Генетычная схільнасць, прафесійны асяродак, адчуванне беспакаранасці — прычыны жорсткасці сілавікоў

Чаму беларускім псіхолагам цяжка дапамагаць пацярпелым падчас разгону масавых акцыяў? Якімі могуць быць доўгатэрміновыя наступствы сённяшніх падзеяў для грамадства? Адкуль столькі жорсткасці ды агрэсіі ў сілавікоў? Пра гэта belsat.eu пагутарыў з менскім кагнітыўна-паводзінавым тэрапеўтам Кацярынай Карповіч.

marsz_adzinstva_6__56__logo_1.jpg


Наступствы для псіхічнага здароўя людзей будуць доўгатэрміновыя
Кацярына Карповіч — кагнітыўна-паводзінавы тэрапеўт, аўтарка «YouTube»-каналу «Психология Что?», працуе як валанцёрка з пацярпелымі падчас пратэстаў і затрыманняў.

Кагнітыўна-паводзінавы тэрапеўт Кацярына Карповіч

Кагнітыўна-паводзінавы тэрапеўт Кацярына Карповіч


— Спадарыня Кацярына, як, з вашага досведу, беларусы перажываюць цяперашнія падзеі? Як гэта ўплывае на псіхалагічны стан ахвяраў гвалтоўных затрыманняў, сведкаў?
— Жорсткае затрыманне, збіццё, катаванні — гэта пагроза фізічнаму ды эмацыйнаму дабрабыту, часта нават і жыццю. Усё гэта ў псіхалогіі кваліфікуецца як траўма. Падзеі, праз якія мы прайшлі 9–13 жніўня ды якія надалей працягваюцца, моцна траўмуюць людзей і могуць выклікаць посттраўматычны стрэсавы разлад.
Першыя рэакцыі ў такіх сітуацыях — шок, моцная трывога. Могуць быць парушэнні сну, канцэнтрацыі, страта памяці. Так бывае амаль ува ўсіх, хто зведаў траўму. Гэта цалкам нармальна, калі пасля стрэсавай падзеі чалавек дэзарыентаваны, яго трасе, ён зазнае панічныя атакі. Але такая рэакцыя павінна прайсці сама, і ў большасці выпадкаў за тры дні — тыдзень чалавек вяртаецца да нормы.
Аднак бывае, што праз месяц праявы захоўваюцца ці, наадварот, узмацняюцца. Гэта ўжо посттраўматычны стрэсавы разлад. Так адбываецца прыблізна ў 20 % ахвяраў. Такі стан трэба лячыць у адмыслоўца.
Аднак хачу падкрэсліць, што 20 % — гэта статыстыка, якая вызначаецца сусветнымі, міжнароднымі стандартамі. Яна распрацаваная для катастрофаў, якія маюць пачатак і канец: землятрус, тэракт, ваенныя дзеянні, лакалізаваныя ў часе. Асаблівасць беларускай сітуацыі ў тым, што небяспечная, пагрозлівая сітуацыя не завершаная. То бок людзі працягваюць атрымліваць траўму, пакуль яны застаюцца ў гэтай сітуацыі. Менавіта таму гэтыя 20 % адносныя. Мы не можам сцвярджаць, што ў нас лічба будзе такая, а не большая.

marsz_adzinstva_6__25__logo_1.jpg


Я бачу, што ў нас цярпяць сапраўды шмат людзей. Гэта як тыя, каго затрымалі, збілі, так і сведкі. Для некаторых, вельмі ўразлівых, нават відэа дастаткова, каб адчуць сімптомы посттраўматычнага стрэсавага разладу. І гэтыя сімптомы могуць выходзіць на паверхню і праз месяц, і праз год, і нават праз тры гады. Таму мы будзем мець вельмі доўгатэрміновыя наступствы для псіхічнага здароўя людзей.

