Запрашаем на эскурсію «Гістарычная тапаграфія Курапатаў»
15 верасня ў Курапатах праводзіцца экскурсія для ўдзельнікаў грамадскага творчага конкурсу «Курапаты — народны мемарыял». Збор ва ўрочышчы ля Крыжа Пакутаў (каля МКАД) а 15.00.
![На гэтым месцы “Дарога смерці” заканчвалася На гэтым месцы “Дарога смерці” заканчвалася](/img/v1/userfiles/images/kurapaty_ekskursija_zapraszenne_7_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сябры аргкамітэту конкурсу пазнаёмяць удзельнікаў экскурсіі з новаадкрытымі фактамі з мінулага Курапатаў як месца масавых рэпрэсіяў, у тым ліку з яго ўдакладненай гістарычнай тапаграфіяй, што важна ў справе ўшанавання памяці ахвяраў таталітарызму.
Зацікаўленым будзе даведзена кампетэнтная інфармацыя пра геаграфію ўрочышча, пра вынікі і перспектывы археалагічных даследаванняў, пра юрыдычныя праблемы, створаныя ўладамі ў дачыненні да Курапатаў як памятнай мясціны.
Вось некаторыя факты, якія будуць узгадвацца на экскурсіі.
Дзе была адкрытая таямніца ўрочышча?
У артыкуле Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці» (штотыднёвік «Літаратура і мастацтва», 3 чэрвеня 1988 году) першаадкрывальнікі гэтага жудаснага месца масавых забойствах ахвяраў сталінізму выказалі падзяку муляру Ігару Баге (на жаль, ужо сышоў у лепшы свет) і вучням сталічнай сярэдняй школы № 171 Віктару Пятровічу і Алесю Макрушыну, дзякуючы якім у 1988 годзе і была адкрытая таямніца ляснога масіву на паўночна-усходнім ускрайку Мінска.
![kurapaty_ekskursija_zapraszenne_2_logo.jpg kurapaty_ekskursija_zapraszenne_2_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/kurapaty_ekskursija_zapraszenne_2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![29 траўня 2016 году. Апавядае Аляксандр Макрушын 29 траўня 2016 году. Апавядае Аляксандр Макрушын](/img/v1/userfiles/images/kurapaty_ekskursija_zapraszenne_3_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
29 траўня 2016 году. Апавядае Аляксандр Макрушын
Падчас штомесячнага ўшанавання памяці бязвінных людзей, што адбылося ва ўрочышчы 29 траўня гэтага году, Алесь Макрушын апавёў гісторыю 28-гадовай даўніны, калі яны ўтрох 1 траўня 1988 году капалі зямлянку ў магільнай западзіне на адным з схілаў Курапацкай гары і знайшлі парэшткі шматлікіх ахвяраў з прастрэленымі чарапамі. Па інфармацыі маладзёнаў, у лясны масіў прыехалі міліцыянты і супрацоўнік акадэмічнага Інстытуту гісторыі, кандыдат мастацтвазнаўства Зянон Пазьняк. З гэтага моманту і пачалося адкрыццё Курапатаў свету.
Разам з Крамерам і Шулькесам быў забіты Штам?
Пад час паўторных археалагічных раскопак 1997-1998 гадоў на адным з схілаў Курапацкай гары ў магільнай западзіне плошчай 12 квадратных метраў сярод парэшткаў 74 чалавек у трох скураных партманетах былі знойдзеныя квіткі, па якіх ідэнтыфікаваныя персаналіі трох нябожчыкаў. З запісаў у квітках аб часовай канфіскацыі маёмасці вынікала, што былі знойдзеныя, у тым ліку, парэшткі Мойшы Іасеевіча Крамера і Мардыхая Шулькеса. Чыталася дата 10 чэрвеня 1940 года і месца зняволення — астрог у г. Гродна. Найбольш верагодным часам расстрэлу гэтых ахвяраў археолагі лічаць лета — раннюю восень 1940 года.
