Высылка на той свет

Смерці і гора — такі вынік некампетэнтнай працы з замежнымі грамадзянамі. За апошнія два месяцы мінімум тры мужчыны скончылі жыццё самагубствам пасля таго, як трапілі пад пагрозу дэпартацыі.

52089388_730260747357231_1289064245538848768_n.jpg

Адзін з іх, Сяргей Барысаў з Лоева, якога збіраліся выслаць на 4 гады ў Расію, у адной з перадсмяротных запісак ускосна абвінаваціў міліцыянтаў у сваёй смерці. Запіска, адрасаваная непасрэдна міліцыі, у СМІ не патрапіла, але ў іншай запісцы мужчына скардзіцца, што яму надакучыла жыць у бязмежжы, а міліцыі няма справы да таго, што ў няшчаснага ў Беларусі застаюцца маці-пенсіянерка ды брат-інвалід. Колькасць каментараў пад публікацыямі пра гэтыя гісторыі зашкальвае — чытачы вінавацяць міліцыю ў бессардэчнасці ды фармалізме.

Логіка міліцыі простая: парушыў закон — прэч з краіны. Але дзе ж іншыя складнікі, акрамя законнасці: гуманізм, імкненне дапамагчы, урэшце — спачуванне? Гаворка ж ідзе пра чалавечае жыццё — пра лёсы дзясяткаў людзей. Бо церпяць не толькі прысуджаныя да высылкі, але іх сем’і. Напрыклад, у Віталя з Буда-Кашалёва, якому пагражала высылка ў Расію, засталіся жонка і шасцёра дачок…

Дый пра законнасць тут можна паспрачацца. Высылка — дастаткова суровае пакаранне, якое ўжываецца ў скрайніх выпадках, калі іншыя абмежаванні не могуць гарантаваць бяспеку дзяржаўным інтарэсам ці інтарэсам насельніцтва. Ну якім чынам пагражала гэтым самым інтарэсам тое, што загінулыя мужчыны былі выпівохамі і мелі адміністрацыйныя пакаранні за з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане?

Атрымліваецца, калі ты выпіваеш на вуліцы і маеш у кішэні беларускі пашпарт — ты больш бяспечны для грамадства, чым калі выпіваеш і маеш расійскі ці які іншы пашпарт? Загінулы Віталь, бацька шасці дачок, наогул меў толькі адно падобнае спагнанне — перад Новым годам трапіўся нецвярозы на працы. Яго звольнілі, а пасля анулявалі часовы від на жыхарства.

Зразумела, што такія паводзіны — не ўзорныя, што мужчын папярэджвалі пра магчымыя наступствы… Але ці заслугоўваюць яны такога жорсткага абыходжання? Звальненне з працы ў рэгіёне, дзе кожная вакансія на вагу золата, а дома шасцёра дзяцей — ужо пакаранне. Але не, трэба дабіць! Трэба прыгразіць высылкай і забаронай на ўезд у Беларусь на 10 гадоў — менавіта такія пагрозы былі з боку міліцыі, па словах жонкі Віталя. І давесці чалавека да адчаю…

Урэшце, гэтыя людзі не адзін год пражылі ў Беларусі, у іх тут жывуць сваякі, ёсць маёмасць, Сяргей Барысаў у Лоеве і нарадзіўся. Што іх магло чакаць у Расіі, дзе ні сям’і, ні дома, ні працы, ні грошай? «Я не ведаю, куды ехаць. Для іх гэта проста, а для мяне — у нікуды», — напісаў у адной з перадсмяротных запісак Сяргей Барысаў. Няўжо нельга выкарыстоўваць іншыя формы спагнання — напрыклад, адпраўляць парушальнікаў на грамадскія працы ці яшчэ што? Але навошта нешта прыдумляць, калі можна скарыстацца старадаўнім прынцыпам: «няма чалавека — няма праблемы». Выслаць з краіны — і ніхто не будзе псаваць статыстыку. Жонка, дзеці — ды пераб’юцца неяк, а не пераб’юцца — дзяцей забярэм у інтэрнат.

Пабудаваць дзяржаву з чалавечым абліччам у нас пакуль не атрымліваецца. У нас не перавыхоўваюць, а караюць; не дапамагаюць, а знішчаюць на роўным месцы. Ці лягчэй бы стала працаваць мясцовым аддзяленням міліцыі, каб Віталь, Сяргей ды Мікалай з’ехалі ў Расію? Наўрад ці. У рэгіёнах такі ўзровень п’янства, што адным мірнымі выпівохам менш, адным больш — ні на што гэта не паўплывае. Тады ў чым рацыянальнае зерне рашэнняў пра высылку, ды яшчэ на вялікія тэрміны?

А рацыянальнага зерня няма. Дзяржаўны механізм працуе як заведзены, пра наступствы ніхто не задумваецца. Плюс адвечная праблема з кадрам. Ды і цынізму ў іх хапае — так, інспектарка, якая рыхтавала пастанову пра высылку аднаго з загінулых, папракала яго няшчасную маці, што яе пазбавілі прэміі, бо несвоечасова выслала мужчыну. Не здзіўлюся, калі ў аддзелах ляжаць разнарадкі — колькі людзей высылаць штомесяц. Гэта ў СМІ прасачыліся толькі тры гісторыі, а колькі іх насамрэч — ведаюць толькі ў міліцыі.

Днямі калегія Гомельскага абласнога суда разглядзела справу ўкраінца Сяргея Працэнкі, якога прысудзілі да трохгадовай высылкі. Гісторыя падобная на іншыя — пратакол «за п’янку» (ішоў дадому з кавярні, дзе адзначалі нараджэнне дзіцяці ў сябра), дома трое дзяцей… Сяргей вырашыў не здавацца і абскардзіць пастанову, бо гэта адзінае парушэнне за год, а для высылкі патрэбна мінімум пяць. Пасля рэзанансных гісторый пра самагубствы рашэнне пра высылку было адмененае. Бядзе не далі ўвайсці яшчэ ў адзін дом.