Выйшла кніга пра самае тытулаванае балота Беларусі

Навукоўцы з Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі ў кнізе «Балота Дзікое» расказалі ўсё пра самае тытулаванае балота Беларусі. Гэтае выданне выйшла пры падтрымцы грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) і Франкфурцкага заалагічнага таварыства і стала першым у серыі «Рамсарскія ўгоддзі Беларусі»*.

unnamed_134.jpg

На старонках кнігі «Балота Дзікое» сабраныя вынікі працы 14 аўтараў — геабатанікаў, балотазнаўцаў, арнітолагаў, тэрыёлагаў, энтамолагаў і фларыстаў. Ілюстрацыі зрабілі самі вучоныя падчас экспедыцый. У кнізе шмат карт, якія адлюстроўваюць стан балота ў розныя гістарычныя перыяды. Унікальны водна-балотны комплекс ёсць нават на сярэднявечных картах! Самая старая датуецца канцом XV ст. На ёй балота выглядае яшчэ возерам.
Картографам XXI стагоддзя адкрылася зусім іншая праўда пра Дзікое: яны ўбачылі яго зарослым лесам і даволі падсохлым. Вось што кажа Дзмітры Грумо, адзін з аўтараў кнігі, ініцыятар выдання, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча НАН Беларусі:
«Летась узровень грунтавых вод на Дзікім апускаўся да 1 м 60 см ніжэй за паверхню глебы. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак для гэтай экасістэмы. Таму так важна працягваць ужо пачатыя аднаўленчыя мерапрыемствы на балоце. Час спакойнага назірання за прыродай ужо прайшоў. Мы павінны забалочваць новыя ўчасткі і выкошваць схільныя да зарастання».

Ключавыя асаблівасці аб'екта


Балота Дзікое сілкуе рэкі Нараў і Ясельду, якія адносяцца да басейнаў Балтыйскага і Чорнага  мораў.
3,8 тыс. га балота Дзікога пацярпела ад асушальнай меліярацыі ў 1968-70 гг. Наступствы для прыроды адчуваюцца да гэтага часу.
Дзікое — біясферны рэзерват ЮНЕСКА, як частка Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» гэтае балота ўнесена ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Водна-балотнае ўгоддзе «Дзікое» — тэрыторыя, важная для птушак міжнароднага значэння з буйнымі папуляцыямі наступных відаў: вялікі арлец, дубальт, вялікі грыцук, лугавы свірстун, звычайны цвыркун і вяртлявая чаротаўка, колькасць якой скарачаецца. Тут гняздуюцца 140 відаў, 39% з якіх маюць міжнародны ці нацыянальны статус аховы.
Спецыялісты прасачылі за тым, як з гадамі змяніліся звыклыя месцы пражывання асобных груп жывёл. Так, напрыклад, вялікі арлец і вяртлявая чаротаўка сталі радзей гнездавацца ў Белавежскай пушчы. Па словах Дзмітрыя Грумо, гэта сведчыць аб тым, што гэтым «чырванакніжнікам» стала не хапаць тут кармавой базы.
У 1960 г. тэрыторыю Рамсарскага ўгоддзя амаль напалову дзялілі адкрытае балота і лес. Праз амаль 60 гадоў, у 2018 годзе ўласна балота займала толькі пятую частку комплексу, прастору адваяваў лес. Фактараў, якія выклікалі такое пераразмеркаванне біятопаў, шмат, і адзін з ключавых — чалавек. Больш за ўсё на тое, як выглядае балота сёння, паўплывалі дзесяцігоддзі асушальнай меліярацыі, асабліва будаўніцтва меліярацыйнай сеткі «Вярхоўе Ясельды» ў 1968-1970 гг. і аўтамабільнай дарогі Поразава-Пружаны па тэрыторыі водна-балотнага ўгоддзя.
Сёння нармальнаму функцыянаванню балота дзейнасць чалавека пагражае не так, як раней, аднак наступствы нядбалага стаўлення да прыроды ў мінулым усё яшчэ моцныя.
Узяцца за дэтальнае даследаванне Дзікога беларускім навукоўцам прапанавала грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны». АПБ калісьці паспрыяла таму, каб тэрыторыя рэспубліканскага заказніка «Дзікое» ўвайшла ў нацыянальны парк «Белавежская пушча». Калі ў 2013 годзе стартавала шматгадовая праграма «Прыродаахоўны праект для Белавежскай пушчы», пачаліся маштабныя даследчыя работы на аб'екце. У 2018 годзе эколагі прыступілі да прыродаахоўных дзеянняў, так пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства было пабудавана 25 плацін на месцы былой меліярацыйнай сеткі ў раёне вёскі Клепачы. У найбліжэйшых планах праекта — зрабіць тое ж з меліярацыйнай сеткай у раёне Жаркаўшчыны і вярнуць натуральныя меандры (выгіны) рацэ Нараўцы.
Кніга «Балота Дзікое» — самае комплекснае з даследаванняў трэцяга па велічыні балота Беларусі. Яна выдадзена пры падтрымцы АПБ і Франкфурцкага заалагічнага таварыства ў межах «Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы». Пачытаць кнігу можна ў чытальнай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі.
* Рамсарская канвенцыя, або Канвенцыя аб водна-балотных угоддзях была прынятая ў 1971 г. Беларусь далучылася да яе ў верасні 1999 года. З гэтага часу Рамсарскімі ўгоддзямі ў Беларусі былі прызнаныя 26 водна-балотных комплексаў. Такі статус станоўча ўплывае на турыстычную прывабнасць прыродных аб'ектаў.
Паводле прэс-рэлізу