![Сярод расстраляных, што ляжаць тут, вядомыя прозвішчы трох ахвяраў Сярод расстраляных, што ляжаць тут, вядомыя прозвішчы трох ахвяраў ](/img/v1/userfiles/images/kurapaty_ekskursija_zapraszenne_4_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сярод расстраляных, што ляжаць тут, вядомыя прозвішчы трох ахвяраў
Паколькі вынікі прачытання тэксту з прозвішчам трэцяга расстралянага тады не дайшлі да археолагаў, грамадскасць неаднаразова запытвалася ва ўладаў пра гэтую інфармацыю, вядомую Генеральнай пракуратуры. Аднак яна і па сёння засакрэчвае гэтыя звесткі.
![Мемарыяльная шыльда на месцы забойства Мемарыяльная шыльда на месцы забойства](/img/v1/userfiles/images/kurapaty_ekskursija_zapraszenne_5_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мемарыяльная шыльда на месцы забойства
Нядаўна сябра аргкамітэту конкурсу Алесь Макаў паведаміў, што прозвішча трэцяй ахвяры ўзгадваецца ў артыкуле «Кто и в кого стрелял в Куропатах?», апублікаваным у штотыднёвіку «7 дней» 24 лістапада 2001 году. Аўтары артыкулу — Валянцін Корзун і Анатоль Смалянка — сябры «Общественной комиссии по расследованию преступлений в Куропатах», створанай для дыскрэдытацыі высноў пра забойствы ва ўрочышчы ахвяраў сталінізму супрацоўнікамі НКУС, не толькі назвалі прозвішча трэцяга расстралянага — Штам, але і паведамілі, што імя яго не ўдалося вызначыць.
Грамадству неабходна знайсці дакументальнае пацвярджэнне апублікаваных звестак і паспрабаваць узнавіць вобразы і лёсы трох расстраляных.
Што трэба для дакладнай лакалізацыі гістарычных аб’ектаў у Курапатах?
Удзельнікі экскурсіі пройдуць па той частцы «Дарогі смерці» праз урочышча, па якой ў 30-40-я гады мінулага стагоддзя бязвінных ахвяраў у «чорных варанках» і бартавых грузавіках вазілі з Мінска ў Курапаты на забойства.
![Так зараз выглядае пачатак апошняга ўчастку “Дарогі смерці” Так зараз выглядае пачатак апошняга ўчастку “Дарогі смерці”](/img/v1/userfiles/images/kurapaty_ekskursija_zapraszenne_6_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Так зараз выглядае пачатак апошняга ўчастку “Дарогі смерці”
Вывучэнне гістарычных мапаў і здымкаў, апытанне сведкаў, аналіз адкрытых крыніцаў і візуальны агляд мясцовасці дазваляюць прыкладна лакалізаваць у Курапатах месцы, дзе знаходзіліся не толькі магільныя западзіны, але і іншыя аб’екты гістарычнай тапаграфіі. Гаворка, між іншым, ідзе пра вызначэнне былой трасы драўлянага плоту з варотамі, збудаваных напрыканцы 1937 году для агароджы кавалку глухога бору пад назвай Брод, а таксама гістарычнай трасіроўкі 125-мятровага адрэзку «Дарогі смерці» пасля левага павароту на лясную грунтоўку з Заслаўскай шашы.
![kurapaty_ekskursija_zapraszenne_1_logo.jpg kurapaty_ekskursija_zapraszenne_1_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/kurapaty_ekskursija_zapraszenne_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вышэйшая кропка ўрочышча — Курапацкая гара
Аднак дакладна лакалізаваць сляды агароджы, варотаў, рову, будынкаў аховы, грунтоўкі і іншых матэрыяльных аб’ектаў ва ўрочышчы можна толькі з дапамогай археалагічных раскопак. На жаль, такія даследчыя працы ў Курапатах стануць мажлівыя толькі тады, калі сама беларуская дзяржава будзе зацікаўлена ў адкрыцці праўды пра масавыя палітычныя рэпрэсіі савецкага таталітарызму і ва ўшанаванні памяці бязвінных ахвяраў.
![На гэтым месцы “Дарога смерці” заканчвалася На гэтым месцы “Дарога смерці” заканчвалася](/img/v1/userfiles/images/kurapaty_ekskursija_zapraszenne_7_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На гэтым месцы “Дарога смерці” заканчвалася