У Беларусі ніхто не можа гарантаваць бяспеку ахвяры

— Якімі могуць быць гэтыя доўгатэрміновыя наступствы і ці могуць яны паўплываць на грамадства агулам?
— Часцей за ўсё, сімптомы праяўляюцца праз месяц–тры. Але і праз гады яны могуць быць тыя самыя: гэта і парушэнне сну, і кашмары з кавалкамі ўспамінаў пра падзеі – у такіх снах паўтараецца сцэна гвалту. Гэта можа быць флэшбэк, калі падаецца, што вось-вось усё пачнецца наноў, панічныя атакі.
Падзеі, якія мы цяпер перажываем, адназначна паўплываюць на грамадства. Каб зразумець, якім чынам, трэба паглядзець на досвед калектыўнай траўмы іншых краінаў, якія выходзілі з Савецкага Саюзу. Напрыклад, літоўцы ацэньваюць рэпрэсіі цягам усяго часу ў складзе СССР і падчас выхаду як калектыўную траўму, з наступствамі якой яны разбіраюцца дасюль. Гаворка тут пра дзесяцігоддзі.
Мае ўкраінскія калегі кажуць пра моцны ўплыў падзеяў Майдану, вайны, з якімі яны таксама працуюць дасюль: людзі яшчэ не перажылі гэтых траўмаў.

marsz_adzinstva_6__3__logo_1.jpg


— Можна справіцца з псіхалагічнаю траўмай ад затрымання і збіцця самастойна ці абавязкова ісці да адмыслоўца? Як беларускія псіхолагі сёння працуюць з пацярпелымі?
— Самалячэнне можа быць дастатковым, калі бачна, што стан паляпшаецца і чалавеку дапамагае перабыванне ў бяспечным месцы, з блізкімі, на прыродзе. Калі ж лягчэй не робіцца, то варта звяртацца па дапамогу. І не трэба гэтага баяцца. Сёння існуе мноства валанцёрскіх службаў, яны ўсе ананімныя і бясплатныя. Платная дапамога таксама ананімная.
Я часта чую пра асцярогі, што паставяць на ўлік. З дыягназам «посттраўматычны разлад» на ўлік не ставяць. Нават калі чалавек звяртаецца ў псіханеўралагічны дыспансер. Так, факт звароту па дапамогу будзе зафіксаваны, але гэта нікуды не падаецца далей і не паўплывае ні на працу, ні на магчымасць атрымаць пасведчанне кіроўцы.
Беларускім псіхолагам сёння няпроста дапамагаць ахвярам дзеянняў сілавікоў з той прычыны, якую я называла раней: небяспека дасюль застаецца.
Калі чалавека тут і цяпер збіваюць, то ён перажывае вострую траўму. Але калі ён апынуўся ўдома ці ў лякарні, то ён ужо ў адноснай бяспецы. І гэта галоўнае: не ў поўнай бяспецы, бо мы жывём там, дзе мы жывём. І вось гэтая адносная бяспека – усё, што мы можам сёння зрабіць.

marsz_adzinstva_6__12__logo_1.jpg


Міжнародныя пратаколы, рэкамендацыі САЗ, як надаваць крызісную дапамогу пацярпелым ад гвалту, падкрэсліваюць: першае, што павінен зрабіць той, хто дапамагае – медык, псіхолаг, валанцёр, – запэўніць бяспеку пацярпеламу. На гэты момант ніводзін спецыяліст у нашай краіне не можа гарантаваць бяспеку ахвяры, акрамя як вывезці яе за мяжу.
Таму мы можам працаваць толькі з адноснаю бяспекаю, калі чалавек удома, у бацькоў, у шпіталі. Гадзіна размовы з псіхолагам можа зрабіць вельмі мала, калі вы працягваеце заставацца ў небяспечных умовах, вельмі шмат працаваць і мала спаць. Таму да таго часу, пакуль не будзе знятае пытанне бяспекі, нашыя магчымасці як псіхолагаў рэгуляваць сітуацыю абмежаваныя.
Нашыя ўкраінскія калегі цяпер актыўна прапануюць сваю дапамогу, і, магчыма, зварот да іх можа быць больш эфектыўным. Яны не выгараюць, яны ў бяспецы, больш дасведчаныя за беларусаў у надаванні крызіснай дапамогі. Бо крызісная псіхалагічная дапамога – гэта вельмі спецыфічны кірунак, які адрозніваецца ад звычайнай псіхатэрапіі. Псіхалагічная кансультацыя ў мірны час і псіхалагічная кансультацыя цяпер – гэта цалкам розныя віды дапамогі. Таму лепш звяртацца да тых, хто мае досвед.

