядома, хто гэта, за што. Я лічу, што гэта беззаконне, а права ў дэмакратычным грамадстве — гэта прыярытэт».
Кацярына кажа, што аб звальненні не шкадуе, хоць і прызнаецца, што сыходзіла ў нікуды. Цяпер яна асвойвае IT і спадзяецца на лепшае.
«Падтрымка неверагодных беларусаў была і да выбараў, і падчас выбараў, а пасля яна набыла велізарныя неверагодныя маштабы, — кажа Гапоненка. — Асабіста мне была аказана і матэрыяльная падтрымка, і падтрымка ў перакваліфікацыі ў сферы, якая мне цікавая, якая развіваецца. Кожны беларус цяпер робіць усё магчымае, каб тут застацца. Для таго, каб не прачынацца з думкай, што дзесці лепш, а прачынацца і засыпаць з думкай, што тут лепш, што я раблю максімум, і жыць у неверагоднай краіне з неверагоднымі людзьмі ў маленькай Швайцарыі».
    Беларусам, якія засталіся без працы па палітычных прычынах, дапамагае ў тым ліку Фонд салідарнасці BYSOL. Грошы для падтрымкі пацярпелых прыходзяць з усяго свету, зараз на рахунку фонду каля 2 мільёнаў даляраў.
    Пасля выбараў дапамогу ад фонду атрымалі каля трохсот жыхароў Беларусі, якія трапілі пад рэпрэсіі. Больш за тысячу заявак зараз разглядаюцца.
Паводле Радыё Свабода