З групай здаеш на чатыры, як валанцёрка Еўрагульняў — на восем
II Еўрапейскія гульні ўсё бліжэй, і гісторый пра іх робіцца ўсё больш. Спярша студэнтаў з помпай высялялі з інтэрнатаў у Студэнцкай вёсцы. Цяпер праблемы ўзнікаюць у валанцёраў, якім расхацелася ўдзельнічаць у гульнях, піша Еўрарадыё.

Валанцёр на Еўрапейскіх гульнях / volunteers.minsk2019.by
«Замест трох інфастоек будзе адна, астатнія валанцёры ў рэзерве»
Студэнтка БДУ Алена (імя змененае па просьбе дзяўчыны) пайшла на Еўрагульні валанцёрам, «бо лічыла, што гэта будзе цікава і весела».
«Ніхто мяне не прымушаў. Я думала, што так неяк пракачаю сваю англійскую. Думала, што будзе крута дапамагчы нечым. Я на розных мерапрыемствах бывала валанцёрам, мне гэта падабаецца: новыя стасункі, новыя знаёмствы, гэта цікава.
Але калі я трапіла на тэставыя мерапрыемствы Еўрапейскіх гульняў, дык амаль нічога не рабіла. На апошнім тэставым, якое было на стадыёне «Дынама», я проста сядзела і чытала кніжку. Я павінна была быць на інфастойцы, але, калі мы прыйшлі, нам распавялі, што замест трох стоек будзе адна. Таму астатнія валанцёры ў рэзерве».
Пасля таго як Алена трапіла ў лік тых, хто мусіць несці па беларускіх гарадах і мястэчках «Полымя міру», імпэт у дзяўчыны ўвогуле знік. Яна адмовілася атрымліваць экіпіроўку і акрэдытацыю, выдаліла свой профіль з сайта гульняў і пачала чакаць, што будзе далей.
Але ад дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў не было ніякай рэакцыі. Толькі праз два тыдні з Аленай звязаліся супрацоўнікі дэканата. Дзяўчына перадала Еўрарадыё запіс размовы з імі.
«З вялікай падтрымкай і ўплывам на выкладчыкаў»
«А што з датэрміновай здачай сесіі? Тых умоў, якія… Мы спрыялі вам, каб вы здавалі? — пытаецца супрацоўніца дэканата. — Давайце так: я зараз адмяняю тыя экзамены, якія вы здавалі, таму што гэта было з вялікай падтрымкай і вялікім уплывам на выкладчыкаў у сувязі з той вашай працай, якая меркавалася. І вы працуеце ў чэрвені, як і ўсе».
«Мы ішлі насустрач, каб спрыяць і ўмовы скласці для вашай працы, а вы паступаеце па сваім меркаванні, не ўлічваючы нейкія агульныя інтарэсы. Вы заўтра абавязаныя быць на факультэце. Падыходзьце да дэкана, і мы з вамі размаўляем, што будзем рабіць», — працягвае супрацоўніца дэканата.
Дзяўчына пярэчыць: пасля выдалення свайго профілю на сайце Еўрагульняў яна і так здае сесію разам з усёй астатняй групай. А па-другое — што значыць уплыў? «Проста так мне адзнакі не ставілі. Мы цягнулі білеты, адказвалі на пытанні. У мяне адзнакі — чатыры, шэсць, сем...»
«Якія чатыры, шэсць, сем?! Вам васьмёркі паставілі!» — абураецца супрацоўніца дэканата. Але пасля разбіраецца ў сітуацыі: «Ну правільна: калі вы з групай разам здавалі, вы здалі на чатыры. А калі адна, як валанцёр, вам спрыялі!»
«З імі нічога не будзе. Як вучыліся — так і будуць вучыцца»
Якое рашэнне ў выніку будзе прынятае па студэнтах, якія страцілі цікавасць да Еўрапейскіх гульняў? У дэканаце факультэта, дзе вучыцца дзяўчына, Еўрарадыё адказваюць, што пакуль не ведаюць адказу на гэтае пытанне:
«Ды што з імі будзе... Нічога з імі не будзе. А што з імі можа быць? Вядома, нядобра дзеці паступаюць. Мы пайшлі ім насустрач. А яны вось так... З імі нічога не будзе. Як вучыліся — так і будуць вучыцца».
Алена тым часам не губляе надзеі, што пераздаваць іспыт, здадзены датэрмінова і быццам бы «з падтрымкай і ўплывам», не прыйдзецца:
«Я яшчэ не была ў дэканаце. Пайду туды толькі 11 чэрвеня, пасля іспыту, — распавядае Еўрарадыё дзяўчына. — Намеснік дэкана па тэлефоне мне сказала, каб я здавала ўсе іспыты нанова, бо яна мае вялікія сумненні, што я здам на такія ж адзнакі. Яшчэ запытала, ці маю я льготы, бо шмат хто ішоў у валанцёры дзеля інтэрната. Але я і так маю льготы, таму мяне гэта не пужае. Таму яны вырашылі паразмаўляць са мной у дэкана, каб разабрацца з сітуацыяй».
euroradio.fm