Празмерная жорсткасць сілавікоў — сімптом псіхічнага разладу

— Людзі, з якімі вы працуеце, пацярпелі ад гвалту з боку сілавікоў. Ці не задумваліся вы як псіхатэрапеўт, адкуль у гэтых сілавікоў столькі жорсткасці ды агрэсіі ў дачыненні звычайных бяззбройных людзей?
— Тут трэба адрозніваць: ёсць тыя, хто проста фармальна выконвае сваю працу, а ёсць удзельнікі катаванняў, збіцця людзей. Калі мы кажам пра першых, то ў гэтай сітуацыі яны самі ахвяры, і я ведаю, што нават звяртаюцца па дапамогу цяпер. Яны адчуваюць вялізны стрэс ад таго, што іхную прафесію заплямілі. Безумоўна, ёсць афіцэры, у якіх ёсць гонар і нутраныя правілы, і яны супраць сваёй волі застаюцца ў гэтай сітуацыі: напрыклад, ім адмаўляюць у звальненні.
А ёсць тыя, хто гвалціць. Тут цяжка праводзіць дыягностыку, калі пацыент не звяртаецца па дапамогу. Нельга клеймаваць чалавека паводле аповедаў і інфармацыі ў медыях, не ведаючы яго асабіста. Але адначасова можна выказаць меркаванне, што тыя, хто ўжываў празмерную фізічную сілу, збіваў, хоць не мусіў гэтага рабіць, і атрымліваў ад гэтага задавальненне, маюць пэўны псіхічны разлад. Ёсць розніца ў тым, ці ты проста арыштуеш чалавека, ці жорстка збіваеш яго. Псіхічна здаровы чалавек не можа атрымліваць задавальнення ад прычынення болю іншай жывой істоце. Магчыма, тут прысутнічае антысацыяльны разлад асобы, асноўны сімптом якога – адсутнасць эмпатыі. Гэта часта назіраецца ў злачынцаў.
Адначасова трэба разумець, што ў судова-медычнай псіхалогіі ёсць панятак здольнасці ўсведамляць характар сваіх дзеянняў. Дык вось, і антысацыяльны разлад асобы, і нават паранаідальныя ідэі, кшталту «гэта ўсё інтрыгі Захаду», прадугледжваюць здольнасць да ўсведамлення наступстваў сваіх дзеянняў і таму не здымаюць адказнасці.
Адкуль у іх бярэцца агрэсія? Я магу выказаць свае асабістыя меркаванні, што тут адначасова адыгрываюць ролю тры фактары: генетычная схільнасць да жорсткасці (часта менавіта з такою схільнасцю і ідуць у сілавыя структуры), прафесійны асяродак, у якім гэтая жорсткасць ухваляецца, і адчуванне беспакаранасці, адсутнасць нейкіх тармазоў – як юрыдычных, так і маральных. Таксама можна меркаваць, што часта яны сапраўды перакананыя, што робяць нешта слушнае, што перад імі – рэальны вораг, ад якога яны мусяць абараніць радзіму. Тым не менш, якімі б ні былі прычыны, яны мусяць панесці адказнасць.
Калі вы пацярпелі ад дзеянняў сілавікоў, і вам патрэбная дапамога, можна звяртацца праз наступныя спасылкі:
probono.by — тут можна знайсці кантакты беларускіх псіхолагаў, якія гатовыя дапамагчы ананімна і бясплатна;Таварыства кагнітыўна-паводзінавай тэрапіі ў БеларусіУкраінскі цэнтр псіхалагічнага здароўя і траўматэрапіі “Інтэграцыя”Украінскі цэнтр кагнітыўна-паводзінавай тэрапііПсіхалагічная крызісная служба Украіны
Ілюстрацыйныя фота з Марша адзінства 07.09.20, Дзмітрый Дзмітрыеў